Плещеницы.by


 

Вершы Валерыя Максімовіча

 

 Паэт Валерый Максімовіч

 

Пералік вершаў у алфавітным парадку, якія прыведзены на гэтай старонцы:

 

Астравок маленства

Балада памяці

Балада сэрца

Без цябе

Журавы вяртаюцца

Лодка

Мая восень

Мой вырак

Мой настрой

Мой свет

Мройны малебен

На мяжы дзяцінства

На хутары былым

Над вершам нізка галаву схіляю

Не напрасно закаты горели

Осенняя ностальгия

Падбадзёрлівы вецер

Пачуй мяне

Прага любові (паэма)

Прасветлае

Праўда зерня

Размова з маці

Речитатив

Роднаму краю

Роснажнівеньскі зарапад

Рэквіем па няспраўджаным дзяцінстве

Рэха

Святло зарніц

Спавядальнае

Трыялет

Уладзіміру Караткевічу

Фантасмагория любви

 

 

 

Астравок маленства

 

Я плынь гадоў адужаць не бяруся

Зямны свой шлях наноў мне не пачаць.

I толькі ў марах трапяткіх імкнуся

Да астраўка маленства веславаць.

 

Святлынны час! Істотаю усёю

Я прагну затрымаць-спыніць цябе.

I дзе б ні быў заўсёды ты са мною...

...У радасці ціхуткай і ў журбе.

 

Прайдуся я па роснай лугавіне,

Дзе квецень траў мурожных зіхаціць,

І ўвёсь цяжар гадоў ураз адхлыне,

I ў сэрцы вір гаючы забруіць.

 

Жыцця майго зямная пуцявіна —

Блакіту шыр, аблокаў лёгкіх бель...

І зычны клёкат на страсе бусліны,

I бэзавы под вокнамі агмень,

 

Хай будзе ўсё навекі блаславёна,

Усё гатоў люляць у сэрцы я —

Даверліва, пяшчотна, улюбёна

Да нематы, да самазабыцця.

 

Нязменна слаўлю час пары світальнай

I гожы вечаровы слаўлю час.

Ды толькі не адчайнае расстанне.

Што скрушнай цемрай спавівае нас...

 

Дзівосна пахкім летнім адвячоркам

Далёкі водсвет памяць ўскалыхне...

А на душы не сумна і не горка, —

Ад светлых згадак супакойна мне.

 

I хоць гадоў бярэмя не адужаць

Усё ж аб тым не трэба гаравацъ.

Давай з тобой, мой незабыўны дружа,

Да астраўка маленства веславаць.

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” (ЛіМ). №10. 7 сакавіка 2008 года

 

 

Балада памяці

 

Прысвячаю маёй бабулі Дубаневіч Антаніне Антонаўне і майму дзядзьку Волаху Дзмітрыю Антонавічу, які загінуў пад Масквою ў 1941 годзе.

 

... А ён не прыйшоў

і не прыйдзе ніколі,

Загінуў дзесь там,

пад Масквой,

без пары.

Не даў,

не судзіў яму Бог іншай долі,

У полі палынным

галосяць вятры.

 

А маці сыночка з вайны ўсё чакала,

Глядзела нязводна туды,

на усход...

Як ведаць было ей,

што Міці не стала

У той сорак першы

апалены год?

 

Ах, клятая куля,

шалёная куля

Прабіла гарачае сэрца яму.

I толькі ў трывозе бяссоннай

матуля

Шаптала малітву сыночку свайму.

 

Умольна, слязліва прасіла у Бога,

Каб толькі жывым

сын вярнуўся з вайны.

Ды вымаліць ей

не ўдалося нічога

Сярод анямелай начной цішыні.

 

Ах, клятая,

тройчы праклятая куля

Прабіла гарачае сэрца яму...

Нястомна шаптала начамі матуля

Малітву забітаму сыну свайму.

 

А ён не прыйшоў

і не прыйдзе ніколі,

Загінуў дзесь там,

пад Масквой,

без пары...

Ды толькі наўзрыд

ад пякучага болю

У полі палынным

галосяць вятры.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Балада сэрца

 

 

У свеце глухім — адно, —

Болем нясцішным скутае,

Бецца, бецца яно,

Сэрца, нікім не пачутае.

 

Бюць у яго перуны

Ўсцяж бліскавічна, бязлітасна, —

Ніякай не меўшы віны,

Сэрца не просіць літасці.

 

Вые-скуголіць звяр’ё

Дзікая хеўра драпежная, —

Точыць клыкоў вастрыё

На сэрца — дзіцятка няўлежнае.

 

Сэрцайка б’ецца ў грудзях

Птахам — спалошна, адчайна.

Здаецца, наступны ўзмах

Стане апошнім, расстайным...

 

Як набрыдзі ўсёй вартавы

Ашчэрыўся шквал пячорны

На пошасці і крыві

Варожаць малохі-жорны.

 

У страшнай і злой кляцьбе,

У лютую сцюжу-завею,

Сэрца мае, цябе

Жарам любові сагрэю.

 

Над куляю вечнай зямной

Не рвіся ў слату начную.

Ведай, што ты — не адно, —

Я цябе чую... Чую...

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

Без цябе

 

Ах, колькі дзён мінула і начэй,

А памяць праз смугу гадоў вяртае

У вабны свет прымружаных вачэй,

У квецень палымнеючага маю.

 

Ізноў я сэрцам там, у той вясне,

Зноў згадак рой суздром мяне агорне...

Ты падасі руку насустрач мне

I станеш непадманліва пакорнай.

 

А потым будзе ўсё, бы ў мройным сне:

Над чарамі нябачнага факіра

Нас легкавейны ветразь аднясе

У невымоўны і жаданы вырай.

 

Я помню, помню, любая, калі

Два нашы сэрцы біліся суладна

I два крылы нас спеўна паднялі

Над вечнасцю спакусна-неагляднай...

 

Вачэй сузор’е зацярушыў снег...

Мне горка і балюча да адчаю...

А памяць безнадзейна ўсё імкне

Да той вясны, да кветкавага маю...

 

Ды без цябе я адзінокі птах:

З адным крылом у неба не падняцца...

Іду, самотны, па тваіх слядах,

Каб на пустэльны бераг не вяртацца.

 

Крыніца:  часопіс "Роднае слова".

 

Журавы вяртаюцца

Палеская рапсодыя

 

Вяртаюцца з выраю журавы,

Абшары з вышынь аклікаючы, —

I ўраз ажывуць ля ракі паплавы,

Гасцей прычаканых вітаючы.

 

Стаю я на быльняговай мяжы,

Курлыканием спрэс агалошаны,

А знекуль нахлыне ўміг, набяжыць:

«Не ўсе сенажаці скошаны...»

 

У полі зжаты не ўсе жыты

Раскашуюць адны калючыны:

Быльнёг, дзядоўнік, палын густы

I пырнік, вятрамі скручаны.

 

I бачыць балюча маім вачам

Хаты ачэзла-пустэльныя,

Дзе песні больш ужо не гучаць

Hi радзільныя і ні вясельныя.

 

Доўгачаканыя журавы!

Птахі мае пералётныя!

Не вечнасці вы пасланцы — вы

Дўшы, мне кроўна родныя.

 

Душы, што з немачы, з небыцця,

З крыку, ў адчаі зляцелага,

Рвуцца нястрымна, на крылах ляцяць

Да краю, ушчэнт збалелага,

 

Каб не ссамоціліся зусім

У адзіноце, у самасці

Тыя, каму невыносна адным

Без жураўлінай адданасці...

 

Неба бялюткія берагі

Крыкам усцяж агалошаны...

А ўсё ж шкада, што не ўсе лугі,

Не ўсе сенажаці скошаны.

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

Лодка

 

Бязлюдную лодку на хвалях гайдае, —

Управа скіруе, улева знясе,

Ударыць адна, паднапружыць другая —

Да берага лодку ніяк не прыбе.

 

I лодка ціхмяная, лодка пустая

Кружляе пакорна, плыве па вадзе...

I ведаць бы мне, што за сіла такая

Яе па тым звілістым шляху вядзе.

 

Ці ёй усё роўна, ці ўсё ж ёй балюча,

Што вырвацца з плыні не можа ніяк?

Які гэта шлях ёй — пякельны? гаючы?

Пагібелі ці паратунку ён знак?

 

Ды толькі паволі на роўнядзі воднай

Знікае няўзнак тая лодка з вачэй...

I мне падалося: на сэрцы маркотным

На хвілю ўсяго, але стала лягчэй...

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Мая восень

 

Восенъ неўзаметку, ціха сцеле

Зноў кілім пярэсты свой наўсцяж.

Сёння я нібыта захмялелы,

Поўны трапяткога пачуцця.

 

Не тужу аб нечым незваротным,

Не шкадую дзён, што ў даль сплылі.

Мне да болю невыказна-родным

Стала ўсё жывое на зямлі.

 

Ці то ліст на дрэве страпянецца,

Ці то шолах пройдзе у палях,

Кожная праява адгукнецца

Радасцю шчымлівай у грудзях.

 

Я спокойным быць цяпер не ў стане

Кожны зрух тут позіркам лаўлю.

Светлае прыроды паміранне

Назіраю нібы ўпершыню.

 

Скошаны лугі і зжаты нівы,

А высока ў небе, угары

Ўсё стаіць-плыве такі тужлівы

Развітальны жураўліны крык.

 

I услед за птахамі маімі,

Падалося, далі паплылі...

Толькі восень неўпрыкмет кілімы

Слала на усёй як ёсць зямлі.

 

............................................................

 

Не тужу аб нечым незваротным,

Не шкадую дзён, што ў даль сплылі...

Дык чаму мне, як ніколі, родным

Стала ўсё дарэшты на зямлі?

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” (ЛіМ). №10. 7 сакавіка 2008 года

 

 

Мой вырак

 

А дні праходзяць чарадой

Скрозь непрыступныя цянёты, —

 I адчуваю ўсёй істотай

Я незваротных дзён сувой.

 

I тчэцца вечнасці радно

У сцюжных днях і днях спякотных, —

I пю я горкую маркоту

З пітвом салодкім заадно.

 

То блісне радасці крыло,

А то віхор ліхі ўзаўецца —

I на тугую гронку сэрца

Глядзіш — і снегу намяло.

 

I ўраз драконы-крумкачы

Паўсюль зларадна завіжуюць —

Сабе здабычу ўміг пачуюць

З-пад брудна-шэрых аблачын.

 

I ціха зойдзецца душа

У невымоўна-слотнай скрусе

I я ў кагоры раз бяруся

Яе пакутна ўваскрашаць.

 

Бяруся я адчайна зноў

Уратаваць яе ад подлых —

Калючых, жорсткіх і халодных

 Нерастапляльных ледзяшоў.

 

Уратаваць! Мне вырак ёсць

Ад сіл зямных і сіл нябесных:

Журботна-светлай сваей песняй

Утаймаваць людскую злосць,

 

I нескаронаю душой

Прыспешыць немачы адхланне,

I славіць птушак шчабятанне,

I неба сінь над галавой.

 

Таму я пэўны: будуць жыць

I мой вячыста-белы будзень,

 I вы, спагадлівыя людзі,

Якіх мне Бог паслаў любіць.

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

Мой настрой

 

...А настрой гнятлівы, бы асенні:

Кроплі-пухіры — на гладзі луж.

I сланяюся я шэрым ценем

Без радзінных, дарагіх мне душ.

 

Нібы ў прадчуванні занямелым

Восень стала пасярод вясны,

I па ўсёй зямлі, па свеце белым,

Чутна, як набатна бюць званы.

 

Бюць званы з высокае званіцы

Рэхам у нябёсах аддае...

Я хацеў набожна памаліцца

Прасвятое веры не стае.

 

Хтось маю юначую адвагу

На лясы-выжарыны пусціў

I душу маю, як песню-сагу,

У купелі іншай ахрысціў, —

 

Назаўсёды лёс мой перайначыў

I тугой няўцешнаю спавіў, —

Нібы я анёлам быў, няйначай,

Ды ў віры пажады саграшыў.

 

Трэба — я гатоў пайсці на плаху

I ў баі гатоў упасці ніц,

Толькі перад тым мне вольным птахам

Пралунаць бы над святлом зарніц.

 

Толькі б развітальна падзівіцца

На красу вясёлкавай дугі,

Глянуць, як вясенняя вадзіца

Абмывае неба берагі.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Мой свет

 

Ізноў мяне павабіць за сабой

Майго жыцця дарога заклікальна, —

I рушу я — няўмольна і адчайна —

У новы шлях імкліваю хадой.

 

Ах, свеце мой, скажы мне, з даўніх дзён

Куды вядуць усе твае дарогі,

Што вечнаю надзеяй і трывогай

Бяруць у непазбыўны свой палон?

 

Яшчэ, прашу, мне адкажы, уваж,

Куды мая сцяжынка шпарка ўецца?

Чаму на сэрцы тое адаб’ецца,

Што толькі прывід мройлівы, міраж?

 

Сцяжыначка жыцця майго бяжыць,

А я няўхільна ў сэрцы сваім грэю,

Па ўсім відаць, дарэмную надзею —

Сам-насам, свет, з табой пагаварыць.

 

I ўслед крычу: «Спыніся, пачакай,

Дазволь жа перавесці ледзьве дух мне.

Нічога ад таго, дальбог, не рухне...

Ну дай жа адпачыць хоць крышку, дай!..»

 

Але маўчыш ты, свеце ясны мой,

Нібыта слоў маіх зусім не чуеш,

А я з табой і днюю, і начую,

I заранкую акурат з табой.

 

На бітых і нязведаных шляхах, —

Твой пілігрым, — удзячны я бясконца

За тое, што жыву, што свеціць сонца,

I за слязу скупую на вачах...

 

Не ведаю, чаму з нядаўніх дзён

Хвалюе моцна дзень твой, свеце, кожны...

I хоць на сэрцы часам і трывожна

За ўсё табе я нізкі шлю паклон.

 

Вітаю сэрцам шчасную пару —

Час пасяўны і жніўны, умалотны.

I на зямлі таму я не самотны,

Мой свеце, што з табою гавару.

 

Калі ж зноў заклікальна пазаве

Туды, за небакрай, мяне дарога —

Па ей я крочыць буду да знямогі...

Пакуль жыву — датуль мой свет жыве.

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

Мройны малебен

 

За часу імглой неаслабнай.

За прывіднай мітуснёй

Знічкай жадана-прывабнай

Ўстаеш ты перада мной.

 

Як спеў жаўруковы над полем,

Як лёгкі узмах крыла —

Патоляй маёй і болем

Ты для мяне была.

 

Цябе я мілосна песціў,

Пяшчотаю ахінаў.

Была ты чароўнай песняй —

Найлепшай з усіх, што знаў.

 

Мой сон, ты не адасніся

Застанъся навек са мной.

Імгненне, прашу, спыніся,

Вярні месяцовасць мрой,

 

Усцеш ты маю самоту

Балесны мой успамін. ...

Да скону свайго употай

Любіць мне цябе.

Амін.

 

Крыніца:  газета “Літаратура і Мастацтва” (ЛіМ). №10. 7 сакавіка 2008 года

 

 

На мяжы дзяцінства

 

Мяжу на полі я згадаў няўзнак,

Мяжу з майго далёкага дзяцінства

Як сімвал не падзелу, а адзінства,

Як існа Боскі паяднальны знак.

 

Я помню, рос рабінаў дружны рад

На той мяжы шырокай,

густатравай.

Для хлапчукоў малых было забавай

Да тых рабін хадзіць, нібыта ў сад,

 

Што зелянінай скрозь раскашаваў

I ўвесь гарэў у полымі чырвоным.

Свіціліся скрозь сонца дзіўна кроны

I ліст лісту

аб чымсьці ўсё шаптаў...

 

Я падбіраўся, тут калі бываў,

Да жакаўкі высока па галінах

I назіраў падоўгу ў небе сінім,

Як караван аблокаў праплываў.

 

Сам-насам доўга ў марах сваіх плыў

У марах і трывожных, і святляных.

І ўпершыню, мо і занадта рана,

Слязінку гаркатную прараніў.

 

Ах, ты мая дзіцячая душа,

Як я цябе, гаротную, шкадую!..

Здаецца, і сягоння боль твой чую

I кліча мяне тая зноў мяжа...

 

I я лунаю зноў ля тых рабін

У мроях сваіх светлых

і тужлівых

Такі няшчасны і такі шчаслівы.

Я там душою, там я не адзін.

 

Нягаснучы рабінаў ланцужок

У сэрцы маім зорыста свіціцца,

Як Млечны Шлях,

з якога мне не збіцца,

Бо ён са мной,

ён мой жыцця выток.

 

Таму й згадаў я, дружа, нездарма

Рабіны на мяжы майго дзяцінства

Як незамглёны часам

свет-адзінства,

Як мой нікім не расчытаны знак.

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” №51 за 19 снежня 2008 г. – С. 8

 

Паэт Валерый Максімовіч

 

На хутары былым

 

На хутары, дзе я даўно не быў,

Шыпшына расквітнела на дварышчы, —

За столькі год ніхто яе не знішчыў

I куст паўсюль атожылкі пусціў.

 

I запалаў шыпшынавы касцёр

У зелені святляна-прамяністай,

Нібы пунсова-яркія маністы

Сабою разуквецілі ўвесь двор.

 

Старыя ліпы на краі двара

Даўжэзныя раскінулі галіны.

I зноў шумяць набатна вершаліны

Гукае рэха песню званара...

 

Як веры даць? — калісь жыццё і тут

Людское віравала, покуль бура —

Бязлітасная шквальная віхура —

Не ссіраціла гэты ціхі кут.

 

I змоўклі песні-казкі назаўжды,

I сціхлі галасы жанок у полі.

Не сеюць жыта людзі ўвесну болей,

Не лічыць ім зязюля ўжо гады.

 

На месцы хат — падмуркі-камяні,

А побач — склеп, што ямаю зрабіўся

I шчавуком шыракалістым сшыўся,

I сцены скрозь свідруюць карані...

 

Ды толькі раптам падалося мне,

Што я, хлапчук — малы, русавалосы —

Бягу па сенажаці роснай босы

I людзі сустракаюць тут мяне.

 

Не проста людзі, а — гаспадары:

Касяк, Станкевіч, Волах, Дзевятлоўскі,

Смаленскі, Дубаневіч і Рагоўскі —

Сышліся на Манякавай гары.

 

Каму з іх сын, каму я родны брат,

Мне зразумець, малому, не пад сілу.

Ды чую: ветры ўміг загаласілі —

I чорныя крыжы паўсталі ў рад.

 

I празвінеў хаўтурны знекуль звон

Няўмольным і жахлівым прыгаворам, —

I, да крыжоў прыкутыя, сямёра

Спаткалі тут пакутніцкі свой скон.

 

А я здранцвеў, як бы ў зямлю урос.

I, сціснуўшы рукамі моцна скроні,

Глядзеў на іх крывавыя далоні,

Прабітыя цвікамі — ўсе, наскрозь.

 

Я скалануўся і — загаласіў,

Нібыта цвік прабіў няўзнак далонь мне,

Каб я заўсёды іх пакуты помніў,

Каб за пакуты тых людзей любіў...

 

Калі ж я апрытомнеў — нада мной

Усё яшчэ свяціла ярка сонца

I над блакітнай далеччу бясконцай

Стаяў вячыста-казачны спакой.

 

I думаў я: «Дзе праўды ўсёй выток,

У чым яно, зямное суцяшэнне?..»

Ды толькі як літанне, як збавенне

Усё палымнеў шыпшынавы грудок.

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

 

***

 

Над вершам нізка галаву схіляю,

А да грудзей прыкладваю далонь

Нібыта з сэрца боль свой адрываю

І ў ненажэрны кідаю агонь.

 

Ніколі не суцішыць боль мне гэты,

Радком не загасіць яго ані.

Давеку буду я, дальбог, сагрэты

Тым болем, што віхурыцца ў агні.

 

Крыніца:  часопіс "Роднае слова".

 

 

*   *   *

 

Не напрасно закаты горели,

Пламенея пожаром в крови:

В мое сердце сегодня влетели

Искры самой счастливой любви.

 

Я от глаз твоих радость не прячу

Льется песней веселья поток.

Понимаю теперь: вот что значит

Счастья море, а горя глоток!

 

Рассыпаются звонкие искры,

Яркой радугой в каждом смех,

И мне хочется в вальсе быстром

Закружить и себя, и всех.

 

Если сердце да в чьем-то сердце,

Если искры в другом огне...

Ну, попробуйте-ка измерьте,

Сколько счастья сейчас во мне!

 

И, конечно, совсем не напрасны

Смех — из сердца, а слезы из глаз.

Жить на свете всегда прекрасно,

Если что-то прекрасно в нас.

 

Источник: газета “Интеграл”. 3 ноября 1983 г.

 

 

Осенняя ностальгия

 

Покинув здешние края,

Забыв про вешние метели,

Все птицы в осень улетели —

О них скорбит душа моя.

 

А может, это их мечта

На крыльях взвеянных умчала?..

А я гляжу все вдаль устало,

До боли прикусив уста.

 

И неба синь, и отчий дом

Возникли предо мною зримо.

И я, шальной, неутомимо

Бегу по лужам босиком...

 

А годы улетают вдаль,

И время безоглядно мчится.

Что было — вновь не повторится,

И все же — Боже мой! — как жаль,

 

Как больно это сознавать,

Еще больней — о чем-то грезить...

Мне осень набросала меди,

Которую не разменять.

 

Не повторится, не придет

Ни враг мой и ни друг желанный,

И лишь осенний лист случайно

В мой дом озябший занесет.

 

Крыніца: часопіс “Нёман”. №4. 2009. – С. 90-91

 

 

Падбадзёрлівы вецер

 

Ад былога, здаецца, няма ўжо і следу...

Толькі, ведаеш, маю такі вось настрой,

Што мне хочацца вельмі цябе зноў праведаць,

Як калісьці пабыць на самоце з табой.

 

I хоць сёння, на жаль, мне даўно не семнаццаць

I гады, што мінулі, ужо не вярнуць,

Ўсё ж хачу табе сэрцам я паспавядацца,

У васільковыя вочы твае зазірнуць.

 

Можа, і не адкрыю вялікіх сакрэтаў,

I грахі свае споведдзю не замалю, —

Маё сэрца каханнем маёвым сагрэта

Я люблю, безнадзейна цябе люблю.

 

Падаецца мне, я незнарок пажыццёва

Моцна звязаны ніццю нябачнай з табой.

Так жадаю пачуць твае цёплыя словы,

Што заўжды навявалі гаючы спакой!

 

I бясконца гукаю былога праявы,

Прагну сэрцам вяртання часін дарагіх.

I, здаецца, нібы адчуваю наяве

Слодыч хмельна-прывабную вуснаў тваіх...

 

Замяло наша шчасце лістотай, снягамі.

Толькі памяць трымае ў абдымках сваіх

Toe неба — заранкавае — над намі,

Прамяністае неба — адно на дваіх.

 

Летуценю ізноў... Як раней, летуценю

I пад шэпт таямнічы вячорыстых рос

Чую сэрцаў усіх закаханых трымценне,

Што нястрымна імкне да высокіх нябёс...

 

Зноў дыхнуў на мяне падбадзёрлівы вецер

I падняў мой гнятліва-журботны настрой.

Ах, як хочацца зноўку цябе мне праведаць,

Як калісьці пабыць на самоце з табой.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Пачуй мяне

 

Можа, сэрца я тваё параніў –

Ненаўмысна лёс твой перайначыў, –

І самотным птахам у расстанні

То спяваю голасна, то плачу.

 

Свае словы, нібы пёркі крылаў,

Безнадзейна ў роспачы губляю,

І ў глухім адчаі, што ёсць сілы,

Я крычу і сэрцам прысягаю.

 

Знаю: ці то зорнаю расінкай,

Ці то пухам белым лебядзіным

Растаплю я ўсе твае ільдзінкі –

Стану табе верным і адзіным.

 

* * *

 

На беразе сваёй надзеі,

У незагоенай журбе

Твой воблік светлы ў сэрцы грэю

Гукаю-клічу я цябе.

 

Хаджу, нібы зачараваны,

У чарадзе начэй і дзён,

I перарваць-спыніць не ў стане

Я неабудны гэты сон.

 

Мне б, улюбёнаму ў нябёсы,

Усю, як можна, моц сабраць

I над тваім няўмольным лесам

Хоць раз жар-птушкай пралунаць.

 

Крыніца:  часопіс "Роднае слова".

 

 

Прага любові

 

Паэма

 

1

 

Чым болып жыву, тым больш карціць спазнаць

Мне шчасце таямнічае людское —

Вялікае яно або малое,

I як яго, урэшце, называць?

 

Што шчасце ёсць і дзе яго шукаць —

У лесе цёмным ці у чыстым полі?

I ці змагу калі, ці ўсцешна здолю

Яго сваім я шчасцейкам назваць?

 

Паэт сказаў (а можа, мой сабрат?):

«Пём за мілосць! Астатняе ўсё — марнасць...

Ёсць чалавечых сэрцаў салідарнасць

I закаханых душ маёвы сад».

 

Ах, мой паэце мілы, браце мой,

Ты гэтак, як і я, рамантык дзіўны,

Бо што ні дзень для нас — то незабыўны,

I праўдай асвячоны, і маной.

 

Бо ты — паэт, душа твая — без дна:

Яна бясконца плача і смяецца,

Пакутуе, чакае, спадзяецца,

Бо ёй тужліва, бо яна — адна.

 

2

 

Ды хто з нас, мілы Божа, не любіў

Натхнёна, безнадзейна, летуценна?..

 I нават быў калі ў палоне ценяў —

Ён самы найшчаснейшы ў свеце быў.

 

Хто будаваў штодня у сэрцы храм

I хто яго затым ушчэнт разбэрсваў,

Той шкуматаў не проста свае нервы —

Адчайны выклік кідаў ён багам.

 

I хто штодня канаў і ўваскрасаў,

I ў кім шалёна жарсці віравалі —

Таго вятры сляпыя не зламалі,

Той сэрцам і душой чысцейшы стаў.

 

Хоць што з таго, саколікі мае,

Я з вечнасцю сам-насам размаўляю,

I словы пачуццёва прамаўляю

Адно кахання сэрцу не стае.

 

Здаецца — ў ім ці то віруе вір,

Ці то булькоча агнявая лава,

Што спапяляе і пячэ крывава,

Усчаўшы ў сэрцы несусветны пip,

 

Які мне аніяк не ўтаймаваць,

I не спыніць казаннем малітоўным...

То сцішыцца, то выбухне раптоўна

Майго кахання несвятая раць.

 

Дый я зусім, мой браце, не святы.

Як шмат хто з нас, я — «паняты прыгоства»,

Бо толькі той жыццё адчуе востра,

Хто у палоне вечнай пекнаты.

 

I светла, і пакутна з гэтым жыць —

I вой я мужны, і — зрэдчас — нябога...

Ды прыгажосць, нібы самога Бога,

Наканавана мне заўжды любіць.

 

3

 

Пакуль жыву — датуль жыццё прашу

Дазволіць саграшыць мне ў раз апошні.

Даруй мне, Божа, я — твой мніх набожны —

Вялікі грэшнік, бо спадволь грашу.

 

Святы твой грэшнік я — на ўсе часы.

Ды ўсё ж ты не карай за гэта строга —

Мяне заўжды вядзе Твая дарога

I клічуць клічам жытнім каласы.

 

Ільецца спеў хвалюючы ў палях...

I нейкая панадная чароўнасць,

Як знекуль прычаканая раптоўнасць,

Успыхне светлым болем у грудзях.

 

4

 

О, гэты боль пякельны з даўніх дзён

У сэрцы неспатольным век пануе,

Мяне краса ўратоўная чаруе,

Бярэ ў святы і грэшны свой палон.

 

Яна паўсюль, яна натхнёны Бог,

Магутнае і велічнае штосьці...

Яе заўжды, як дарагую госцю,

Пускаю ветла я на свой парог.

 

Прыход яе няўмольны, як прысуд,

Як сэрца трапяткога наталенне...

I зноў мяне паставіць на калені

Спакуснай прыгажосці вечны цуд.

 

I зноў пяшчотна буду цалаваць

Ласкавыя і цёплыя далоні,

Дарэшты той мілосцю паланёны,

Якую Ты, мой Бог, мне дараваў.

 

5

 

Блакіт нябёсаў зноў саткаў радно.

I вечнай поўняй сонца у зеніце.

Вы, мілыя, святло сваё разліце,

Мяне тым блаславіўшы заадно.

 

Ніяк не размінуцца ў небе нам:

Зраднёны мы адзінаю любоўю.

Я вам не здраджу, вам я не адмоўлю,

Бо нас вянчае прыгажосці храм —

 

Той храм, што ззяе вечна нада мной,

I храм, пакутна выяснены ў сэрцы...

I вабіць зноў блакітнае азерца

Сваёю недасяжнай глыбінёй.

 

I я ля гэтай дзіўнай пекнаты,

Вадой і сонцам зыркім прасвятлёны,

Гляджу вакол пяшчотна і ўлюбёна,

Мае сястрыцы і мае браты.

 

6

 

Жывая і святая прыгажосць —

I найчысцейшай, і найкрасшай пробы —

Мне па душы і сэрцу даспадобы

Таму, што яна ў свеце гэтым ёсць.

 

А там — не будзе, колькі ні заві,

Такой красы чаруючай... Мой Божа,

Ды хто, скажы, пражыць на свеце зможа

Без хараства, пакутаў і любві?!

 

Такі ж і мой прысудны кон і лёс —

Слугой красы і панятым быць разам

I за жыцця святочную акрасу

Праліць нямала светла-сумных слёз.

 

7

 

«Не веру аніякім гвездарам»,

Сказаў паэт, і я з ім салідарны —

За жменю хіжых слоў высакапарных

Сваю душу нікому не аддам.

 

Мая душа належыць толькі мне.

А сэрца? Вы спытайце самі ў сэрца

Яно, нібы вясёлкавае скерца,

У спеўным рытме ўдаль кудысь імкне.

 

За ветрам ці за марай залатой

Наўсцяж імкне — без збою, без спачыну.

I ў той пагоні я яго не кіну —

Мы будзем разам са сваей красой.

 

8

 

Краса зямлі, што сэрцу наймілей,

Краса нерукатворнай дзіўнай сілы!

Табой я счараваны да магілы,

I з кожным днём — усё мацней, мацней.

 

Краса вачэй, прыгоства вабных цел

Душу маю палоняць ўсю дазвання.

Мне наталіцца б імі да змяркання —

I ў свеце больш нічога б не хацеў.

 

Мне б удыхаць і піць нагбом красу

Удзень, увечар, уначы і ўранку, —

За гэтым толькі я бесперастанку

Любоў у сэрцы праз гады нясу.

 

Мне шчасце — жыць і піць жыцця напой,

Настоены на шчырасці сардэчнай.

I на зямлі квітнеючай і вечнай

Пакуль жыву — датуль любоў са мной.

 

Крыніца: часопіс “Маладосць”. №3. 2009. – С. 94-96

 

 

Прасветлае

 

1

Мой краю запаветны,

Бацькоўскі родны дом!

Хачу я наталіцца

Тваім жывым святлом,

 

Тваімі лугавымі

Сцяжынкамі прайсці,

Да кожнай зёлкі ў полі

Душою прырасці.

 

Красу тваю зямную

Хачу вачыма піць

I па мурожных травах,

Нібы па хвалях, плыць.

 

I вы, у лузе краскі,

I ты, раўніны шыр,

– Так сэрцу вы прынадны

I любы для душы.

 

А недзе там, далека

Над лесам, неба сінь

Бялюткімі аблокамі

Палошча далячынь.

 

Жаўрук у паднябессі

Свідруе сіні плёс...

Я знаю: тут – не дзесьці

Мой вырай і мой лес.

 

2

 

Спаўе сваёй пяшчотай

Дрыготкая цяплынь, –

I панясе з сабою

Чароўнай песні плынь.

 

Мой краю серабрысты,

Мой светласумны боль!

Мелодыяй гаючай

Душу маю спатоль.

 

I запалі святую

Пярлінку хараства,

Каб мог я не самотна

У свеце векаваць,

 

I ўкленчыць мог каб моўчкі

Прад сонца алтаром,

I ціха наталіцца

Жыцця жывым святлом,

 

I адпачыць душою

Ў палоне дзіўных чар...

Мой край зеленалісты,

Мой вечнаісны дар,

 

За часу павалокай

Сціхотна не астынь.

Хай хвалі свае коціць

Чароўнай песні плынь.

 

Хай плешчацца азерца

Святога пачуцця

Ў душы маёй і ў сэрцы, –

Як абярог жыцця.

 

Крыніца: Часопіс “Полымя”. №7. 2008 – С. 67-72

 

 

Праўда зерня

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно, а калі памрэ, дык дасцъ богаты плён.

(Ян, 12:24)

 

Так ужо спрадаўна вядзецца:

Колькі ты ні прасі, ні малі —

Поўны колас да долу гнецца,

Нізка хіліцца да зямлі.

 

Адкрасуе, адкаласіцца,

Наліецца сілай жывой

I ў нябёсаў будзе прасіцца

Павянчаць яго зноў з зямлёй.

 

Зерне падае не на камень,

Яму б глебу сваю знайсці,

Каб на ей неўпрыкмет расткамі,

Ціха згінуўшы, прарасці.

 

Толькі я не жытнёвы колас,

Не зярнятка, каб мне наноў

Зарунець на вячыстым полі,

Навыспеліваць каласоў.

 

Хоць — зямному прызванню верны —

Непахісны ў думцы адной:

Спраўдзіць мушу я праўду зерня

Не жыццём, то смерцю сваёй.

 

Ах, жыццё, мы ўсё — тыя ж, тыя

Каласы пад сярпом тваім,

Узбуйнелыя, налітыя,

З сэрцам выспелым — залатым.

 

Але прагна жыве надзея:

Зноў і зноў у зямным жыцці

Пасля доўгіх снягоў-завеяў

Па сваёй баразне прайсці...

 

Вось чаму я люблю да болю

Toe, што — усяму вянцом:

Залатое калоссе ў полі,

Залатое мае жытцо.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

 

 Паэт Валерый Максімовіч

 

Размова з маці

                            

..А матуля у хаце запаліць святло

Вечаровую скруху усцешна развее

I ад шчырай размовы за белым столом

На душы і на сэрцы маім пасвятлее.

 

Водар матчыных слоў

мілагучных, жывых —

У сябе неспатольна,

нястрымна ўдыхаю.

Працінае мяне яе кожны уздых,

Кожны позірк яе я лаўлю-пераймаю.

 

I ў хвіліну такую зноў прагну спазнаць

Існасць вечную,

што у вачах задумёных.

Мне б у сэрцы сваім зберагчы-захавацъ

Той матулін напеў

дарагі, несканчоны

 

Зорны россып расквеціў нябёс далячынь,

Змесяцовіўся вечар барвоваружовы...

Будуць доўга гучаць у святлянай начы

I мяне закалыхваць матуліны словы.

..................................................................

...А матуля у хаце запаліць святло.

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” (ЛіМ). №10. 7 сакавіка 2008 года

 

 

Речитатив

 

И вот мы снова вместе — слава Богу.

Я рад, я очень рад тебе, поверь...

Прошу судьбу, чтоб дальнюю дорогу

Никто не смог пророчить нам теперь.

 

Я долго ждал. О Боже мой! — как долго

Я ждал тебя и, кажется, не жил, —

Я ждал тебя всю жизнь — и только,

И всем, что есть во мне, любил.

 

И вот мы вместе... Сердце не печаля,

Целую руки, наклонясь, твои.

Пусть мы ни слова даже не сказали —

Бессилье слов понятно нам двоим.

 

Гляжу в глаза твои — какое счастье! —

Я вижу их, я вижу жизнь свою... 

Благодарю тебя за все участье,

За все, что есть, тебя благодарю.

 

Нет ничего, что было б мне дороже...

О каждом дне ушедшем не скорбя,

Все принимаю потому, похоже,

Что в каждом дне приветствую тебя.

 

Крыніца: часопіс “Нёман”. №4. 2009. – С. 90-91

 

 

Роднаму краю

 

Я табе гэту песню

хачу падарыць

З раўчуком гаманлівым,

са світальнай зарою,

З шчабятаннем салоўкі

у зялёным бары

I з вярбой,

нахілёнай над чыстай вадою, —

Баравы i мядовы,

васільковы мой край,

Тваім водарам родным

мне надыхацца дай.

I ў цяністпым гаёчку,

на краі цішыні,

Серабрыстым званочкам

ціха мне празвіні.

I на ўсіх скрыжаваннях

дарог і шляхоў

буду помніць світальны

твой спеў жаўруковы,

Калыханку матулі,

твары сяброў,

I каханай сваёй

незабыўныя словы.

Ледзь я прадзіва памяці

мройна крану

І цяпельцам жывым

уваскрэсне былое

Ва ўспамінах сваіх,

як у сне, патану,

Зноў адчуўшы душой

наталенне святое.

....................................................

 

Баравы і мядовы,

васільковы мой край,

Тваім водарам родным

мне надыхацца дай.

I ў цяністым гаёчку,

на краі цішыні,

Серабрыстым званочкам

ціха ўслед празвіні.

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” (ЛіМ). №10. 7 сакавіка 2008 года

 

 

Роснажнівеньскі зарапад

 

Дзіўнай ночкай святляна-зорнай

На улонні духмяных траў,

Ля празрыстай вады азёрнай

Я цябе цалаваў-мілаваў.

 

Белы месяц святлом таемным

Заліваў люстраную гладзь.

Хмельны водар п’яніў прыемна

I вярэдзіў пачуццяў жарсць.

 

А над намі — у небнай высі

Райскіх яблыкаў — зорны сад...

I вянчаў нас — дажджом праліўся —

Роснажнівеньскі зарапад.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Рэквіем па няспраўджаным дзяцінстве

(Па слядах аднаго сна-трызнення)

 

Лёс мой нелітасцівы.

Лёс як свінцовы сон

Ад самага нараджэння,

Ад першых дзяцінства дзён.

 

Усё, што было пацехай

Для слыху і зроку майго,

На воблаках хуткакрылых

У нязведаны край сплыло...

 

...Толькі заняўся ранак,

Паружавеў пpacтop,

Мяне чужаніцы злыя

Расстрэльвалі ва ўпор.

 

Стрэл! I другі! Яшчэ раз! —

Куля прайшла навылет...

Ціша... Крывавае сонца...

Чорнага неба лёд...

 

I ўмомант асірацелі

Поле, дарога, рака

Без роднага, без малога

Забітага хлапчука.

 

А я ляжаў нерухома,

Астылы, глядзеў угару,

Не бачачы анічога...

Даруй жа мне, свеце, даруй,

 

Даруй, што раптоўна знікла

Барвовага дня святло,

I мора світальнага шчасця

3 крывёю маёй сплыло.

 

Даруй мне, мая зямелька,

За тое, што не жыву.

Каб жа хоць ведаць, за што я

Склаў сваю галаву...

 

Ах, колькі вады звіруе,

Колькі год праміне,

Усё будзе на гэтым свеце

Не будзе толькі мяне.

 

Усё як ёсць застанецца

Вецер, трава, ралля...

Але ніколі, ніколі

Не застануся я.

 

Прачнуўся я ў поце халодным:

“Скуль гэты страшны сон?”

Прыснёнае, як жывое,

Суздром узяло ў палон,

 

Не мог з тым ніяк змірыцца:

Доўга і скрушна гукаў

У сне расстралянага кімсьці

Маленькага хлапчука.

 

Крыніца: газета “Літаратура і Мастацтва” №51 за 19 снежня 2008 г. – С. 8

 

 

Рэха

 

Блукае рэха прамінулых дзён,

Гукаючы кагосьці несупынна.

Няйначай перад ім я ў чымсьці вінны,

Што так трывожыць мой балесны сон.

 

Згадаю, як у лузе за ракой

Звінелі серабрыстыя званочкі,

А мне за ўсё мілей быў галасочак,

Што ў сэрцы спеліў любасць і спакой.

 

У далячынь гадоў сплылі няўзнак

Вясны маёй высокія аблокі...

I толькі рэха — напамін далёкі

У снах маіх блукае давідна.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Святло зарніц

 

Адбуду пажыццёвы свой прыгон,

Адужаю набег віхурнай сцюжы

I да апошніх вечаровых дзён

Люляць у сэрцы буду сваю ружу.

 

Ніколі не стамлюся сузіраць

Жывых акрас жывое цудадзейства:

На небасхіле полымна гараць

Зарніцы, нібы колісь у маленстве.

 

I так шкада, што думкаю адной

Не затрымаць дзівоснае свячэнне:

Расквеціцца прастора на імгненне

I счэзне ўраз у цемені скразной.

 

А плойма згадак, бы пчаліны рой,

Закружыцца свавольна, завіруе

I сэрца запалоніць і счаруе

Высокаю падманнасцю сваей.

 

Далёкі водбліск агнявых зарніц! —

Ён у душы маёй здавён вякуе.

Не падуладны чарам чараўніц,

Штодзень свае народзіны святкуе.

 

Гарыць нябачны мройлівы агонь,

Шугаюць іскрамётна летуценні.

Для сэрца неспатольнага майго

Яны — і боль, і слодыч, і збавенне.

 

I ў стыні дня, і ў прыцемку начэй

Ўстае зарніц мільготных павалока

I свеціць мне, нібы маяк, здалёку,

I не сыходзіць з сэрца і з вачэй.

 

I хоць не мінаваць суровы кон

I ўсе жыцця навалы не адужаць,

Я да апошніх вечаровых дзён

Люляць у сэрцы буду сваю ружу.

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

Спавядальнае

 

Маёй матулі Ганне Каятанаўне

 

Я вяртаюся зноў,

Як вяртаюцца з выраю птушкі

Да сваіх незабыўных,

Утульна наседжаных

Гнёзд...

I мой сцелецца шлях

То шырокай, то вузенькай стужкай,

I здаецца — дадому

Не сотня, а тысячи

Вёрст.

 

Я наведаю маму,

Што век свой цярпліва вякуе

I вартуе цяпельца жывое,

Каб не астыла яно...

Хай зязюля ў бары

Па вясне ёй шмат год накукуе,

Наварожыць ёй шчасця

На цэлае верацяно.

 

Ведай, мама, —

Ніколі я жыць не стамлюся,

Як бы скроні мае

Hi ўбірала у бель сівізна.

Я на родны парог,

Да цябе, дарагая, вярнуся, —

Будзе пець нам салоўка

Ў садзе тваім

Давідна.

 

Толькі рукі твае

Адпачнуць хай ад цяжкае стомы,

Не туманяцца вочы

I сэрца тваё не шчыміць.

Хай ляцяць, нібы птушкі,

Гады нашы шляхам знаёмым.

А мы будзем страчаць

Свае вёсны —

Мы будзем жыць!

 

Крыніца: часопіс “Полымя” №5. 2009. – С. 102-108

 

 

 

Трыялет

 

Ад любові маёй святла

Сэрца ціха датла згарала.

Ды каму разгавейна стала

Ад любові маёй святла?

 

Ты нічога не заўважала

Толькі ў марах кудысь плыла...

Ад любові маёй святла

Сэрца ціха датла згарала.

 

Крыніца:  часопіс "Роднае слова".

 

 

Уладзіміру Караткевічу

 

Паэты не могуць зацята маўчаць

Іх душы баляць, распірае іх грудзі,

Бо трэба  ім  словам сваім адказаць

За ўсё, што было, і што ёсць, і што будзе.

 

Паэты не могуць душой пакрывіць

Душа іх — агонь, і душа іх як студзень:

Памёршага  можа  яна  ажывіць,

Жывому — стаць самым святым правасуддзем.

 

Паэты — не людзі, а богі яны,

Бо могуць абняць цэлы свет і эпоху,

Хоць лёс іх адзін: дзень пры дні, дзень пры дні

Ісці ім да скону свайго на Галгофу.

 

Паэты — няшчасцяў людскіх званары,

Яны — боль, і кроў, і сумленне людское,

Бо слова жыве і ў агні, і ў віры,

Бо рану на цепе крывавую гоіць;

 

Бо слова — і стогн, і пракляцце, і сон,

Бо слова паэтава — боскае слова.

І колькі стаіць гэты свет — спакон дзён

Ім жывіцца наша спрадвечная мова.

 

А прыйдзе паэту пара паміраць,

Знясілены, ляжа ў травы густыя,

А дух яго будзе над полем лунаць —

Жывы дух паэта.

Паэты — святыя.

 

Крыніца: газета “Беларускі універсітэт”. №35 за 21 снежня 1989 г. – С. 4

 

 

 

Фантасмагория любви

 

Тебя я долго из себя ваял,

Вкрапляя нежно гроздья пылкой страсти,

И, стоя на коленях, принимал

Из рук твоих блаженное причастье.

 

То становился страждущим, слепым,

То вдруг являлся зрячим в услуженье.

И если жгли терновые шипы —

Душа и в том искала наслажденье.

 

Но был однажды опечален взор...

Витала ночь всесущего Эреба...

И чей-то я услышал разговор

Пред таинством свечи и неба...

 

Прозрел печальный отрок и — утих...

А на устах завьюжил пепел тайны:

«Забудь его, забудь тлетворный миг,

Ведь жизнь твоя — ошибок сонм случайных.

 

Живи смирясь, день нынешний прими,

И день минувший проводи утешно, —

Под неподкупной вечностью, пойми,

Все превратится в сущий ад кромешный...»

 

Но что ж, уйду, покину твой приют,

Оставлю в дар тяжелое распятье, —

И пусть другим те руки подают

Несносно горьким ставшее причастье.

 

Крыніца: часопіс “Нёман”. №4. 2009. – С. 90-91

 

 

Шчыра дзякуем паэту Валеру Максімовічу за тое, што ласкава дазволіў размясціць свае вершы на сайце Плешчаніцы.by

 

 

 

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ