Плещеницы.by


 

Нябесны воін

 

 

Аўтар апавядання і малюнкаў Уладзімір Шнарэвіч, 1994 г.

 

Вясновая прастуда каварна схапіла і моцна прыціснула мяне да сябе. Я супраціўляўся, выкручваў сабе рукі, з усіх сіл спрабаваў вырвацца. Задыхаючыся, лавіў ротам паветра і страчваў прытомнасць у яе абдымках.

Звонкія вясновыя кроплі, якія падалі за акном, былі чутны ў паўзмроку пакоя. Я расплюшчваю вочы і быццам бачу гэта першы раз у жыцці.

Мігатлівае святло лампадкі прыадкрывае старонку вечнай казкі.

Цесна адна ля адной стаяць іконы: «Святы Мікола», «Маці Божая з Богамладзенцам», «Святы Георгій» (бабулька кліча яго «Нябесны Воін»).

Упрыгожаныя папяровымі кветкамі і абрамленыя вышытымі ручнікамі, яны святочныя і таямнічыя.

Я прыкаваны да старога драўлянага ложка, які дастаўся яшчэ бабульцы ў спадчыну. У гарачцы і трызненні мне падаецца, што вялізны ложак – гэта цямніца. З шасцігадовага ўзросту ў ёй пакутавала мая бабка, а ў драўляныя планкі пасяліліся маленькія жучкі. Распластаны, я нерухома  ляжу  і  чую,   як  шамацяць   і перагаворваюцца гэтыя боскія стварэнні.

З іконы на мяне глядзіць маленькі «Святы Георгій». Седзячы вярхом на белым кані, ён кап’ём працінае змея. Усе мы выйдзем з-пад зняволення праз трыццаць гадоў і, мажліва, станем велікамучанікамі, як «Святы Георгій».

 

 

 

Маё ўяўленне – бязмежны акіян! У ім і мая агнядышная цямніца, і мая пакутлівая смерць у канцы. «Моцны і храбры пераможца вялізнага змея, адгукніся мне братам! Я не баюся цемры, куслівых сабак, мяне не клююць суседскія гусі. Я не баюся паміраць і хачу ўваскрэснуць, як ты. А мой маленькі змей, мой сакрэт, жыве за вёскай у рэдкалессі. Я нашу яму разнастайныя прысмакі, пасля мы гуляем. Ён трывае, калі я перамагаю, і мы сябруем». На маю тонкую шыю наматана вялікая бабульчына хустка кампрэс з яду жабы, пю выратавальныя зёлкі народнай медыцыны. Пацёртае люстэрка падобна да старой карціны. У ім – я. Авальны твар, вялікія чорныя вочы, злёгку кучаравяцца светлыя валасы, якія робяць мяне падобным да «Святога Георгія». І, самае галоўнае, што мяне таксама клічуць Георгіем.

Паварочваю галаву на падушцы, і ўся хата кладзецца на бок. Я бачу на баку аранжавае акно, справа блакітная палоска неба. Цяпер старое люстэрка ўлеглася на акно зверху. І адлюстраванне раскрыжавання: мой ложак стаіць вертыкальна, а я падобны да распятага Хрыста. Чую крокі. У люстэрку бачу, як неяк бокам набліжаецца маці. Яна гаворыць мне ласкавыя словы, і я пю цёплы адвар з мёдам, загавораны бабуляй. У адчыненыя дзверы хаты цягне вясновай прахалодай, галава пачынае кружыцца і звінець. Ад такой каруселі заплюшчваю вочы.

 

 

 

Не мігаючы, пазіраю на «Святога Георгія». Калі доўга гдядзець на «Нябеснага Воіна», то ягоны цень прыходзіць да мяне ноччу. I тады я шапчу: «Заступнік Божы, уладар ваўкоў, пераможца змея, заступнік нашых каровы Марусі і каня Арцёма, абарані ад Паўліка і Сцёпкі сабаку майго Пірата і аднавокага ката Ерамея, не дай хлапчукам забіваць жаб у нашай сажалцы». Бабка шэпча сваю малітву і кладзе мне на лоб мокры ручнік.

 

 

 

Яркае вясновае сонца, вялікае мяккае крэсла на калёсах стаіць на ганку. Напаўлежачы ў яго падушках, я падцягваю тоўстую коўдру да падбародка і адчуваю цеплыню і ўтульнасць. Як добра, што я вызваліўся з палону «цямніцы». Надворак адметна перамяніўся. Стары хлеў зарос да самай страхі падснежнікамі. Пад бярвёнамі, у прагрэтым пяску, купаюцца куры. На плоце певень Пятрок ваксай націрае боты. Зухавата адставіўшы нагу ўбок, ён любуецца сваёй працай.

– Ты дзе прападаеш, Георгій? Куры не слухаюцца, цяпло адчуўшы. Цябе няма, яны нічога не робяць толькі б ім задавальненняў.

Гэта ўсё Сцёпка і Паўлік. Ледзяшамі ў марожанае гулялі. Яны прадавалі, а я еў. Цяпер вось ляжу, уставаць не дазваляюць, дыханне цяжкае, тэмпература.

– Сапраўднае марожанае – вось гэта разумею, а то ледзяшы – лёд, тфу!

Я расплюшчваю вочы. Сонца пранікла ў кожны куточак і песціцца на маім ложку. Па нагах мякка і асцярожна ступае кот Ерамей. Ён цэлымі днямі ў маім ложку, а ноччу аддана спіць ля ног. Быццам пачуўшы думкі, кот гаворыць: «Так, Сцёпка і Паўлік мяне забіць хацелі, вока мне выбілі, а ты выратаваў, на паперкі ад цукерак выменяў, такога багацця не пашкадаваў. Добры ты, Георгій».

Што ты! Бабулька! Вось хто добры і пяшчотны. Ад яе і да мяне перадаліся любоў і павага да людзей, птушак, жывёл. Наогул да ўсіх безабаронных.

Праўду кажаш, – згадзіўся кот, – яна мне па святах столькі смятаны дае, не кажучы пра малако. Я думаю, што паважае мяне, за чалавека прымае.

Халаднаватым і шурпатым языком Ерамей ліжа мае палаючыя шчокі. Ад дакранання мяккай поўсці і вуркатання над вухам робіцца легка і дрымотна.

У двары стаіць конь Арцём. Калматы, як лясун дрыгвотны, з прысохлым па баках гноем. Доўгі хвост абсыпаны саламянай пацярухай, а на вочы нізка насунута старая зімовая шапка.

Ты што ж, Арцём, такі неахайны? Я захварэў – ты перастаў мыцца. Людзі ўвесну чысціню наводзяць, а табе ўсё хоць бы што. Зарос, сваёй знешнасцю вясну палохаеш.

– Маркотнае, аднастайнае жыццё, Георгій. Работа, работа без канца, няма калі пра сябе падумаць. Хоць і конь я, Георгій, а жыццё маё сабачае. Адна цемра. Паглядзі, напрыклад, на белага каня. Які пан! Адразу відаць – блакітных крывей.

Грацыёзная постаць залатога конніка на белым кані – захапленне і зайздрасць Арцёма. «Так, гэта «Нябесны Воін», хочацца крыкнуць, але голас гучыць тоненька, ледзь чутно.  Я  закашляўся  і заплакаў.   Коннік запавольвае бег, чуецца лёгкае ржанне. Конь паварочвае ў мой бок. Казка ажывае: чорнае касавурае вока каня, ружаватыя ноздры, выгнутая шыя з астрыжаным каркам. Святы Георгій асляпляе бляскам пласціністых даспехаў, надзетых на кальчугу. Замест залатога німба – купалападобны шлем з бронзавымі накладкамі. У ножнах – меч. У правай руцэ – кап’ё са стальным наканечнікам. Металічны шчыт абцягнуты распісанай тканінай.

 

 

 

Сілы мяне пакідаюць, Святы Георгій, бабуля травамі лечыць, мазямі рознымі націрае, кампрэсы робіць, а за ёю самой догляд патрэбен. Урачу да нас не дабрацца дарог няма, і для мужыкоў і баб нашай вёскі – гэта сапраўдная бядота. Бацька ў Бога не  верыць,  зданей не баіцца – у забітай нястачай галаве адны рублі ды капейкі. Матуля – прыгажуня, а ужо састарэла ад працы і турбот. Сцюдзёнай зімою шмат дрэў загінула, а маладыя – зайцы з’елі. А Паўлік і Сцепка вераць, што ў жабы праз вочы свеціцца каштоўны камень, вось і забіваюць іх дзеля гэтых камянёў. Няма каму іх, д’яблаў гэткіх, лазінаю адлупцаваць. Ратуй, святы Георгій, не дай памерці!

Не абнішчала душа твая, хлопчык. Ты добры і моцны духам. Я тры разы паміраў і ўваскрасаў, і ты не памрэш жыць будзеш. Выпі вады свянцонай, брат мой названы. Трох сясцёр, пастушкоў ад воўчай зграі яна выратавала і табе дапаможа.

Я прачынаюся ад смагі. Губы патрэскаліся, у роце перасохла. У паўмзроку замест акна сіняя пляма начнога неба з водбліскам гарачай лампадкі. Рукой натыкаюся на ваду ў конаўцы. Ад халаднаватай вільгаці становіцца не так горача. Сон імгненны, як «Нябесны Воін».

На прагрэтым акне куляецца муха. Нуднае гудзенне будзіць мяне.

Бабульчын ложак шыкоўны і мяккі. Якія казачныя сны! Я гляджу на «Святога Георгія» – маленькая залатая постаць на белым кані перамагае змея. «Усё пры мне, «Нябесны Воін»: і сіла, і здароўе, і храбрасць», – ускрыкваю я, хутка апранаюся і выбягаю на вуліцу, якая мяне даўно чакае.

 

Аўтар: Уладзімір Шнарэвіч

Малюнкі Уладзіміра Шнарэвіча


Крыніца: Зрок. №1. 1994 – С. 18-20

 

Матэрыял для сайта Плешчаніцы.by прадставіла краязнаўца Галіна Іванаўна Полсычава


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ