Плещеницы.by


БУДЗЕНІЧЫ вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У пісьмовых крыніцах згадваецца як маёнтак у 16 ст. У 1525 г. ў адмаўленчым запісе княгіня Еўдакія Мажайская адмаўлялася ад трэцяй часткі маёнтка Будзенічы на карысць віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1-й палавіне 16 ст. буйны феадал Васіль Тышкевіч купіў за некалькі тысяч коп грошаў у сваёй жонкі княгіні Аляксандры Чартарыйскай і яе сястры сёлы, сярод якіх былі Будзенічы. У 1570 г. В. Тышкевіч завяшчаў Будзенічы свайму сыну Астафію. У 1876 г. маёнтак належаў памешчыцы Тэрэзіі Булгак, якая валодала 796 дзесяцінамі зямлі. Тут размяшчаліся 2 карчмы і вадзяны млын. У канцы 19 ст. вёска ў Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1897 г. у вёсцы 18 двароў, 127 жыхароў. У 1905 г. 153 жыхары, якія мелі 121 дзесяціну зямлі. Побач размяшчалася лясная старожка Будзенічы графа Тышкевіча – 1 двор, 6 жыхароў. У 1917 г. 24 двары, 102 жыхары, у Крайскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, на хутары 1 двор, 4 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Завішынскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 26 двароў, 95 жыхароў. У 1941 г. 14 двароў, 56 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі 4 двары, загубілі 5 жыхароў, 2 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 4 вяскоўцы загінулі на фронце, 2 жыхары ў партызанскай барацьбе. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. З 15.12.1962 г. ў .Лагойскім раёне. У 1969 г. 15 двароў, 45 жыхароў. На 1.1.2003 г. 5 двароў, 11 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Шлях Леніна» (цэнтр в. Завішына).

 

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 407-408


 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ