Плещеницы.by


Адным з найбольш яркіх абаронцаў Курапатаў стаў Дзяніс Урбановіч, ён бывае ля рэстарана «Паедзем, паядзім» штодня. З 1 ліпеня ён  адбывае адміністрацыйны арышт у Мінскім раённым ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Скарыны, на яго складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў. Яго затрымалі ў Мінску разам з актывісткай Вольгай Нікалайчык, якую таксама асудзілі на 10 сутак арышту за удзел ў пікетаванні рэстарана «Паедзем, паядзім». Некалькі разоў Дзяніс быў проста пад коламі аўтамабіляў, але не прапускаў нікога. Хто ён такі?

На просьбу расказаць пра сябе, Урбановіч пачынае з крымінальнай справы, якую завялі на яго ў 2015 годзе. «Я пасля прэзідэнцкіх выбараў сеў на два гады. За што? Зняў дзяржаўны сцяг над будынкам ў вёсцы Корань ў Лагойскім раёне, дзе праходзіла галасаванне, а яшчэ на шыльдачцы «выбары» напісаў «За празрыстыя выбары». У выніку атрымаў 2 гады. Разам са мной пасадзілі і малодшага брата Максіма, ён некалькі разоў таксама прыязджаў у Курапаты», — расказвае Дзяніс.

Хлопец паўгода сядзеў да суда ў Жодзінскім СІЗА, а астатні час — на «хіміі» ў Мінску. «Гэта было на вуліцы Караткевіча, такая паказальная «хімія», калі што не так, то адразу АМАП, побач часць Унутраных войскаў. Мяне там паставілі на ўлік, як асобу схільную да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці. Вадзілі на працы дворнікам, але мяне стараліся не выпускаць. Чаму два гады? Следчыя мне сказалі, калі гэта выйдзе кудысьці ў прэсу, то я атрымаю шэсць гадоў. Адразу справалі раскруціць, што я рыхтаваў выбухоўку, паліграф я прайшоў. Потым псаванне маёмасці, спыніліся на «Абразе дзяржаўных сімвалаў», — працягвае актывіст.

Пра быт мінскай «хіміі» ён расказвае дастаткова цікавыя рэчы. «Калі быў Дзень Волі ці Маршы недармаедаў, то саджалі ў клетку, бо баяліся, што падыму бунт. Начальнікам нашай «хіміі» быў Талайка Аляксей Пятровіч, дык ён казаў, каб я прадстаўляўся так: «Асуджаны «свядомы» Дзяніс Урбановіч». Мяне там называлі «свядомы». І казаў, каб так прадстаўляўся. Маўляў, ворага трэба заўсёды бачыць. Пастаянна былі нейкія вобшукі».

Па выхадзе на волю Урбановіч далучыўся да партыі Мікалая Статкевіча «Народная грамада». «Выйшаў 29 жніўня 2017 года, а 8 верасня быў ужо на акцыі да Дня вайсковай славы. Цяпер я пад наглядам».

Кажа, што інтарэс да сваёй асобы з боку сілавікоў адчувае пастаянна. «На Новы год мяне затрымалі па аператыўнай інфармацыі, нібыта я збіраюся вывешваць бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай яліне Лагойска, а таксама труціць калодзежы. Мяне закрылі на двое сутак, на судзе далі дзве базавыя за абразу міліцыянтаў».

«Мне 29 гадоў, я родам з вёскі Міхалкавічы Лагойскага раёна. Я сваяк Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага), заснавальніка першай беларускай школы ў Барысаўскім павеце, аўтара «Беларускага лемантара». Я нават жыў у ягонай хаце. Там вісела шыльда, але пры вобшуках у 2015 годзе знялі. Адам Варлыга — мой стрыечны дзядзька. Ягоны брат Казімір Гладкі быў расстраляны ў Курапатах», — кажа, што любоў да мовы ў яго якраз ад Варлыгі і бацькі.

«Вучыўся ў мінскім ПТВ на зваршчыка. Цяпер працу знайсці не магу. У Мінску працаваць не магу, бо знаходжуся пад наглядам, а ў Лагойску ніхто не бярэ. Нават начальнік Лагойскай міліцыі Дзмітрый Мілашэўскі пры мне званіў у калгас, каб мяне ўзялі туды працаваць. Сказалі, што Урбановіча з такімі крымінальнымі артыкуламі не возьмем. Да гэтага працаваў на «Мотавела», а таксама на адной эстонскай фірме. У нас жа ў Лагойску палова земляў належыць Катару, а палова — Ірану. Працу цяжка знайсці», — дзеліцца хлопец.

«Майму бацьку Іосіфу Іосіфавічу 70 гадоў, ён зацяты пазняковец. У хаце нават вісіць партрэт Пазняка, хаця ў партыі не лічыцца. У нас у вёсцы шмат мужыкоў былі за Пазняка, а жонкі іхнія за Лукашэнку. Нас чацвёра дзяцей у сям’і. Бацька гадаваў нас адзін. Бацька працаваў вартаўніком, але была вялікая гаспадарка: свінні, дзве каровы, конь. Нават журналісты прыязджалі, паказвалі. Бацька мяне падтрымлівае, толькі баіцца, што мне дзе-небудзь па галаве дадуць за кутом. Ён бы і сам прыехаў, каб троху маладзейшы быў», — расказвае Дзяніс.

Па ягоных словах, цяпер ёсць пагроза завядзення новай крымінальнай справы. «Нібыта я залез на тэрыторыю рэстарана, абмаляваў там усё. Запалохваюць усё. Я нічога не рабіў».

«Я прыехаў сюды, як толькі даведаўся. Абзваніў усіх сяброў, усіх заклікаў. У мяне тут расстраляны сваяк. Курапаты аб'яднаюць усю апазіцыю. Хоць кадэбэшнікі думаюць, што мы перасварымся, але мы наадварот аб’яднаемся. Курапаты для мяне святыня. Ёсць Бог, а потым — Курапаты», — сканчвае пра сябе аповед Дзяніс Урбановіч.

 

Автра: Зміцер Панкавец
Фота: Воля Афіцэрава
Крыніца: Наша Ніва


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ