Плещеницы.by


ГАНЦАВІЧЫ – вёска ў Каменском сельсавеце. У канцы 18 ст. маёнтак у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1811 г. маёнтак, 77 рэвізскіх сялянскіх душ мужчынскага полу, уласнасць князя Ігната Пузыны. У 1833 г. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, 223 рэвізскія сялянскія душы. У склад маёнтка ўваходзілі вёскі Ганцавічы, Слабада і засценак Пагранічча. Агульная плошча маёнтка 2800 дзесяцін зямлі. Кожны сялянскі двор у вёс­ках, апрача засценка, меў 18 дзесяцін зямлі. Асноўным заняткам сялян было земляробства, якое яны спалучалі з вытворчасцю таварнага лесу. У вёсках было распаўсюджана пчалярства. У зімовы час вывозілі лес з лагойскіх лясоў на Плешчаніцкую прыстань. У 1846 г. ў маёнтку 215 сялянскіх душ, улас­насць губернскага сакратара Івана Лапіцкага. На пачатку 20 ст. 22 гаспадаркі ўваходзілі ў сельскую грамаду, якой належала 426 дзесяцін зямлі. У 1909 г. ў вёсцы 51 двор, 557 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 24 жыхары. У 1917 г. ў вёсцы Старыя Ганцавічы 63 двары, 365 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска, цэнтр Ганцавіцкага сельсавета Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. ў вёсцы Ста­рыя Ганцавічы 71 двор, 311 жыхароў. У вёс­цы створаны саўгас. У 1932 г. працаваў торфазавод, сталярная майстэрня. У 1929 г. лесапільня, паравы млын. У Вялікую Айчын­ную вайну ў чэрвені 1943 г. гітлераўцы знішчылі 80 двароў і загубілі 145 жыхароў, 8 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 10 загінулі на фронце, 11 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі ў чэрвені 1944 г. загінулі 2 савецкія воіны. У 1969 г. 68 двароў, 232 жыхары. На 1.1.2003 г. 37 двароў, 74 жыха­ры. Магазін. Вёска ў складзе калгаса «Кас-трычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 414

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ