Плещеницы.by


ДАЛЬКАВІЧЫ вёска ў Акалоўскім сельсавеце. Маёнтак Далькавічы згадваецца ў 1540 г. ў сувязі са спрэчкамі паміж саўладальнікамі. У 1-й палавіне 16 ст. двор Далькавічы купіў смаленскі ваявода, мінскі і пінскі стараста Васіль Тышкевіч. У 1567 г. Далькавічы згадваюцца ў попісе войска ВКЛ. У 1570 г. двор Далькавічы Васіль Тышкевіч завяшчаў свайму сыну Юрыю. У канцы 18 ст. ўласнасць дамініканскага касцёла Хатаевіцкай парафіі. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, 41 душа мужчынскага полу, належала памешчыку Іосіфу Каварскаму. У 1858 г. 52 рэвізскія душы мужчынскага полу. У 1865 г. маёнтак, уласнасць памешчыка Івана Кукевіча, які валодаў 1269 дзесяцінамі зямлі, меў 2 карчмы. У 1870 г. вёска, 60 рэвізскіх душ мужчынскага полу маёнтка Далькавічы ў Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Меўся хлебазапасны магазін. Вёска адносілася да Прусавіцкага праваслаўнага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. У вёсцы размяшчалася прыпісная царква Прусавіцкага прыхода. На пачатку 20 ст. вёска, цэнтр Далькавіцкай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 12 далькавіцкіх гаспадарак, што валодалі 294,7 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 29 двароў, 212 жыхароў. У 1910 г. адкрыта земскае народнае вучылішча, для якога ў 1914 г. пабудавана памяшканне. У 1918 г. на базе народнага вучылішча створана пачатковая школа, у якой у 1924 г. вучыліся 107 дзяцей (90 хлопчыкаў, 17 дзяўчынак) з Далькавіч і наваколь-ных вёсак Губа, Чарніца, Забалоцце і засценка Тарасіно. З 20.8.1924 г. вёска ў Прусавіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 42 двары, 184 жыхары. Побач размяшчаўся хутар, 23 двары, 144 жыхары. Быў арганізаваны калгас імя К. Маркса, працавала сталярная майстэрня. У 1941 г. 45 двароў, 180 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 18 двароў, загубілі 5 жыхароў, вывезлі 15 вяскоўцаў у Германію. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 37 двароў, 138 жыхароў. З 30.1.1976 г. ў Акалоўскім сельсавеце. На 1.1.2003 г. 13 двароў, 28 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Іскра» (цэнтр в. Акалова).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 419-420

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ