Плещеницы.by


 

 

 Здание Нестановичского c/c. 

 

 

 

ВЯЛІКІЯ НЯСТАНАВІЧЫ – вёска, цэнтр Нястанавіцкага сельсавета. У 16 ст. Нястанавічы (Нястанішкі) упамінаюцца як цэнтр аднайменнага маёнтка ў Мінскім паве­це і ваяводстве. У 1559 г. ў вёсцы 36 дымоў, 27 служб, 41 селянін, з якіх 19 былі отчычы і 22        вольныя. У 1567 г. вёска ўпамінаецца ў пoпice войска ВКЛ як сяло, шляхецкая улас­насць. У 1594 г. ў сяле 147 сялян. У 1799 г. вёска, цэнтр аднайменнага фальварка, 14 двароў, 73 жыхары, вадзяны млын на р. Горбаўка. У 2-й палавіне 18 ст. сяло, уласнасць дамініканскага касцёла. У 19 ст. маёнтак, які складаўся з фальваркаў Нястанавічы, Белае і вёскі Прагой, належаў памешчыкам Асцімскім. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска, 78 душ мужчынскага полу, уласнасць Б. Асцімскага. У 1833 г. ў вёсцы 106 рэвізскіх сялянскіх душ, у маёнтку 308 рэвізскіх сялянскіх душ. Паводле інвентара 1846 г. вёска, 21 двор, 256 жыхароў, уласнасць Асцімскіх, якім належалі 959 дзесяцін зямлі і 281 сялянская душа. У маёнтку меўся вадзяны млын і бровар. У 1870 г. вёска, 92 сялянскія душы мужчынскага по­лу, цэнтр маёнтка Нястанавічы, уласнасць Рудольфа Асцімскага ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, меўся хлебазапасны магазін. У 1886 г. 25 двароў, 134 жыхары. У 1909 г. ў вёсцы 32 двары, 191 жыхар, адчынена народнае вучылішча, у 1913 г. для яго пабудаваны ўласны будынак. З 20.8.1924 г. веска ў Завішынскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. На базе народнага вучылішча створана школа, у 1923 г. ў ёй дзейнічаў драматычны гурток. У 1924 г. ў школе вучыліся 179 дзяцей з 5 навакольных населеных пунктаў. У 1926 г. 64 двары, 301 жыхар. Быў створаны калгас «Парыжская камуна». У 1941 г. 57 двароў, 187 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 2 жыхароў, 11 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 25 вяскоўцаў загінулі на фронце, адзін жыхар у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі ў 1944 г. загінулі 13 савецкіх воінаў. З 16.7.1954 г. ў выніку аб’яднання, Завішынскага і Запольскага сельсаветаў вёска стала цэнтрам Нястанавіцкага сельсавета, з 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 61 двор, 197 жыхароў. На 1.1.2003 г. 40 двароў, 81 жы­хар. Вёска ў складзе калгаса «Шлях Леніна» (цэнтр в. Малыя Нястанавічы).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 412

 

           Ёсць куток на зямлі

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ