Плещеницы.by


 

Максімовіч Валерый Аляксандравіч, паэт, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, намеснік дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі

 

 

Паэт і літаратуразнаўца Валерый Максімовіч

 

Нарадзіўся 21 сакавіка 1962 года ў вёсцы Траянец Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Мінскай вобласці. Доктар філалагічных навук (2003). Пасля заканчэння Бялянскай ВШ (1977) і Завішынскай СШ (1979) навучаўся ў тэхнічным вучылішчы №76 электронікі (г.Мінск), працаваў слесарам-інструментальшчыкам 4 разрада вытворчага аб’яднання “Інтэграл”. Служыў у Савецкай арміі (1980 – 1982, ГДР). Навучаўся на падрыхтоўчым аддзяленні БДУ (1983 – 1984). У 1989 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Беларуская і руская мова і літаратура”. Педагагічную працу распачынаў ў Зарэчанскай базавай школе Лагойскага раёна. У 1989 – 1992 гг. – аспірант кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1993 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія “Узвышша: эстэтыка слова і асаблівасці паэтычнага майстэрства” (навуковы кіраўнік член-карэспандэнт НАН Беларусі А.А. Лойка). Са снежня 1992 па верасень 2003 год працаваў выкладчыкам, дацэнтам кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1996 годзе выконваў абавязкі намесніка дэкана філалагічнага факультэта згаданай установы. У 2002 годзе абараніў доктарскую дысертацыю “Тэндэнцыі мадэрнізму ў эстэтычнай ідэнтыфікацыі беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.”. З кастрычніка 2003 па студзень 2006 года займаў пасаду першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Са студзеня 2006 па люты 2008 выконваў абавязкі дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. У дадзены час выконвае абавязкі намесніка дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.

 

 

 Валерый Аляксандравіч Максімовіч, намеснік дырэктара Інстытута мовы ілітаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.

 

            За высокія дасягненні ў працы на пасадзе першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, актыўны ўдзел ў грамадскім жыцці раёна ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска (2005) і лістом з Падзякай ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2006).

 

       
     

 Ліст з Падзякай ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерыю Аляксандравічу Максімовічу, які ў той час займаў пасаду першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

 

Сфера навуковых інтарэсаў Максімовіча В.А. ахоплівае прыярытэтныя кірункі навукі і адукацыі, звязаныя з даследаваннем галоўных тэндэнцый і заканамернасцей станаўлення і развіцця беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, з выяўленнем наватарскіх эстэтычных пошукаў на аснове новых метадалагічных прынцыпаў і з улікам сучасных каштоўнасных арыентацый. Вынікі навуковых распрацовак і канцэпцый атрымалі падтрымку і прызнанне спецыялістаў у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Яны знаходзяць актыўнае практычнае прымяненне ў сферы сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

 Па выніках навуковых даследаванняў ім апублікаваны дзве фундаментальныя манаграфіі “Беларускі мадэрнізм: эстэтычная самаідэнтыфікацыя літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (Мн.: БДУ, 2001. – 228 с.); “Нацыянальны космас класікі: дыялог традыцый і наватарства ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа” (Мн.: ТАА “Харвест”, 2008. – 320 с.). Аўтар шматлікіх вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ і настаўнікаў агульнаадукацыйных школ пад грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (“Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.” (Мн.: Аракул, 2000. – 351с.), “Шыпшынавы край: старонкі беларускай літаратуры 20 – 30 гг. ХХ ст.” (Мн.: УП “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с.), “Беларуская літаратура першай трэці ХХ стагоддзя” (Мн.: Бел. навука, 2006. – 424 с.). Для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей падрыхтаваў шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў (“З гісторыі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (Мн.: БДУ, 1997. – 36 с.), “Ідэйна-эстэтычныя асновы беларускага мадэрнізму” (Мн.: БДУ, 1998. – 116 с.), “Паэтычная міфатворчасць Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя” (Мн.: БДУ, 1998. – 100 с.), а таксама курс лекцый “Літаратура эпохі нацыянальнага адраджэння” (Мн.: БДАМ, 2005. – 125 с.). Прыняў удзел у падрыхтоўцы вучэбных выданняў для 11-гадовай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, за што ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Неаднаразова выступаў у якасці афіцыйнага эксперта шматлікіх праграм па лініі Міністэрства адукацыі. Даследчыку належыць больш за 100 артыкулаў у калектыўных зборніках і ў рэцэнзаваных навуковых часопісах.

            Актыўна ўдзельнічае ва ўмацаванні міжнароднага навуковага супрацоўніцтва і папулярызацыі беларускай літаратуразнаўчай навукі, з’яўляецца сустаршынёй пастаянна дзеючага Міжнароднага навуковага семінара “Беларусь і Расія: літаратурныя сувязі ў кантэксце гісторыка-культурных эпох. У 2008 г. прыняў удзел у працы XIV Міжнароднага з’езда славістаў у Охрыдзе (Македонія), дзе выступіў з дакладам «Беларускі мадэрнізм у славянскім кантэксце». З'яўляецца адным з кіраўніком навуковага праекта «Беларуская літаратурная класіка і сучаснасць: праблемы характаралогіі», працуе над выкананнем раздзела «Паэтычная традыцыя і мастацкі эксперымент у беларускай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя».

 

      

         Валерый Аляксандравіч Максімовіч (злева) са сваім калегам з Расіі

 

            На працягу шэрагу гадоў быў вучоным сакратаром экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні савета па абароне дысертацый. З’яўляецца намеснікам старшыні вучонага савета Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, намеснікам старшыні Навуковага савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў па дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў. Неаднаразова выступаў у якасці навуковага эксперта і афіцыйнага апанента па дысертацыях, прадстаўленых на атрыманне вучоных ступеняў кандыдата і доктара філалагічных навук. Ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва кандыдацкімі дысертацыямі.

            З'яўляецца членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Полымя» і «Роднае слова», навуковым рэдактарам матэрыялаў шэрагу міжнародных канферэнцый, зборнікаў навуковых прац і г.д. Член рэдакцыйнага савета Збору твораў Максіма Танка ў 13-ці тамах, а таксама Збору твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах. Уваходзіў у склад рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па святкаванні юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, В.Дуніна-Марцінкевіча.

            З’яўляецца лаўрэатам прэміі Нацыянальнай акадэміі  навук Беларусі (2003), стыпендыятам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007).

            Выступае і як паэт. Першы верш надрукаваны ў заводскай шматтыражцы “Інтэграл” у 1983 годзе. У рэспубліканскім друку з паэтычнымі творамі выступіў у 2008 годзе (штотыднёвік “ЛіМ”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Неман”, “Роднае слова”).

            Асобныя вершы аўтара пакладзены на музыку і выконваюцца Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры” (дырэктар і мастацкі кіраўнік В.В.Шарапаў).

            Член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

 

Вершы Валерыя Максімовіча

 

Песні на словы Валерыя Максімовіча

 

Інтэрв’ю Валерыя Максімовіча

 

Выказванні пра творчасць Валерыя Максімовіча

 

Фотаздымкі з імпрэзы кнігі “Нацыянальны космас класікі”

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ