Плещеницы.by


 БЕЛАЕ – вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У пісьмовых крыніцах Белае ўпершыню згадваецца ў 1536 г. ў Мінскім ваяводстве. У 1582 г. двор Белае, уласнасць мінскага кашталяна Яна Глябовіча. У 18 ст. ўладанне ксяндзоў хатаевіцкага дамініканскага касцёла. У 1795 г. вёска, цэнтр аднайменнага фальварка, 11 двароў, 47 жыхароў. У 1816 г. 13 рэвізскіх душ мужчынскага полу, уласнасць памешчыка В. Асцімскага ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1833 г. вёска, цэнтр аднайменнага фальварка ў складзе маёнтка Нястанавічы. Паводле інвентара 1846 г. ў фальварку 32 сялянскія душы (15 мужчын, 17 жанчын). У 1886 г. з назвай Белае 3 населеныя пункты: пасяленне Белае, дзе жылі выключна яўрэі, ваколіца і фальварак. У пасяленні размяшчалася яўрэйская школа, у фальварку – хлебазапасны магазін. У 1897 г. 22 двары, 123 жыхары, у фальварку 7 двароў, 57 жыхароў. У 1909 г. у вёсцы 8 двароў, у фальварку 8 двароў, 69 жыхароў. У 1917 г. 14 двароў, 85 жыхароў, у фальварку 12 двароў, 80 жыхароў.
З 20.8.1924 г. вёска ў Запольскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 16 двароў, 91 жыхар, на хутары 18 двароў, 86 жыхароў. Быў створаны калгас імя Валадарскага. У 1941 г. 28 двароў, 112 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 2 двары, загубілі аднаго жыхара, 14 жыхароў вывезлі ў Германію, 13 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце, з 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 47 двароў, 135 жыхароў. На 1.1.2003 г. 81 двор, 219 жыхароў. У вёсцы размешчана цэнтральная сядзіба калгаса імя Валадарскага, Дом культуры, бібліятэка, базавая школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзялене сувязі, магазін.

    Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва  
    Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава
    Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

  

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 406-407

 

 

 Школа. Выгляд з С-З

 

 Школа. Выгляд спераду

 Вуліца аграгарадка

 

 Аддзяленне сувязі

 

 Крама

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фотаздымкі: Ю.Крывашэй

 

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ