Плещеницы.by



АМНІШАВА – вёска ў Задор’еўскім сельсавеце. Упершыню згадваецца ў дакументах паміж 1440 і 1447 гадамі. У канцы 18 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, уласнасць Іосіфа Корсака ў Мінскім ваяводстве. У 1795 г. па фундацыі Юзафа і Анелі Корчакаў быў пабудаваны касцёл. Паводле рэвізіі 1811 г. ў вёсцы 46 душ мужчынскага полу, касцёл. Вёска была цэнтрам аднайменнага ма­ёнтка ў Амнішаўскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1833 г. 817 рэвізскіх сялянскіх душ (389 мужчын, 428 жанчын). У склад маёнтка ўваходзілі 3 фальваркі і 7 вёсак. У маёнтку меліся млын, бровар, піваварня. У 2-й палавіне 19 ст. пабудавана мураваная праваслаўная царква. У 1867 г. уласнасць барона фон П.Я. Фелькерзмана, яму належала 1550 дзесяцін зямлі, 2 млыны, карчма. Ва ўсходняй частцы вёскі на могілках была пабудавана капліца, адносілася да парафіяльнага вясковага касцёла. У 1867 г. касцёл быў перароблены на праваслаўную царкву. У 1870 г. вёска, 16 сялянскіх душ мужчынскага полу, у складзе аднайменнага маёнтка ў Восаўскай воласці. У 1886 г. сяло, былое ўладанне, 5 двароў, 40 жыхароў, раз-мяшчалася прыпісная царква. На пачатку 20 ст. сяло, цэнтр сельскай грамады, у якую ўваходзілі 7 гаспадарак, што валодалі 84 дзесяцінамі зямлі, у Восаўскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1909 г. у вёс­цы 6 двароў, 89 жыхароў, у маёнтку 5 двароў, 17 жыхароў. У 1917 г. у вёсцы 13 двароў, 77 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 40 жыхароў. 3 20.8.1924 г. цэнтр сельсавета Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, 29.9.1926 г. рэарганізаваны ў нацыянальны польскі сельсавет, з 9.6.1927 г. Плешчаніцкага раёна Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці, 26.5.1935 г. сельсавет ператвораны ў беларускі. У 1926 г. 659 жыхароў, побач з вёскай размяшчаўся 1 пасёлак, 10 двароў, 43 жыха­ры. У вёсцы створаны калгас «Чырвоны штандар». У 1932 г. пачаў дзейнічаць смалакурны завод імя Сталіна, працаваў вадзяны млын. У 1941 г. 24 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну ў маі 1943 г. гітлераўцы спалілі 39 двароў, загубілі 18 жыхароў, 18 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 13 загінулі на фрон­це. У баях з захопнікамі ў 1943 г. загінулі 3 партызаны, 1 савецкі воін загінуў у ліпені 1944 г. З 16.7.1954 г. ў складзе Задор’еўскага сельсавета. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 41 двор, 162 жыхары. На 1.1.2003 г. 8 двароў, 12 жыхароў. Вёска ў складзе кал­гаса «Лонва» (цэнтр в. Засоўе).

Аўтар: В.В. Віталёва

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 402


Амнишево (Родны край, 2009)

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ