Плещеницы.by



ЗАВІШЫНА – вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У 19 ст. сяло, цэнтр аднайменнага маёнтка ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1800 г. 13 двароў, 79 жыхароў, уласнасць памешчыка М. Валовіча. Тут размяшчалася драўляная уніяцкая капліца. У 1816 г. вёска (46 сялянскіх душ), уласнасць Антона Валовіча, пасля яго смерці – жонкі Кацярыны Валовіч і іх малалетніх нашчадкаў Густа­ва і Міхаіла. У маёнтку размяшчаўся бровар. У 1858 г. сяло (67 сялянскіх душ), уваходзіла ў Нястанавіцкую воласць. Меўся касцёл, які ў 1860 г. перабудаваны ў праваслаўную Свята-Мікалаеўскую царкву, яе прыхаджанамі былі жыхары з 9 навакольных вёсак. У 1868 г. працавала царкоўнапрыходская шко­ла. У 1886 г. сяло, 13 двароў, 134 жыхары, у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1897 г. 36 двароў, 261 жыхар. Побач з сялом быў маёнтак, 1 двор, 14 жыхароў. У сяле размяшчаліся хлебазапасны магазін, крама, кузня. У пачатку 20 ст. ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1903 г. ў маёнтку заснава­ны бровар, які належаў М. Фалькоўскай. У 1913 г. уведзены паравы рухавік, працавала 5 рабочых. У сяле дзейнічала царкоўнапрыходская школа. У 1910 г. пабудавана земскае вучылішча, у якім вучыліся дзеці з 4 наваколь­ных вёсак. У 1923/24 навучальным годзе вучыліся 36 хлопчыкаў і 31 дзяўчынка. Навучанне вялося на польскай мове. З 20.8.1924 г. вёска, цэнтр Завішынскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 49 двароў, 236 жыхароў. У маёнтку было 16 двароў, 337 жыхароў. У 1930 г. ў вёсцы створаны калгас «Новы шлях», працавалі ваўначоска, ганчарная майстэрня, вадзяны млын. У 1941 г. 50 двароў, 210 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі 1 двор, 5 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 16 загінулі на фронце, 4 жыхары ў партызанскай барацьбе. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсаве­це. З 15.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 62 двары, 186 жыхароў. На 1.1.2003 г. 94 двары 251 жыхар. У вёсцы размешчана цен­тральная сядзіба калгаса «Шлях Леніна», Дом культуры, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 425

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ