Плещеницы.by


 

П. С. X.

 

Фацэція на адну дзею

 

ДЗЕЮЧЫЯ  АСОБЫ

 

Гаспадар.

Гаспадыня.

Чырвонаармеец.

Кітаец.

Сусед.

 

Сялянская хата. Смешны безлад: напрыклад, на стале ляжыць лапаць, на печы табурэт, вядро на ложку і г. д. З аднаго боку сцэны сядзіць Гаспадыня і клепле касу альбо сячэ дровы, з другога Гаспадар, які латае аграмадную дзіру ў нагавіцах і насвіствае на матыў якой-небудзь рэвалюцыйнай песні. Якісьці час ідзе мімічная ігра.

 

Гаспадар. Цьфу! Дзе гэта відана, каб жанаты чалавек латаў сабе нагавіцы.

Гаспадыня. Ох, дзе гэта відана, каб замужняя жанчына секла дровы штодня.

Гаспадар. А зусім зразумела. Не сяку дроў, бо не маю часу мушу латаць нагавіцы, мушу рабіць тваю работу.

Гаспадыня. Брэшаш, гэта я раблю і тваю і сваю работу, а ты толькі бадзяешся па сходках ды дурыш людзей. Падумаеш, у партыю запісаўся! Арацер! Камуністы! Цьфу! Пустадомак ты, а не гаспа­дар! Паглядзі, да чаго ты хату давёў: як пасля пажару. Ужо хай бы валачыўся па чужых кутах, валакіта паджары, дык не: навёў грутання, а тыя ўсё ўверх дном паставілі. (Парадкуе ў хаце.)

Гаспадар. Ай-ёй! У калена ўкалоў. Сціхні ты, хай цябе люндар свісне – заслухаўся і ўкалоў. Вельмі ўжо складна язык твой завіхаецца. Глядзі, каб ён цябе на камісара не выкіраваў.

Гаспадыня. Гэта ты дамагаешся такой чэсці, а ў мяне камісар і атопка не варты.

Гаспадар. Ой, не разганяйся вельмі. Цябе, таварыш жонка, як відаць, буржуйскае натхненне апанавала.

Гаспадыня. Ты свае настаўленні сабе на снеданне пакінь, бо мне ад іх толькі духі падводзіць.

Гаспадар. Вось я табе і кажу, што гэтыя паскудныя буржуйскія духі лепш выпусці, бо я як партыйны не пацярплю, каб...

Гаспадыня. Ах, каб ты затануў, во чаго дачакалася. Прыйшоў гэта ў маю хату прымаком, прыйшоў, як кажуць, на ўсё гатовенькае, усё змарнаваў, усё праеў...

Гаспадар. Брэшаш, не ўсё праеў... было так, што і прапіў.

Гаспадыня. Нават пад бок няма чаго падлажыць...

Гаспадар. I добра: не будзеш доўга спаць.

Гаспадыня. У хаце пуста, і аруды пустыя...

Гаспадар. Дужа добра. На выпадак пажару меншая страта будзе.

Гаспадыня. Вельмі ўжо ты разумны, як абора ад лапця.

Гаспадар. Ды я табе паказаў бы свой розум, але ты яго не патрафіш убачыць.

Гаспадыня. Ну ўжо і розум з хлеба гузікі рабіць.

Гаспадар. Ану, давай падужаемся. Вось скажы ты мне, сарока-белабока, што такое калакціў?

Гаспадыня. Дурань ты!

Гаспадар. У дурня ўсё дурное. Слухай жа: калакціў – гэта такая машына, зробленая з людзей. I калі яе пусціць у равок, рэвалюцыйны, значыць, камітэт, дык яна наробіць такі тарарах, што ажно ўвесь свет вушы падыме...

Гаспадыня. I калі ва ўсім свеце будзе такі парадак, як у нас у хаце, і калі ў жываце кожнага будзе вурчэць ад голаду, як у мяне, дык гэта будзе не свет, а пекла.

Гаспадар. Калакціў што хочаш зробіць: з неба пекла і з пекла неба. Праз яго мы, паднявольныя працоўныя, загаспадарым на ўсім свеце, запануем над панамі і дазволім сабе аддыхнуць, бо ўжо годзі, напрацаваліся. Вось як!

Гаспадыня. Нос лепш свой вытры ды навучыся перш быць гаспадаром у сваёй хаце, а пасля ду­май аб усім свеце.

Гаспадар. Не я гаспадар, увесь народ гаспадар, бо я што гузік. Ды ў мяне нічога свайго няма. Хата, жонка, душа і нават люлька не мая, а ўсіх, агульная. Цяміш, сарока-белабока? Ёсць такі таварыш Пардон (Прудон – Л. Родзевіч), дык ён кажа, што ўласнасць – гэта кража.

Гаспадыня. Вось пачуў ад нейкага галадранца і чаўпе, як у пустую бочку.

Гаспадар. Вось жа! У галадранца найчасцей бывае голая праўда.

Гаспадыня. Ох, каб я ведала, што ты перавернешся ў камуністу, дык лепш бы галавой у прорубку кінулася, чым за цябе замуж выходзіць.

Гаспадар. Каб я ведаў, што ты абуржуішся, дык аб’ехаў бы цябе, як дзірку ў мосце. I зачашы сабе на носе, што калі мы збудуем камуністычны рай, дык цябе, паганае зелле, і на вярсту не падпушчу.

Гаспадыня. У ваш рай толькі здохлых катоў кідаць.

Гаспадар. Вось каб ты была так разумная, як дурная, дык я крыху мог бы падурнець і далей з табой пагутарыць. А так няма аб чым, бо ты калода трухлявая.

Гаспадыня (плачучы). Я ведаю, што я табе не жонка, а калода. Ох, доля мая! I смертухны на мяне няма. Думала, дзетачак дачакаю, жонкай і гаспадыняй буду, а тут на табе калода, наймітка...

Гаспадар. Маніш. Найміткай я цябе не абзываў, бо і па дакрэту найміты не палагаюцца.

Гаспадыня. Усе суседзі жывуць як людзі, а мы, як на папасе, проста рукі ападаюць. Ох, няма ў цябе нічога святога. Поўзаеш ты, як крот, точышся, куды не трэба, як жук. Ты толькі падумай: ці ж мы на тое будавалі гэтую хатачку, каб у ёй панаваў безлад і папасвалася розная нечысць. Верабей і той будуе сабе гняздзечка, бароніцца і дзетак гадуе, а тут... сэрца толькі крывёй абліваецца.

Гаспадар. Гэта ўсё на праўду як бы і падобна, але калі, бачыш, ужо час такі: беспартыйнаму, хоць трэсні, аніяк няможна быць. Трэба альбо туды, альбо сюды.

Гаспадыня. А ты і не туды, і не сюды, а будзь тут, тутэйшы, і пільнуй сваёй хаты.

Гаспадар. Яно-то справядліва, але цемната наша вельмі ўжо надакучыла. Хочацца выбіцца ў людзі. Свет, бачыш, не толькі ў акне, але і за акном ёсць.

Гаспадыня. Калі сам сабе цаны не знаеш, дык людзі цябе не ацэняць.

Гаспадар. Былі б залатыя твае словы, але ты іх так мочыш слязьмі, што выходзіць адна гразь. Вось пакінь лепш плакаць. Давай папалуднуем мо я і палепшаю.

Гаспадыня (дае есці). А ужо дабраты ад цябе не дачакаешся добра, каб ты хоць паразумнеў крыху.

Гаспадар (есць). Ты толькі не плач усё будзе добра. I хата не перакуліцца, і дзяцей, як бобу, бу­дзе, і пойдзе спор і прыбытак.

 

Гаспадыня голасна ўздыхае.

 

Што так жаласна ўздыхаеш?

Гаспадыня. Цяжка мне, што няма ў нас гаспадарскага жыцця: ніколі ты не абнімеш, не пакахаеш мяне.

Гаспадар. Дай во заціркі пад’есці, дык і пакахаю.

Гаспадыня. Ну дык і я табе памагу, каб хутчэй. (Есць зацірку.)

Гаспадар. Спраўлюся я і адзін... Паможаш ты мне, як кашаль хваробе...

 

Маўчанка.

 

Гаспадыня. Ці ты чуў, што Тамашыха рассыпалася? Дзяўчынка – як анёлачак.

Гаспадар. А ты мне глядзі, каб хлапцоў.

Гаспадыня. Гэта ўжо прасі бусла.

Гаспадар. Каб хлапцоў і каб па двое. (Ушчыпнуў гаспадыню.)

 

Гаспадыня ойкае і рагоча.

 

I каб па мне пайшлі...

 

Якісьці час жартуюць. Стукат у акно.

 

Голас  суседа. На сходку! На сходку!

Гаспадар (кідае есці). Ужо! Ужо іду! (Бяжыць, завіхаючыся, але гаспадыня ловіць яго за падалы.)

Гаспадыня (крычыць). Гвалту! Каравул! Замучыць ён мяне, забе, загубіць!..

 

Убягае сусед.

 

Сусед (да гаспадара). За што ты яе беш? Шэльма ты! Чым яна табе правініла?

Гаспадыня. А табе, дабрадзею, што за інтарэс? А можа, я сама хачу, каб ён мяне біў!

Сусед (адступаючы). Ды мне што вось пачуў гвалт, дык і прыйшоў.

 

Гаспадар выбягае.

 

Гаспадыня. I сам прыйшоў гвалтаваць?.. Што гэта, па-твоему, муж не мае права біць сваёй жонкі?! Апякун які вырваўся, як Піліп з канапель. Можаш сабе выходзіць, з чым прыйшоў, ды жывей, каб твайго смуроду не было, бо зараз чапялой...

Сусед (уцякаючы). Вось ведзьма кіеўская!

Гаспадыня (адна). Гэта мужыкі называюцца! Адзін уцякае ад жонкі з хаты, а другі не дазваляе жонку біць. Цьфу! Вось і жыві цяперашнім светам. I што мне рабіць, беднай галованьцы? Ізноў адна ў хаце. Хоць ты ў пятлю лезь... Ох, як гэта цяжка, калі муж ёсць і ён не муж, а валакіта. Былі тыя, паны, дык глядзеў, рукі сашчапіўшы, як яны ўсю дамову глумілі, поўзаў на ўслужэнні, прадаваўся за тры грошы... А цяпер з гэтымі камяністымі заюрыў, на партыю захварэў, зыкуе па сходках... Ну, але я не буду, калі табе гэта не адкінецца.

 

Убягае чырвонаармеец, за ім кітаец. У абодвух нашытыя зоркі на шапках і рэвальверы напагатове.

 

Чырвонаармеец (акцэнтуе па-маскоўску). Ру­ки вверх!

Гаспадыня. Дык у нас няма нічога... Было калісь, але...

Чырвонаармеец. Бандиты?

Гаспадыня. Ведаю, што вы бандыты, толькі ж я кажу, што нічога няма. Жыццё мілей – усё б аддала.

Чырвонаармеец. Молчать! Где контррево­люционеры?

Гаспадыня. Як?

Чырвонаармеец. Чаво?

Гаспадыня. Як, пытаю.

Чырвонаармеец. Буржуев здеси нетути?

Гаспадыня. Буржуяў, кажаце... Гм... буржуяў... дзе тут бы выдлубаць буржуя... У вёсцы дык няма... А тут, гм... Чакайце! Ёсць! Вось у гэтай хаце жыве! Страшэнна буржуяваты, боўдзіла.

Чырвонаармеец. Живет? Подать его сюда!

Гаспадыня. Ды дзе ты яго цяпер зловіш. Прыйдзе сам, дзе ён дзенецца. Але гэткі, ці ведаеце, закаранелы буржуй, што мне проста ад яго жыцця няма. Добра, што вы прыйшлі. Сядайце, калі ласка. Я вас не пазнала з перапуду прыйдзецца падкурываць. Сядайце. Бур­жуй страшэнны мой муж. Ён гразіць цэламу свету машыну нейкую выдумаў, хітра так называецца...

Чырвонаармеец (да кітайца). Слыхал?.. Ма­шину... Будет жарко...

 

Кітаец замычаў.

 

Гаспадыня. I гэтай машынай хоча ўвесь свет пад сваю ўладу закаціць. Дадушы, праўда. Надоечы мне хваліўся – як жонцы, дык ён аб усім хваліцца.

Чырвонаармеец. А где он теперича буржуйничает?

Гаспадыня. Паляруш яго ведае, дзе ён... Мо гэтую машыну пускае ў ход... Толькі вы не звяртайце на яго ўвагі, калі будзе хваліцца, быццам ён камуністы. Хавай Божа, ён ім ніколі не быў і не будзе. Трэба толькі добра яго пужануць бізуном ці чым іншым – умомант прызнаецца. Я ўжо яго натуру знаю.

Чырвонаармеец (трасе нагайкай). Не из­вольте беспокоиться, товарищ, мы его приведем в христианство. Слушай, ты, попугай китайский, еже­ли он будет сопротивление оказывать, так стегай его поразмашистей. Понял?

К і т а е ц. Дау, туарышч.

Гаспадыня (глядзіць на кітайца, падпёршы галаву рукой). Божа моцны, якіх гэта толькі стварэнняў няма на свеце! Вось паставіць бы яго на ворыва замест пугала. (Да кітайца.) Скажы, ці гэта твой народ есць людзей? Ай, ай... не падходзь... стой... баюся... Згінь ты, прападзі!..

Чырвонаармеец. Ха-ха-ха! Боишься смерти, голубушка? Ну, красавица, пока суд да дело, попот­чуй-ка нас теперича чайком.

Гаспадыня. Нічога, галубочкі, не маю: ні хле­ба, ні да хлеба.

Чырвонаармеец. Да-а... Дело, значит, лафа... А знаешь, курносая, ты мне больно нравишься.

Гаспадыня. Не ведаю. Не цямлю.

Чырвонаармеец. То есть как так «не цям­лю»?

Гаспадыня. А так, што каб вас уцяміць, дык трэба бочку жалезнага бобу з’есці.

Чырвонаармеец. Да-а... А меня поцелуешь, жисть ты моя?

Гаспадыня. Ну так ужо зразу і цалавацца.

Чырвонаармеец. Ну, а какое такое тебе удо­вольствие составить,  чтобы расположение иметь?

Гаспадыня. А вось трэба паставіць моцную гарэлку і палажыць смачную закуску, дык тады і пагутарыць весялей будзе. Тады гэтае вашае распалажэнне і састаўленне будзе.

Чырвонаармеец. Ха-ха-ха!.. Эх ты, моя разлапушка! Ну, раскосый, замечаешь бабу-то? Как тебе?

К і т а е ц (цмокае ў пальцы). Цк, туарышч!

Чырвонаармеец. То-то оно-то! А если бы у тебя не были раскосые глаза, так ты бы еще больше толк взял в этой разлапушке. Ну, так валяй к подво­де и тащи... Понял? И чтобы без промедления обрат­но возвратился.

Кітаец. Дау, туарышч! (Выходзіць.)

Чырвонаармеец. Ну, а ты песни играть-то умеешь?

Гаспадыня. А як калі давядзецца.

Чырвонаармеец. Черт! Вот уж ни бельмеса не понимаю. Скажи, пожалуйста, это ты польским изречением разговоры разговариваешь?

Гаспадыня. Ды куды там па-польску інакш.

Чырвонаармеец. Ану, жарни по-польски-то.

Гаспадыня. Пся крэв, прошэн пана...

Чырвонаармеец. Ха-ха-ха!.. Очень мудрено. А вот каким языком ты изъясняешься?

Гаспадыня. Якім... па-беларуску.

Чырвонаармеец. Какой такой белорусский?

Гаспадыня. Па-беларуску, ну, па-тутэйшаму.

Чырвонаармеец. Ха-ха-ха!.. Чудно, ей-богу! Долго странствовал, многих видывал, но таких, так сказать, переплетов не слыхивал, ей-богу.

 

К і т а е ц уносіць выпіўку і закуску.

 

Ура, китайский попутай!

 

Гаспадыня падае чарку.

 

Итак, начнем трапезу. Выпьем за расположение и составление, ха-ха-ха...

 

Выпіваюць. Чырвонаармеец заспяваў.

 

Сидит Ванька на заборе

С выражением во взоре.

 

Гаспадар (уваходзіць). Го-го! А гэта што за баль?

Гаспадыня. Вось ён...

Чырвонаармеец. А ты кто будешь? Ты хозяин?

Гаспадар. Гм. Калі што добрага, дык я.

Чырвонаармеец. Ты, голубчик, поудерживай свое словоизлияние и отвечай на самую-то суть от­носительно касательного факта.

Гаспадар. Які хвакт? Адкуль ён?

Чырвонаармеец. Опять своротил на околь­ную... Говори: ты буржуй?

 

Гаспадыня выйшла.

 

Гаспадар. Ха-ха-ха!.. Я буржуй, ха-ха-ха!.. Ну і смехатун!

Чырвонаармеец. Чево «смехатун»? Буржуй, спрашиваю?

Гаспадар. Што-о? Ты, таварыш, не лайся, бо я, таварыш, таксама таварыш. Я нават таварыш самага важнага тут, у вёсцы, таварыша... Змалку з ім грушкі кралі, свіней пасвілі...

Чырвонаармеец. Нет, голубчик, не ускольз­нешь мы тоже знаем, что ты знаешь. (Да кітайца.) Ану, вяжи его, да покрепче!

Гаспадар. Як, мяне, гаспадара... за што? На што?

Чырвонаармеец. Говори: ты буржуй?

Гаспадар. Хавай Божа, ніколі ім не быў. Стойце, чаго вы прысталі... Які я буржуй... Вось нядаўна латаў сабе лату ды зацірку хлябаў.

Чырвонаармеец (да кітайца). Зашпандори­вай ему в задние обстоятельства.

 

Кітаец б’е гаспадара.

 

Гаспадар. Ай, ай, стойце! Што гэта вы, таварышы, пашалелі, ці што? На якога чорта здалася вам мая скура? Па дэкрэту не палагаецца біць.

Чырвонаармеец. Сознайся, аль еще мало всыпали?

Гаспадар. Цьфу, напасць! Калі вам так трэба, каб я быў буржуй, дык хай сабе буржуй. У мяне ўжо розум за розум заходзіць. Mo я i сам не заўважыў, як зрабіўся буржуем...

Чырвонаармеец. И динамо-машиной обла­даешь?

Гаспадар. Ці чуў?! А-я-я...

Чырвонаармеец. И всему пролетариату угро­жаешь?

Гаспадар. Во як? Няўжо?

Чырвонаармеец. Сознайся, мразь африкан­ская!

Гаспадар. Чакай, дай успомніць, нешта мне гэта не ў памяці.

Чырвонаармеец. Эй, раскосый, дай ему на память-то!

Гаспадар. Ай, ай... Ужо, ужо ўспомніў: угражаю, усяму пралетарыяту ўгражаю як ёсць. Цьфу! Ну і папаўся, як таракан у саладуху.

Чырвонаармеец. Ставь, раскосый, буржуя к стенке. Расстреляем собаку.

 

Бяруць на прыцэл.

 

Гаспадар. А браточкі, а даражэнькія... за што, за якое?.. Я ўжо ўсё, што вы хочаце... Я ўжо нічога нікому ніколі ніякага... Каравул! Ратуйце!

 

Убягае гаспадыня.

 

Гаспадыня. Таварышы, таварышы! Уцякайце – паўстанцы! Паўстанцы з лесу выходзяць і проста на вёску валяць.

 

Чырвонаармеец і кітаец рупна ўцякаюць.

 

Ха-ха-ха!.. Вось ашукала. Цяпер іх каменем не дагоніш і сабакамі не зловіш.

Гаспадар. Ox, дзякуй табе, мая ты збавіцелька! Яшчэ момант – і мяне не стала б.

Гаспадыня. Вось, бачыш, я да цябе заўсягды з дабром, заўсягды шкадуючы, а падзякі ад цябе як няма, так і няма.

Гаспадар. Як жа я табе падзякую – бачыш, рукі і ногі звязаны. Вось развяжы мяне, мая шчабятушка-весялушка.

Гаспадыня. А за што гэта яны цябе так спавілі?

Гаспадар. Ат, глупства. Ну, ведама, партыйныя справы: я свае, а яны свае, далей болей, i мяне чуць не замучылі. Ох, напужалі...

Гаспадыня. Горш яшчэ будзе, калі не будзеш жонкі слухаць.

Гаспадар. Ой, развяжы...

Гаспадыня. Няма мне часу. Ты тут паляжы, аддыхні, папільнуй хату, а я тым часам пайду на сходку курэй ды парасят.

Гаспадар. Жоначка, развяжы...

Гаспадыня. Паспееш з козамі на торг. (Выйшла.)

Гаспадар (злосна). Жонка! Жонка! Ці я табе болей не гаспадар? Га? Развяжы, кажу! Чуеш, бо дрэнна будзе. Гэй, хто там жывы, выручайце! (Маўчанка.) Ах, хварэць вашай галаве! Што гэта вам я на смех радзіўся?.. Калі ж так, дык вам давяду, што я не лыкам шыты! (Рве вяроўкі.) К чорту вашыя путы! Вось як! Калі сам сабе не паможаш, дык ніхто табе не паможа. Ну, дрыжы, вораг! Вррр!.. Я, пабіты, абакрадзены, аблаяны, завурчэў са свайго логава, з хатачкі маёй апушчанай, пакрыўджанай... Ух, задам такога пытлю, што... (Чапляецца за венік.) А ты, што, таксама ў іх хеўру запісаўся? (Ломіць, топча.) Вось табе, во, знай свайго гаспадара! Чакайце, спраўлю я вам усім такую балёўку, што ўнукі будуць помніць! Пачну ад жонкі. Дзе жонка? Жонка! (Выбягае.)

 

Гаспадыня ўбягае; чуваць крык гаспадара, які пагражае гаспадыні і кліча яе.

 

Гаспадыня. Ловіць мяне, шукае... Прапала я цяпер, забе, згінула...

Гаспадар (убягае з суком). Ага! Вось дзе я цябе прыпасціў...

Гаспадыня. Ціха, ссс... Яны...

Гаспадар (перапужаны). Яны... як... сюды, ізноў... дзе яны? (Выпускае сук, ногі трасуцца, язык заплятаецца.) Дзе б мне схавацца, во напасць... Пракляты дзень... (Торкаецца ўсюды, каб схавацца, урэшце хаваецца naд ложак ці naд прыпечак.)

Гаспадыня. Ціха, ужо, здаецца, прайшлі, абмінулі... Вылазь!

Гаспадар. Не, я ўжо, каб бяду абмінуць, лепш пасяджу тут.

Гаспадыня. Кажу табе, што прамінулі. Вылазь! Маеш для смеласці выпіць чарку.

Гаспадар (вылазіць са сваёй схованкі і выпівае чарку). Яшчэ, котачка!

Гаспадыня. Маеш.

Гаспадар. Яшчэ, рыбачка!

Гаспадыня. Пі, толькі не пужайся.

Гаспадар. Яшчэ, ягадка!

Г а с п а д ы н я. А ці не хопіць ужо?

Гаспадар. Яшчэ, яшчэ...

Гаспадыня. Не перабірай меркі.

Гаспадар. Эх, жоначка, бачу я, што ты ў мяне міністр, ты мучаніца, а я цьфу, ды нагой расцерці... (Слязліва.) Ох, немарасць мучыць мяне. Да чаго я дажыў... Што са мной сталася... Сорам на свет паказацца.

Гаспадыня. Глупства, не маркоцься. Нагавіцы я сама падлатаю, а як вытку тканіну...

Гаспадар. Ды не тое... Душу мне трэба латаць, душа мая дзіравая... У пазыкі яе аддаваў. Знасілі, абкаравілі яе... Ты думаеш, што гэта слёзы з маіх вачэй цякуць?.. Гэта жаль цячэ, боль цячэ...

Г а с п а д ы н я. А ты думаеш, мне легка... (Хныча.)

Гаспадар (згледзеўшы вядро на ложку). Во, гэта ўсё атрута для мяне... Вочы мае адкрыліся на праўду... Стаіш ты, ложак пакінуты, забыты, як човен дзіравы ў затоцы, а рака жыцця майго бяжыць міма цябе, міма... Ох, замест зіркатых дываноў і пухавых падушак я бачу чорт яго ведае, што я бачу! За­мест гарачых шэптаў, рыпаў-скрыпаў, охаў-уздохаў стаіць на табе вядро вады. Дзе гэта відана?! А ўсё я вінават, я ўвёў у хату свайго прыяцеля – безлад. Эх, заслужаны, выгадны ложак мой, даруй ты мне! (Валіцца на ложак і камічна ўсхліпвае.)

Гаспадыня (здымае вядро). Ну, сціхні, я ўжо ўпарадкую.

 

Гаспадар сціхае, пэўны час маўчанка, потым ён пачынае смяяцца.

 

Чаго там гагочаш?

Гаспадар. Мне смешна. Ха-ха-ха...

Гаспадыня. Чаго табе смешна?

Гаспадар. Што я дурны.

Гаспадыня. Во гэта, хоць дурны, але праўду сказаў.

Гаспадар. Ведаеш, стрэльнула ў галаву вельмі цікавая думка, але так трэснула, што аж зашчакатала.

Гаспадыня. Што такое стрэльнула?

Гаспадар (смяецца). Ну, як да гэтага я перш не дагадаўся! Такая звычайная рэч і такая моцная праўда. Хадзіў каля гэтага, шчупаў, бачыў і не разумеў. Вось дурны!

Гаспадыня. Аб чым гэта ты ўсё чаўпеш?

Гаспадар. Слухай. Мы, гэта значыць, ты і я, бульбаеды і дамаседы, закладваем сваю партыю. I ведаеш, як яе назавём?

Гаспадыня. Ну?

Гаспадар. Не «ну», а «Пільнуй сваю хату».

Гаспадыня. Цьфу! Амерыку адкрыў. Я табе даўно аб гэтым казала.

Гаспадар. Не, ты сціхні... ты паслухай. Ты ка­зала, а я зраблю... Я давяду, дзе праўда... (Узлазіць на зэдлік; тонам казальніка.) Грамадзяне! Час грамадзіцца! Бо што зробіш сягоння, таго ўжо заўтра не асіліш. Ратуйце свае хаты, у якіх стрэхі захварэлі на воспу, вокны – на слепату, зруб пакрывіў паляруш, а гаспадар сядзіць пад печкай, бо нячыстая моц хатай камандуе. Грамадзяне, запісвайцеся ў партыю «Пільнуй сваю хату»! Памятайце, што ў аб’яднанні – моц, а ў моцы – шчасце, бо хто дуж, таму мора па калена. Гэтая партыя бароніць хату ад усялякіх такіх чыкаў-брыкаў. Яна дае гаспадару тое, што гаспадар сам возьме, бо даведзена ўжо, што абяцанка цацанка, а дурному радасць. Апрыч таго, яна дае, ну, вы разумееце, што яна гэта тое... ну і ўсё такое. Верце мне, я стары верабей! Перапробаваў я ўсе партыі: справа налева і злева направа. Тыя мне папсавалі ўсю скуру, як сабаку таго, клікалі рознымі найменнямі, абдзёрлі, як ліпку...

Гаспадыня (плачучы). Апошнюю кароўку за­бралі, пяць хунтаў воўны ўкралі, нізкі сушаных баравікоў...

Гаспадар. Але, але... А гэтыя... падаць мне іх сюды... чуць капут не зрабілі. Дык я і кажу, што гэтая партыя «П. С. X.» найлепш нам пасуе. Не кажучы аб іншых выгадах, тут табе нават і жонка ёсць. У якой партыі вы гэта знойдзеце? Праўда, жонка? (Абдымае гаспадыню.)

Гаспадыня. Праўда, міленькі, праўда!..

Гаспадар. Дык чаго ты плачаш?

Гаспадыня. Калі ж ты ўжо вельмі жаласна, вельмі хораша гаворыш.

Гаспадар (выпівае чарку і зноў прымае тон казальніка). I хай толькі цяпер хто ткне нос у нашы хатнія крэнту-мэнту, дык з тым вось як! (Разбівае чарку аб подлогу.) Хай красуе гаспадар на покуці сваёй хаты!

Гаспадыня. Хай красуюць і ручаць хатнія справы!

Разам. Хай жыве партыя «Пільнуй сваю хату»!

 

Заслона

 

Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. – Мінск: Маст. Літ., 2008. 343 с. – С. 196-209


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ