Плещеницы.by


 

Конскі партрэт

 

Жарт у адной дзеі

 

АСОБЫ

 

Маладзіца.

Гаспадар.

Гаронім Цырубулка.

 

Сялянская хата днём. Маладзіца, перагнуўшыся праз акно.

 

Зява I

 

Маладзіца. Вось мінае ўжо Курашчупа, а там дзве хаты — і будзе Варапян. Паўзі ты хутчэй! Ідзе на балёўку, а ногі чуць валочыць, як вол у баразне. Во, дзякаваць Богу, уваліўся ўжо ў хату, а там яму капут — дзень і ноч не выберацца: утопіцца ў гарэлцы, каўбасы яго спутаюць... (Зачыніўшы акно.) Муж пайшоў на ўпоўзіны, а я сабе зраблю банкет на ўвесь свет. Прыйдзе мой цацаненькі Гаронім Цырубулка, вось я яму і зраблю прывітанне надзіва! Пастаўлю настойку моцную, смачную прыгатую за­куску... Што ж тут прыдумаць?.. А ўсяго настаўлю — дзякаваць Богу, хапае і хлеба, і да хлеба. (Гатуе, час­та кідае работу, узіраецца ў люстэрка, што вісіць на сцяне, і ўсё жуе і гаворыць.) Няма лепшага жыцця, як замужняй жанчыне! Перш-наперш не трэба ўжо сушыць мазгі думкамі аб тым, каб хутчэй выйсці замуж; пасля, не трэба прыкідвацца добрай, прыгожай, спраўнай работніцай; а калі якая бяда ці грэх здарыцца, дык ужо дзеліцца з мужам. Адным словам, не жывеш, а ў карэце едзеш... А людзі брахалі, што я ніколі замуж не выйду. I не выйшла б, каб не зрабіў цуда Мікалай Цудатворца — выпрасіла ў яго. Я ўжо задок цяляціны ахвяравала, трэба будзе яшчэ дзве аўчынкі занесці. (Глядзіць у люстэрка.) I ты замуж выйшла!.. Ха-ха-ха!.. Ці не сон гэта?! Ах, як мне весела, шчокатна! Нават і любоўніка маю, каторы завецца Гаронім Цырубулка... Ха-ха-ха!.. Як бы гэта дазнацца праўды?..

Зява II

 

Убягае, айкаючы, гаспадар.

 

Гаспадар. Ай-яй-яй! (Пакруціўся па хаце, чуць не паваліўся, зачапіўшыся за ўслон, і выбег.)

Маладзіца хавае прысмакі.

 

(Убягае зноў.) Няма мне куточка, шчылінкі на гэтым свеце, дзе б я мог схавацца, затачыцца ад свайго сораму, здзеку, паняверы... Быццам я на смех людзям радзіўся... Брэшуць на мяне, торкаюць пальцамі на кожным кроку, дзе б я ні быў: на кірмашы, на сенакосе, на ўпоўзінах — усюды з мяне вышчараюць зубы, як з падзёртага каптана. Цьфу!.. Надоечы кабылу сваю вяду ў аглоблі, а яна ўперлася чацвярэнькамі і ані з месца! Зіркачы выказеліла, хвастом круціць, лупамі пляскае — і тая, каб цябе апундырыла, кепікі з мяне ўжо строіць. А ты, можа, думаеш, што калі падноска адстала ў маім боце, дык гэта, значыць, ён парваўся?! Не, ён не парваўся, ён смяецца з мяне, як і ўсе — і жывыя, і мёртвыя, і чужыя, і сваякі! Усе рагочуць, каб іх сардэчны смех зглуміў, усе наругаюцца, каб ім языкі патрухнелі! (Тупае нагамі.) Гвалт! Не вытрываю! Гвалт! Ратуйце!

Маладзіца. Ціха, супакойся! Што з табой? Ці не шалёны сабака цябе ўкусіў?..

Гаспадар. Шалёныя людзі ўкусілі! А калі і шалё­ны сабака, дык што далей? Што далей, пытаю?!

Маладзіца. Чакай, не далей, а пачнём спачатку. Ці Варап’ян пабудаваў сабе новую хату?!

Гаспадар. Пабудаваў.

Маладзіца. А ці ён цябе на ўпоўзіны прасіў?!

Гаспадар. Гм... прасіў.

Маладзіца. Што ты там быў, дык гэта я ведаю, але чаму так хутка вярнуўся, дык не згадаю.

Гаспадар (ядавіта). Што гэта, па-твоему, на ўпоўзінах трэба век векаваці? Што гэта, па-твоему, калі кажуць, што ў цябе не жонка, а конскі партрэт, разумееш ты, — конскі партрэт, — дык гэта трэба слухаць ды аблізвацца? Га, чуеш? Кажы! Ух, так і просіць кулака! Лепш уцячы, каб не зграшыць. Уцячы на той свет, каб не бачыць, не чуць... (Выбягае.)

Зява III

 

Маладзіца. Як сто нячысцікаў на яго ўссела... Лётае, як пацук па гарачай пліце, як са шпількамі ў пятах... Пад ногі не глядзіць, носіцца без памяці... Яшчэ, чаго добрага, з размаху ў студню ўскочыць... Пайду пасачу за ім.

 

У парозе сутыкаецца з  гаспадаром. Абое айкаюць, схапіўшыся за пабітыя месцы.

 

З’ява IV

 

Гаспадар. Люцыпар цябе падкруціў...

Маладзіца. Хай на цябе безгалоўе — лоб у цябе каменны, ці што?! Аж іскры пасыпаліся.

Гаспадар. I выйшаў, гэта, я толькі на вуліцу, каб ужо ляцець, куды вочы вядуць, куды ногі нясуць, ажно адкуль ні вазьміся — тыц: выскачыў з-за вугла галапуп ды давай крычаць на ўсю вёску: «Конскі пальтлет! Конскі пальтлет!» Ну, і што мне рабіць, як мне жыць?! Ох, каб была дзе такая фабрыка, дзе б ёй можна было зрабіць рамонт, апошняе кашулі не пашкадаваў бы, аддаў бы гэтую мардасіну, гэты сіняк мае душы...

Маладзіца. З кім ты там гутарку вядзеш?

Гаспадар (злосна). Есці давай!

Маладзіца. Вось табе маеш: быў на ўпоўзінах — і есці яму давай.

Гаспадар. Есці, кажу, давай!

Маладзіца. Нічога ласага няма.

Гаспадар. А, Божанька мой!.. (Крычыць.) Есці давай!

Маладзіца. Або-о, гэта ж ужо сонца на апоўдні — палуднаваць пара. Ты толькі не думай, што я спужалася твайго крыку. Прыйшла пара — дык я і даю. На, во, сёрбай капусту.

Гаспадар (разважаючы сам з сабою). Так я і зраблю. Перш схаджу да шаптуна: мо ён паратуе і дасць якой палітуры ці аздобы, каб яе крыху ахарошыць. А калі не, дык ноччу вазьму ды прыкончу.

Маладзіца. Годзе там ужо спавядацца, хадзі палуднаваць, а то я ўсё з’ем.

Гаспадар. Чаго яна да мяне прыстае і хто яе прасіў гэту ежу даваць?

Маладзіца. Як хто прасіў?! Ці пры сваім ты розуме?

Гаспадар. Ты — конскі партрэт!

Маладзіца (бярэ міску са стала). Гэта не жыццё, а круцёлка якаясьці.

Гаспадар (адбірае міску; абое ядуцъ). Нябось сама, пэўне, ужо ўсе дзялянкі паела?..

Маладзіца. Дурны поп цябе хрысціў, вось што!

Гаспадар. Ды не цямкай ты губамі, а то ўсе свінні пазбягаюцца!.. Ціха, не сёрбай, а то мяне за­раз уцягнеш!.. (Не даносіць лыжкі да губ, прыглядаецца да жонкі, кідае лыжку і адварочваецца.) Ох, не магу, мутарна, нудзіць мяне...

Маладзіца. Што, таракана ў капусце знайшоў? (Шукае ў місцы.) Дзе? Няма.

Гаспадар. Не таракан, а ты мяне нудзіш, як гнілое яйка, нудзіш... Вось завесіла б сваю яндоўку якім-небудзь рызманом, каб вачэй людскіх не псаваць. Ох, хай бы я лепш галаву сабе скруціў, чымся меў з табой жаніцца! Хай бы лепш заместа цябе радзіўся які чорт хвастаты, пан пузаты! Хай на цябе звод, конскі партрэт!

Маладзіца. А, брашы сабе — мне хоць бы што! Брашы сабе, калі ў цябе такая лапатлівая на­тура. (Сядае на лаву, нешта ў нос напявае, колыша нагамі і чэша валасы.)

Гаспадар (заклапочаны, стаіць каля дзвярэй). Гм... і рабі, што хочаш. Трэба выйсці на двор — і няма як. Проста хоць згінь! Выйдзеш — а тут табе з-за вугла галапуп і выскаліцца: «Конскі пальтлет!»

Маладзіца. А чаго цябе на двор нясе?

Гаспадар. Ось, паляруш яе ведае, пытае, чаго людзі на двор ходзяць і ўсё такое... Ой, як жа мне быць?! Страшна! (Вытыкае галаву ў дзверы.)

Маладзіца (палохаючы). Гррр... вазьміце яго! Ха-ха-ха!..

Гаспадар (перапужаны, зачыняе дзверы). Дур­ніца ты, вось і ўсё! Пудзіла старое! У каноплі цябе паставіць... Я з табой свіней не пасвіў, таму няма чаго са мной панібратацца. Вунь хоць бы грыўку сваю асмаліла, а то і сапраўды да конскага партрэта падобна!

Маладзіца. Ціха... Ці ты чуеш?.. Нехта гвалт крычыць.

Гаспадар. Дзе гвалт крычыць? (Прыслухоўваецца.)

Маладзіца. Во, хадзі сюды... Як бы пад сталом і разам з тым як бы далёка... Бліжэй падыдзі... А што, ці чуеш?..

Гаспадар. А хай бы цябе немач, хай бы цябе разарвала на макавыя часткі! У носе ў яе свішча, а ёй выдаецца нейкая чартаўшчына. Выгадавала нос на кукальбаку, вось вецер у ім і гуляе, як па коміне, ды пасвіствае.

Маладзіца (углядаецца ў люстэрка). Ха-ха-ха, чаго ён прычапіўся да майго носа?! Ну, хай ён крыху павялік, а так акуратны, як точаны... Ат, калі благі добрага не любіць.

Гаспадар. Чорт, мусіць, сто гадоў думаў, пакуль выдумаў гэткае дабро. Хоць ты бяры ў трэсачкі ды выкідвай гэтае дабро вон... Кара Божая, кара...

Маладзіца. Ox, i трудненька мне... Марнееш, як той сыр у масле, ха-ха-ха...

Гаспадар. Ну, далей ужо не магу трываць! Дагэтуль жыў, але больш, выбачайце, не магу! Ось, лягу і буду паміраць... Не хапае сіл цярпець гэткую пакуту... Годзе! Ох, душна мне, душна... А тут яшчэ каля шыі цісне... не магу жычкі развязаць... душна... Дай мне нож!

Маладзіца (перапужаная). А, Божухна, нашто яму нож?! Кінь благую думку.

Гаспадар. Дай мне нож!

Маладзіца. Родненькі, даражэнькі, апамятайся, пашкадуй душу... Страшна...

Гаспадар. Дай нож!

Маладзіца. Не губі жыцця. Грэх! Людцы, ратуйце!

Гаспадар (разрываючы каўнер). На табе, асталопіна! Казаў, дай нож... Шый на другі раз шырэй каўняры.

Маладзіца (сплёўвае тры разы). Ото ж напужаў!.. Думала, самагубствам скончыць.

Гаспадар (ідзе ў кут). Вось, памалюся да абразоў святых, вазьму грамнічку і тады памру, канешне, памру. I як гэта я да гэтай думкі перш не дагадаўся?!. Пякельныя мукі, страшнае насланнё... О, святы Баболя, ты што... (3 жахам.) А гэта што?! Глянь! Нашто панавешвала конскія партрэты?! Што, гэта, мне на іх маліцца?

Маладзіца. Дзе? Тут нічога няма. Абразы толькі...

Гаспадар (сядае за стол і галосіць на ўсю хату). Праўда, абразы... Прапаў я, звар’яцеў. Нячысцік розум пакаламуціў. Жонка жыццё атруціла.

Маладзіца. Ну, чаго ж ты плачаш, пястунчык мой? Ну, супакойся...

Гаспадар (плаксіва). Чаго? А што, калі, ратуй Божа, ды ты пажывеш яшчэ колькі гадоў, і я з табой разам, ды, калі, ратуй Божа, у нас будуць дзеці... А ад гэтага не ўсцеражэшся... А гэтыя дзеці, ратуй Божа, пойдуць па табе... А калі, ратуй Божа, у гэтых дзяцей ды будуць яшчэ гэткія дзеткі, дык усе людзі будуць не людзі, а конскія партрэты. (Уздрыгваецца.) Ух, як скажу гэтае паскуднае слова, дык... як бы мяне чэрці на гарачыя вілы ўздымаюць! Апаганіў я сваю хату, узяўшы цябе за жонку. Нюхаўка — як дуга, зіркачы — як у крата, лоб — як патэльня, а губы і нос — цэлы воз. Адным словам, не твар, а торба, лапаць... А грыўка!.. Ну, сапраўдны конскі партрэт! Цьфу!

Маладзіца. Кончыў ужо?

Гаспадар. Дзе там кончыў! Валовай скуры не хопіць апісаць тваю красу. Ну, але хай будзе — кончыў.

Маладзіца. Ну, дык жа слухай. У мяне ёсць палюбоўнік, і я з ім пабяруся, а з табой — развод! I слухаць не хачу — развод, развод!..

Гаспадар (ашаломлены). Выбачай, я крыху недачуў...

Маладзіца. Развод, развод...

Гаспадар. Гэта добра, я чую, але ты скажы першае. Недачуў я нешта.

Маладзіца. У мяне ёсць палюбоўнік, і я з ім пабяруся.

Гаспадар. Каб ты толькі жыла! У яе палюбоўнік, ха-ха-ха!.. Яшчэ гэткі дурань не радзіўся... Ой, не кажы ты болып гэтага глупства, бо ўсе куры са смеху паздыхаюць.

Маладзіца. Развод, развод, развод!..

Гаспадар. А хто ж ён, гэты твой палюбоўнік?

Маладзіца. Гаронім Цырубулка.

Гаспадар. Гм... то мо і сапраўды ты кажаш?

Маладзіца. Як прыйдзе сюды, тады паверыш.

Гаспадар. Сюды?! Чаго ж ён прыйдзе?

Маладзіца. Ха-ха-ха! А чаго ж палюбоўнікі ходзяць...

Гаспадар. Во, ліха, дык яно да праўды падобна. (Трасе кулаком.) А яны, гады, казалі: «Спі спакойна: на тваю жонку ніхто не паквапіцца». А скажы ты мне, што ён у табе ўпадабаў?

Маладзіца. Во, кажа, люблю твае ножкі... Да ­душы, казаў.

Гаспадар. Ну ўжо і ўпадабаў крывашлапую! Ану, прайдзіся! Паўзіраемся.

Маладзіца. Ну што ж, і прайдуся. (Праходзіць.)

Гаспадар. А, нічога сабе, нічога... Хваліць вельмі няма чаго, але і ганьбаваць нельга.

Маладзіца (задаволеная). А каб ты ведаў: як пачне цалаваць, дык прысмокчацца, як п’яўка, а пасля давай кусацца. Тут паглядзі, каля шыі пэўна, знак ёсць.

Гаспадар. Бач яго, падлюга! Знак і сапраўды ёсць. Ды і не дзіва, што кусае — шыйка белая, як сыр. А ён жа, гад, заўсягды галодны, як воўк.

Маладзіца. Не мані. Ён у мяне так насілкуецца, што заўсягды кажа: «Наеўся, напіўся, і хвосцік завіўся». А як жа любіць мяне абдымаць! «Ты, кажа, пружыніста і цвёрда, як малатамі выкута».

Гаспадар. Няўжо праўда? (Прабуе.)

Маладзіца. Стой, не шчыпайся — баліць.

Гаспадар. Праўду ён кажа. Ну, а што болей?

Маладзіца. Каб ты ведаў: як сойдземся з ім, дык ён усё просіць, каб заспявала... Голас мой упадабаў... Асабліва гэтую песню:

 

Сядзіць жаба на карчы

I кажа вароне:

— Кланяйся мне да начы:

Я сяджу на троне.

 

Вые сабака.

 

Гаспадар. Добры галасок, нішто. Але што гэта стрэліла сабачаму розуму? Аж завыў, воўчы клык!

Маладзіца. Aт, глупства, ён заўсёды вые, як я пяю. О, мне толькі трэба маргнуць вокам, як мужчыны за мной шнурам! Што ж, няпраўда?..

Гаспадар. Магчыма... Любоўнікаў не абы-хто будзе мець... Ну, а што ён яшчэ ўпадабаў?

Маладзіца. Ласун, ты хочаш, каб я табе так усё і сказала, ого! Не будзь вельмі цікаўны — пастарэеш хутка.

Гаспадар. Ён, пэўна, свістун, тваіх валасоў не пахваліў? А кудзеркі маеш надзіва!

Маладзіца. Хто «ён»?

Гаспадар. Той жа Цырубулка. А што, у цябе іх шмат, што ты пытаеш: «Хто?»

Маладзіца. Цхі-і... хоць адбаўляй! Вунь і Гаўрыла Таўкач ужо клюе...

Гаспадар. Клюе?! (Абнімае жонку.) А мая ж ты сіваваронка, а мая ж ты перапечка, а мая ж ты крупаварніца... вось усцешыла мяне! А я думаў, што адзін дурань на свеце — гэта я...

 

У дзвярах паказваецца Гаронім Цырубулка — кульгавы, прыдуркаваты, з палкай.

 

Зява V

 

Гаспадар. Хадзі, хадзі, брат, закурым, не бойся...

Цырубулка. Ды некага мне баяцца, тося-бося. Я прыйшоў пазычыць хамут у кума.

Гаспадар. Ха-ха-ха, ведаю, які хамут! Не прыкідвайся нязнайкаю. А шуры-муры з маёй жонкай хто заводзіў? Га?! Ха-ха-ха!..

Цырубулка (убок). Во, тося-бося, ускочыў у мех — толькі завязаць...

Гаспадар. Ох, люблю я цябе, «тося-бося». (Абнімае Цырубулку.) Цяпер на свеце ўжо ёсць два дурнi. А ўдвух сумаваць не будзем.

Маладзіца (абнімае Цырубулку). А мой ты галубок, добра, што прыйшоў, бо мой не хацеў усё верыць...

Гаспадар (адцягвае жонку). Ты, гэта, вельмі не падлабуньвайся, не прыліпай...

Маладзіца. Што, ты мне забароніш?! Агледзеўся цяпер?.. А чапялы ці пробаваў калі? Га?! Кыш з хаты, каб і духу твайго не было! (Выганяе гаспадара.)

Гаспадар (выткнуўшы галаву праз дзверы). Конскі партрэт! (Іржэ.) І-га-га-га! Конскі партрэт!

Маладзіца (кідаецца на гаспадара; ён хаваецца). Ты мне пагаворыш!..

 

Зява VI

 

Цырубулка. Ах ты, тося-бося, бульбаед! Заганю цябе ў казіны рог! Аблаю на дваццаць гадоў! (Затыльгіцкаў.)

Маладзіца. Не турбуйся, цацаненькі... Я ўжо зашчапіла дзверы — не ўлезе цяпер. Ну, пацалуй жа мяне!..

Цырубулка. Чакай, хай апусцяць заслону, а то будуць смяяцца...

 

Заслона закрываецца.

 

Гаспадар (лезе з боку публікі на авансцэну)

 

Стой, стой, не закрывай!

Я зараз... Крыху пачакай...

Адтуль не хочуць прапускаць...

А жонку мушу пакараць,

Каб іншых здрадніц напужаць

Ды каб маральнасць п’есе даць.

О, не пусцілі!.. Як відаць,

Трэ ўжо, папраўдзе, паміраць

I час жаніцьбы праклінаць...

Астаўлю вас тут хахатаць,

А сам я змушан уцякаць.

 

Канец

 

Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. – Мінск: Маст. Літ., 2008. 343 с. – С. 131-141

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ