Плещеницы.by


 

Пасланец

 

Жарт у адной дзеі

 

АСОБЫ

 

Пасланец.

Кухарка.

Пан.

Лёкай.

 

Рэч дзеецца ў часы паншчыны. У дворнай кухні тупае каля печы кухарка. Уядаюць сабакі. Ускоквае пасланец.

 

З’ява I

 

Пасланец. Ну і ветлівыя ў вас сабакі: уся псар­ня як ёсць высыпала мяне спаткаць.

Кухарка. А сам нябось ляцеў, як у чорта з зубоў вырваўся...

Пасланец. Вырваўся, бо спяшыў да пана з навінамі. (Аглядае кухарку, падлабуньваючыся.) Дзень добры вам у хату!

Кухарка. Дзень добры...

Пасланец. А ці пан дома?

Кухарка. Дома.

Пасланец (нюхае). Ой, як жа тут моцна пахне, вось дык пахне! I вось цікава: хто тут гэткі пах выдае?.. (Да кухаркі.) А, гэта ты, красачка, так пахнеш... Але, ты, ты... Дзіва! Жывы вазончык! Адшчыкну я сабе флянсік ды завяду ў сваёй хаце такі пах, што не адзін дурань пазайздруе. Безумоўна, ушчыкну. (Шчыпле кухарку.)

Кухарка (строга). Ну, чаго трэба?

Пасланец. Ой, шмат мне што трэба: торбу грошай, стог табакі, возера гарэлкі і закусіць вунь тымі катлеткамі, што падрумяніліся, як твае шчочкі. А твае шчочкі — пацалаваць. (Хоча пацалаваць.)

Кухарка (торкае яму фігу). На вось, пацалуй!

Пасланец е па фізе). Вось табе, пацалаваў! Дай яшчэ пацалую... Чакай, вось, я зараз вазьму сваю палку і заганю цябе, дзе чартапалох расце.

Кухарка. Гвалт! Ратуйце, разбойнік!.. Гвалту!

Лёкай (уваходзіць). Ціха, чаго табе не хапае, асіна ты дуплаватая?!

Пасланец. Не, мой паўпаночак, яна — баба-мёд.

Лёкай. Як паўпанок?!

Пасланец. Але, паўпанок. Пан усё з’есць з паўміскі, а лёкаю застанецца толькі вылізаць. Вось і выходзіць, што паўпанок.

Лёкай. Каму паўпанок, а табе, хаме, пан — ра­зумееш?

Пасланец (да кухаркі). А ты, ягадка, разумееш? Вось гэта-то мне зразумела, што, як цябе ні называй, ты ўсё-ткі саладзей за мёд.

Лёкай. А ты хто такі?

Пасланец. Пасланец.

Л ё к а й. А скуль ты?

Пасланец. З курнай хаты.

Лёкай. Дурань ты!

Пасланец. Дзеля таго мяне і паслалі. Кажуць, дурань з дурнем лепш разгаворацца.

Лёкай. А хто ты?

Пасланец. Я... сын бацькі і маткі.

Лёкай. Ты мне кажы толкам.

Пасланец. Вось гэта і ёсць толк, бо толькі чэрці родзяцца без бацькі і маткі.

Лёкай. Ну, а хто цябе паслаў?

Пасланец. Мяне паслала пані з Хадасевічаў. Ведаеце, пэўна, другі панскі двор?

Лёкай. Ну!..

 

Пасланец азіраецца.

 

Кухарка. Чаго ён круціцца, аглядаецца, як ба­ран з матылямі?

Пасланец. Ды я, бачыш, гляджу, ці не стаіць тут дзе якая жывёліна, што гэты паўпанок усё нукае.

 

Лёкай, сплюнуўшы, выходзіць.

 

Чакайце, дык вы скажыце там пану, што я прынёс вельмі важныя навіны. Так і скажыце пану: вельмі важныя навіны.

 

Лёкай вярнуўся; пасланец уцірае яму нос рукавом.

 

Лёкай. Вон, ашалеў, ці што?!

Кухарка. Ведама, шалёны, узвей-вецер.

Пасланец. А ты, ягадка, не ківай дарма язы­ком, а лепш паглядзі на яго нос, як блішчыць. Язык, бачыш, кароткі, дык ён носам...

Лёкай. Хам, лапаць! Ды я цябе з зямлёй змяшаю!

Пасланец. Ой, ой, не біся! (Уцякае.)

Голас  пана. Гэй, Себасцьян! Ах, лотра!..

 

Лёкай мігам выбягае. Пасланец сядзіць пануры.

 

Кухарка. Прыціх, дзякаваць Богу. (Маўчанка.) Язык, пэўне, з’еў. Ха-ха-ха... Ну, ці смачны язык? Ха-ха-ха... Ты, мусіць, ці дурны, ці п'яны...

Пасланец (пяе)

 

Ты не думай, што я пяны.

Пасланец я паслухмяны,

Сваей паняй я пасланы,

Але маю свае планы!

Але маю свае планы!

 

Кухарка (пяе)

 

Я кухарка маладая.

Пан дае мне хлеба, солі.

Я дзяўчына не такая,

Каб кахацца... Цьфу! Ніколі!

 

Пасланец (пяе)

 

Твая ласка мне патрэба,

Як ком масла к лусце хлеба.

Як прылашчыш ваўчанятка,

Дык не страшна й яго матка.

 

Ой, мне страшна! Паўпанак хацеў біць, а пан — дык у магілу ўгоніць. Ну, але бог бацька!

 

Лёкай адчыняе дзверы, убягае пан.

 

Пан. Што за навіны?.. Дзе ён? Што пані прыслала? Якія навіны? Хутка! Ну, чаго маўчыш?!

 

Пасланец вінавата глядзіць на л ё к а я, той выходзіць.

 

Пасланец (прыпамінаючы). Вось бяда здарылася, а-я-я...

Пан. Якая бяда?.. Кажы! Што, можа, пані захварэла?

Пасланец. Ды вось лёкай, гэтая боўдзіла, хацеў ударыць мяне, а я з перапуду ўсёсенькі забыўся... Вось бяда, а такія ж важныя навіны...

Пан (крычыць праз акно). Тамаш, Тамаш, скажы фурману, каб усыпаў лёкаю розаг. (Да пасланца.) Ну, і што мне з табой рабіць, калода ты нямая, корч трухлявы?! I важныя навіны?

Пасланец. Такіх навін не было і не будзе, як свет светам.

Кухарка. Але, панок, ён казаў лёкаю, што вельмі важныя.

Пасланец. Чакайце, пачну я спачатку, мо ўспомню... Увайшоў, значыць, пасля шапку зняў... вось так... пасля, цыт! Вось зараз, зараз успомню. Што ж далей? Ага, пацалаваў кухарку.

 

Кухарка бароніцца, але пад пагрозай пана падстаўляе адну, а пасля другую шчаку.

 

Пасля яна мяне ў руку цмокнула, бо я ёй дзядзькам прыходжуся...

 

Кухарка цалуе і сплёўвае.

 

Пасля яна пачаставала мяне катлеткай. (Бярэ котле­ту і есць.) Ой, ой, гарачая!..

П а н. Ну, ты хутчэй успамінай, а то я табе дам на розум!

Пасланец. Хі-і!.. Вось яно што!.. Успомніў!..

Пан. Ну, што там?

Пасланец. А, нічога... Узяў ды ўспомніў...

Пан. Эх, як бачна, то аканом мала цябе шліфуе, ой, мала...

Пасланец. Паночак, кожны дзень стаіць з арапнікам над каркам, ды яшчэ воз розаг пры за­пасе трымае за фальваркам, каб ён дна ў пекле не знайшоў...

Пан. Ну, годзе! Кажы, якія навіны, што там у пані чуваць?

Пасланец. А, нічога, усё добра, панок.

Пан. Як тэта? А па добрым што?

Пасланец. Ды вось, аканом сказаўмне... панскі ножык-складанчык зламаўся. Аздобны быў ножык, бы малюнак той.

Пан. Ат, глупства гародзіш!

Пасланец. Ого, як жа можна казаць, што глупства? То ж ён зламаўся, не лежачы ў кішэні, а знімаючы шкуру з выжла, хацелі, значыць, на боты пану. Ось той выжал, што пан прагандляваў з маршалкам на трох падданых. Памятае пан?

Пан. Ну, добра памятаю.

Пасланец. Я мяркую, што пану і гэта ў памяці, што выжал быў вялікі абжора. Дык усе пакутуюць за свае грахі, нават жывёліна. Як аб’еўся мяса жарабка, дык, бядак, і ногі выпруціў.

Пан. Як, дык і жарабок здох?

Пасланец. А, здох, вось як і не было. А такі быў удалы, не аднаму фурману зубы выбіў. Пястун, цацачка, але ўжо цераз меру далікатны: як запраглі да работы, дык і не вытрымаў падарваўся.

Пан. А такі конік! Ну і парадкі ў вас там: стаеннага жарабца да работы ўжываць! Ой, горача вам будзе за яго, папомніце!

Пасланец. Мой панок, як жа было не запрагчы?! Ваду цягалі, увесь двор у агні, як жа было не запрагчы?!

Пан. Ці пры сваім ты розуме?! Што ты кажаш — двор згарэў?

Пасланец. Згарэў, паночак, як свечка, — чыста, гладка, хоць рэпу сей, бы языком хто злізаў.

Пан. Ой, Матка Боская, прапаў жа я цяпер! Такі двор, такое гняздзечка! I ад чаго ён згарэў? Ці хто падпаліў, ці вы, гадаўё, комінаў не чысцілі, з папяросамі хадзілі?!.

Пасланец. Не, паночак, ад свечак.

Пан. Якіх свечак?

Пасланец. Ведама, заўжды свечкі паляць, як хто памрэ...

Пан. Дык памёр хто? Кажы ты, лотра, хутчэй, бо я табе язык вырву!

Пасланец. Вечны пакой, каб ёй на тым свеце легка ікнулася, пані памерла...

 

Пан глядзіць на пасланца, дзіка вытарашчыўшы вочы.

 

Але, памерла...

 

Пан ходзіць па сцэне, охаючы, схапіўшыся за галаву.

 

Паночак, не тужы, не гаруй. Не адно ж ліха на све­це... Даў Бог пану і прыбытак...

 

Пан. Ой, ратуй, усцеш! Які прыбытак?! Аб чым ты хочаш сказаць?!

Пасланец. Я пану ціхенька, каб ніхто не чуў... Панская дачка радзіла блізнюкоў. Але ж і гожыя хлапчукі! Ось, рыхт-рыхтык, быццам выліты панскі фурман Гаўрыла...

Пан. Гвалту, ён забіў мяне!.. Доктара, доктара!..

 

Пан выбягае, а пасланец рагоча.

 

З’ява IV

 

Кухарка. А-а! Што ж гэтак цябе ўсцешыла?

Пасланец. Смех смехам, але трэба чухацца і дахаты, бо як апамятаецца пан, то будзе мне тое ж, што і лёкаю. (Хоча выйсці, але кухарка трымае яго за рукаў.)

Кухарка. Не, саколік, не пушчу! Вельмі ж ты ўжо соладка цалуеш... Не пушчу! Пасядзі, адпачні.

Пасланец. Ось наказание боскае! Добра кажуць: лепш з разумным згубіць, як з дурным знайсці.

Кухарка. Пацалуй, прыгарніся, — ты такі прыемны, і вусначкі аж гараць...

 

Пасланец смяецца.

 

Чаго ты ўсё рагочаш?

Пасланец. Ды не толькі я, а пан і пані будуць смяяцца, і ўвесь двор бакі падарве. Сягоння, бачыш, першага красавіка, дык пані і кажа: «Ідзі пану нахлусі, што ў галаву набрыдзе. Толькі, кажа, не баўся, на адной назе назад ляці...» Ха-ха-ха... Ну, але трэба чухацца. (Хоча ісці, але кухарка трымае.) Ну, пусці ты, ці чуеш?! Учапілася, як п’яўка!

Кухарка. Не, не, мой міленькі, салодзенькі, вясёленькі, даражэнькі...

Пасланец. Ох, каб жа гэта ведаў, дзе павалішся, дык бы сеў. Ну, добра ўжо, добра, пацалую і ўсё такое. Толькі ты павінна мяне пачаставаць. (Пяе.)

 

Скрыпіць кола без падмазкі;

Не йдзе посная капуста.

Не памогуць просьбы, ласкі

Трэба мазаць тлуста, густа.

 

Кухарка. Добра, саколік, добра... Усё дам... I вяндлінкі, і сырчыку, і яечак, і піражка...

Пасланец. Ах, каб ты роду-племені свайго не знала, як ты мяне няволіш! Каб ты спухла, як нітка!.. (Што прыносіць кухарка, хаваючыся ад яе, кладзе ў кішэні.) Ну, чаго ўзіраешся?! З’еў ужо... Падавай!.. Круцей хадзі!..

Кухарка. Зараз, міленькі, я табе дастану смажонку.

Пасланец. Болей цягні, не шкадуючы... Ух, як ты надакучыла мне і тым людцам, што за намі назіраюць!.. (Выскоквае праз акно.)

 

Зява V

 

Кухарка (нясе рондаль на стол). Вось, цёпленькае, смачненькае... А дзе ж ён?! (Шукае, глядзіць у акно.) Уцёк! Вунь дзе... Толькі пяткі мітусяць... (Хны­ча.) Ну, не дарую я табе: скажу пану, што нахлусіў, што ашуканец. (Выходзіць.)

 

Заслона

 

Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. – Мінск: Маст. Літ., 2008. 343 с. – С. 124-131

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ