Плещеницы.by


 

Збянтэжаны Саўка

 

Жарт у адной дзei

 

АСОБЫ

Саўка.

Магрэта.

Жабрак.

З’ява І

Саўка (уваходзіць). Жонка!

Магрэта. Я.

Саўка (грамчэй). Магрэта!

Магрэта. Тутачкі яна.

Саўка (яшчэ грамчэй). Чарвіва качарыжка!

Магрэта (яшчэ цішэй). Лістком перад табой, пакорна, як цялё.

Саўка. Вух, каб цябе маланка, рэся-разанка!.. Ты чаму мне палуднаваць не прынесла? Іншыя paтai дык i паспаць ужо здолелі, бо маюць жонак, а не гэткія во, рэзгіні гнілыя. Вух, які я злосны!

Магрэта. А доля ж мая чубатая! Ды я i так ужо стараюся. Усё з кута ў кут, то тое то сёе, то туды, то сюды, адным словам, нi работа, нi аддуха. Xiбa ж я тут вінавата?!

Саўка. Ціха, малатарня! Залапатала ўжо. Каб ты так pyкaмi зaвixaлacя, як языком, дык муж не галадаміраваў бы. I нашто ты жывеш? Толькі свет копціш. Вух!

Магрэта. Ясны дзень, будзь мне сведкай, дух нябесны, будзь суддзёй! Працуеш, гэта, ад зары да зары, як мурашка, бешся як рыба аб лёд, а яму ўсё мала, а ён хоць бы што...

Саўка. Бачыў Бог працу, ды не даў мазаля. Hi-якага спору, прыбытку ў твaix руках няма. Тпру! Ды но! I ўсё на адным месцы. А я, Саўка, нi за што нi пра што пакутую, галадую, гібею ў непагоду, лю­тую там з сахой... Вух, каб цябе маланка, рэся-ра­занка!

Магрэта. I не піла ж я, i не ела ж я, памаліцца не здалела, а ўсё аб табе, аб Саўцы сваім, думала. I за думкай той не здалела ахнуць, як i поўдзень прыйшоў...

Саўка. Чакай, ты ў мяне ахнеш, як дабяруся я да твае аўчынкі — ох, скудлочу, ох, злямцую...

Магрэта (плачучы). Згінь ты, пропадам прападзі, жыццё гэткае катаржнае! Годзіш яму, як бла­гой скуле, на пальчыках ходзіш перад iм, хукаеш, дзьмухаеш, а ўсё дрэнна, а ўсё не так. Дам я табе палуднаваць, дам я табе есці, не абгрызай ты толькі мaix костачак; хай будзе ціха, як у вуху, каб людзі не смяяліся, свет не абгаварваў...

Саўка. Джа! Aні заікніся! Ані не магу я слухаць твае звягі ось быццам тупым нажом па шкле ёрзаюць. Ну i галасок удаўся як у парасяці, ушчэм-ленага ў плоце.

Магрэта. Антыхрыст ты! Яшчэ той чалавек не радзіўся, які б табе ўгадзіў... (Хоча дастаць з печы яду.)

Саўка. Цыц! Aні важся, ані зварухніся, бо ў зямлю па вушы ўганю! А калі не біта, дык нечага i хліпаць там у нос. Чуеш?!

Магрэта. Во залейцаў, во закелзаў, aні пікнуць, ані крануцца. Во дзе крыўда? Не магу далей трываць! Гіну ўжо, гіну, гіну, гіну...

Саўка. Ціха!

Магрэта. Box, вох, вох!

Саўка. Гвалту, гвалту, аглохну, здурэю!.. (Заты­кае вушы.)

Магрэта. Ай, яй, яй, яй...

Саўка (хапае вопратку ці посцілку i накрывае Магрэту). Ну, калі хопіць духу, дык крычы, каб цябе маланка, рэся-разанка, крычы! Га-га-га!.. Ну, крычы, чаго ж анямела? Вось хітра прыдумаў. А мо яна ўжо i скапуцілася? (Адкрывае Магрэту, каторая сядзіць на падлозе.) Ну вось, уціхамірылася, дык i дзякаваць Богу. Цяпер я з табой хачу пагутарыць аб нечым важным. Ты вось жальбуеш на сваю долю чубатую, што табе ў хаце вельмі дрэнна, работа заядае, ну i ўсё такое.

Магрэта. Горш i быць не можа. Ліхому ворагу не жычу такой жыткі, каб на яе звод, каб на яе...

Саўка. Тра-та-та-та! Пачалося! Дык жа калі табе так дрэнна, то зробім, каб было добра. Ты пойдзеш у поле араць, а я буду дома гаспадарыць. Я чалавек згаворчывы. Калі табе тут, у запечку, непанадна сядзець, ну, дык ідзі паары пасеку, патузай саху, папацей у дваццаць патоў, дазнайся, па чым фунт лixa. Годзе вам, даўгакудлым, лынды біць! Усю цяжкую работу дык мужчына paбi. Вайна мужчына ідзі, як у мясарэзку; мужчына й сямю кармі, барані, з цешчай агрызайся, а яны, бабё, сядзяць сабе на ўciм гатовенькім, кудахтаюць. I гэта называецца доля чубатая. Ой, абскубу я вам гэту долю, будзе яна лысая, як калена. Дык жа знай: я хачу быць бабай, i канец! Вось як!

Магрэта (устала). Добра, саколік. Дзякаваць Богу, што ўжо кончыў... Воля твая загад для мяне. Толькі памятай: кісель хваляць, пакаштаваўшы.

Саўка. Я не лізун, каштаваць не люблю, а калі ем дык усё, да дна. Ну, а ты выносся, нечага выстаўляць тут свой бабскі розум. Я больш забыўся, як ты ведаеш! (Выпіхвае Магрэту.)

Магрэта (праз дзверы, як Саўка прыгразіць схаваецца; i так колькі разоў). Ты ж глядзі, каб курыца не зляцела з яек, бо яны як астынуць, дык занішто прападуць. Пасля свінням травы назбірай, курэй пашчупай, хлеб рашчыні, кароў падаі, начынне памый, звары...

Саўка (бярэ венік). Ну, а яшчэ што?!

Магрэта. Бабскі атопак, курашчуп, памыйнік!..

Саўка (замахваецца венікам). Я табе зараз памыю тваю патэльню! Вось ужо дакучлівыя стварэнні гэтыя бабы! (Адзін, глядзіць у акно.) Цьфуты, напасць! Пайшла. Я думаў, што яна будзе пярэчыць. Ажно ад першага слова фыхт, хвост у зубы i пайшла, зыкуючы. А нагаварыла ў паўтары засекі. (Дражнячы.) Курэй падаі, свіней пашчупай, начынне рашчыні, хлеб звары, i каб варыва не астыла... I яшчэ нейкую трасцу, гарачка яго усё ўспомніць... Эге ж, гэта ўсё-такі непарадак: яны заўсягды наперакор, а тут раптам... Часамі, прыкладам, хоча варыць крупнік з малаком, а я, не любячы малака, папрашу, каб, значыць, зварыла на сале. Дык яна не! Затопае, залапоча i давай таргавацца. I так цэлы дзень пратакаем, пранекаем i крупнік не звараны, i мы не еўшы... Ой, нешта тут ёсць нядобрае! Трымайся, Саўка, каб не спатыкнуцца. Ну, але такой бяды. Мы i caмi з вусамм; хіцёр Зміцер, але i Саўка не дурны. Перш-наперш трэба папалуднаваць, бо есці хачу, як воўк. (Дастае з печы ежу.) Маеш табе насілкаваўся!.. Цк! Як смачна пахне, хоць ты языком ліжы. Ах, каб табе ручкі ў кручкі страву, дар Божы, марнаваць. Pyкi як кавёлы. Вось усадзіў Бог душу! Як у пень. Ах, каб цябе маланка, рэся-разанка; кару грыз бы так есці хачу. Трэба пашукаць, паветрыць па сховах-складах Магрэты, а мо што й перападзе. (Выходзіць у клець i выносіць адтуль кадушку з салам, а на кадушцы хлеб.) Го-го-го! Расперазайся, Саўка, во цяпер мы закусім ды пабалюем, эх, закусім! Сала i хлябок, еш, колькі душа жадае. А Магрэце скажу, што пацук з чорным катом зелі, гэ-гэ-гэ!.. Ну, давай прыступімся... (Жагнаецца, хоча рэзаць хлеб, але яго спыняе голас праз акно: «Саўка, а Саўка, у тваім варыве парасяты, а гарох ryci латашаць!»)

Саўка. А-яй, парасяты гусей латашаць... (Выбягае.)

 

Зява II

 

Жабрак (уваходзячы праз якісьці час). Пахвалёны ў хату! Падарыце сляпенькаму, бедненькаму, старэнькаму дзядочку. Не магу я працаваць, сілачкі не маю. Бог цемрай пакараў, жыву з ласкі людзей добрых... (Кашляе, стукае палкай, а згледзеўшы сала, а таксама хлеб на стале, выцягвае шыю, нюхае, цмокае, тупае на месцы.) I хочацца, i колецца... Кгы! Кгы!.. Нікога не чуваць... Э, хто адважны, той пан важны...  (Падыходзщь на пальчыках, хавае ў торбу сала i хлеб.) Ой, нехта ідзе! (Падцягвае торбу да порога.) Ну, цяпер я прапаў, цяпер мне смерць! (Моліцца.) А слова сталася целам...

Зява III

 

Саўка (уваходзіць). А што табе, чалавеча, трэба?

Жабрак. Дзень добры!

Саўка. Калі табе трэба дзень добры, дык ідзі на панадворак i пашукай там яго!..

Жабрак. Ды не!.. я, гэтага... не аб тое... Вось, можа, купіце ў мяне сала?

Саўка. А мо ты ў мяне купіш, бо маю багата?

Жабрак. Xi-xi-xi! Ну, дык падайце, калі ласка, i я папхнуся далей.

 

Саўка падае.

 

Толькі ад сабак правядзіце, а то яны у вас куслівыя.

 

Выходзяць.

 

З’ява IV

 

Саўка (убягае). Ой, есці, есці, есці... А дзе ж яно падзелася? Hi хлеба, ні сала... Кусочка не ўкусіў, а ўжо не стала. Гм... I сабакі не брахалі, i сала не ўкралі. Што за насланнё?! Ці не дамавік тут прыслужыўся? Ці гэта я, можа, сніў? (Шукае.) Стой, брат, ці не маё ён гэта сала прадаваў?! Пэўна, ён сцібрыў! Пастой, я табе палічу костачкі (Хапае качаргу i выбягае, але хутка варочаецца.) Зловіш яго! Зловіш вецер у полі, якраз! Ах, каб табе наскрозь прайшло, каб ты апундырыўся, жывадзёр, валацуга!.. Ну, чакай, хоць на тым свеце, але як сустрэнуся з табой, тады i палічымся. А цяпер есці хачу, гвалт есці хачу! (Шукае.) Каб мне Нябесны Гаспадар сказаў, што выбраць: галодны рай ці сытнае пекла, дык я, не разважаючы, у пекла папёрся б. I вось, як на ліха, нідзе нічога ніякага не знойдзеш. (Шукаючы, разбівае пасудак.) Чорт вас тут панаторкваў пад pyкi. Трэба у печ злазіць, мо там што абнюхаю. (Лезе ў печ, крэкчучы, i вылазіць адтуль, вымазаны ў сажу.) Няма! Охо-хо! Галодны гаспадар добрага слова не варты! А усё-такі выглядае так, што я выменяў з Магрэтай каня на аброць, выйграў, значыць, як той спекулянт Заблоцкі на мыле. Трэба крыху ўпарадкаваць, а то Магрэта скажа, што зрабіў з хаты стадолу. (Замятае венікам смецце ў адно месца i разважае.) Як мая Магрэта, дык, мабыць, на цэлым свеце няма такой бабы днём з агнём шукай не знойдзеш, нi сярод жывых, нi сярод памёршых. Да раны яе прылажы, дык рана загоіцца. Сапраўды, каб была доўгая, доўгая драбіна, дык яна жыўцом бы на неба палезла. I зрабілася б яна тым духам чыстым, святой Магрэтай... Але як даведаецца гэты дух чысты, што я гэтак xітpa сала запрапасціў, вось будзе ў хаце вайна. Здзярэ яна жыўцом з мяне сала... Во, на зямлi крошкі валяюцца... (Падбірае i есць.) Збоку гледзячы, дык можна падумаць, што я з голаду крошкі падбіраю... А я проста-ткі як добры гаспадар, каб не марнавалася...

 

Крык курыцы.

 

(Выбягае i крычыць за бакавінамі. «Аюсь! Аюсь! Аюсь! А каб цябе маланка й рэся-разанка! Аюсь!» Уносіць скрынку з яйкамі.) А бо, свіння чуць не паела. I пагнала ж яе нялёгкая! Вось трэба вучыцца ад свіней: яны ўсягды па-свінску робяць, а мы дык ніколі па-людску... А яйкі астынуць, а яйкі прападуць... Пайду лавіць курыцу... А, каб яе маланка й рэся-разанка!.. (Выбягае, заве: «Ціпачка, ціп, ціп! Селачка, сел, сел!.. Курачка, кур, кур!.. Ах, каб цябе, хай цябе, каршуновы абедкі!» Убягае.) Ніяк не даецца, а Магрэта хай толькі адзавецца да яе, як яна прысядзе, гэтак скукарэчыцца, хоць ты яе, значыць, бяры i рэж, а ад мяне на гоні ўцякае... Ах, каб цябе маланка й рэся-разанка! Хіцёр Зміцер, але i Саўка не дурны: жыў не буду, калі не злаўлю! (Надзявае спадніцу.) Ашукаю курыную слепату яна падумае, што Магрэта, ды i скукарэчыцца. Ой-яй-яй, а тут яйкі як стынуць, так стынуць. (Выбягае i на хаду навязвае хустку.)

 

Зява V

 

Магрэта (уваходзіць, несучы ў торбе сала). Во нагаспадарыў, пустадомак! Гэта ж не жарцікі, столькі сала ўкралі! А ў хаце што робіцца усё ўверх дном пacтaвiў. Во, бунтаўшчык, во, авантурнік, абрыда, цюхцялей! Ох, дапякла б я яму, аж язык свярбіць, паказала б, дзе Макар козы пасе, бяда толькі, што i я недзе кабылу згубіла. I немач яе ведае, раптам як напаў зык, калі паставіць гэта яна хвост дудой ды ў кусты, ледзь caxi не паламала. Ой, будзе мне ад Саўкі. (Выносіць сала ў клець.)

 

Зява VI

 

Саўка (уваходзіць змучаны, з разарванай спадніцай). Ох, няма мае сілачкі. Замучыла, каб яе каршун... знямогся, знядужаў... Чуць-чуць не злавіў, ужо i за хвост зрэпіў i трэба ж было зачапіцца, паляруш яе ведае. Во, i спадніцу разадраў, i нюхаўку чуць не pacквaciў. Бег за ёй, бег, каб цябе малан­ка й рэся-разанка, ажно бачу: мая кабыла па аўсе як шалёная круціцца, быццам сам Люцыпар на яе ўссеўся... А Магрэты як няма, дык i няма... А яйкі ўсё стынуць, псуюцца, гінуць... I трасца ix ведае, што з iмi рабіць?! Розум за розум заходзіць ад неспакойства. Я, мабыць, i зваряцею, i пасівею, а як прыйдзе Магрэта, дык памру, бо яна мяне забе. I чым уціхамірыць мне гнеў Магрэты, i што мне рабіць?.. А яйкі стынуць, а яйкі псуюцца... I, як я бачу, няма іншага ратунку, як самому на ix сесці. Цьфу! Да чаго дажыўся! I смех i грэх, i плач paзбipae. (Садзіцца на яйкі.) Каб толькі яешні не зpaбіць... Ну i папаўся я з сваёй выдумкай, як таракан у саладуху. Адным словам, майстар з хлеба гузікі рабіць. Вух, які я сярдзіты! Адно мяне толькі ўсцяшае, што я радзіўся не бабай i што разумнаму чалавеку ніколі не шанцуе. А вось з дурнем дык заўсёды Бог. Але ад гэтага мне не лягчэй. Вух, які я сярдзіты! Я цяпер не толькі жаночую, але i курыную работу раблю. Паскудная работа! Вух, які я сярдзіты!

 

Зява VII

 

Магрэта (уваходзіць, прыглядаецца да Саўкі, пазнаць не можа, жагнае яго). Згінь, нячыстая cілa, прападзь няўжо гэта ён, бунтаўшчык?! Саўка, ці гэта ты?

Саўка. Я, Магрэтачка, я! Дадушы я!

Магрэта. Што ты тут робіш?

Саўка. На яйках, жоначка, сяджу, на яйках.

Магрэта. Цьфу, паскуднік! Не блазнюк, здаецца, каб гэтакімі жартамі займацца!

Саўка (устае). Не да жартаў мне... Вось паглядзі.. Каб не застылі, не папсаваліся... Я чалавек гаспадарчы...

Магрэта (з жахам). Ахці мне! Сапраўды яйкі!.. А ён у спадніцы, страшны, як чорт балотны... Стой, не падыходзь!

Саўка. Чаму, Магрэтка, клёцачка мая?

Магрэта. Стой, стой! Адыдзіся! Зваряцеў. Не ўсе дома... Ай-яй-яй, не падыходзь! (Уцякае ад Саўкі.) Людцы, ратунку, зваряцеў, зваряцеў!..

Саўка. Магрэтка, крупаварніца мая. Няўжо ж сапраўды я зваряцеў? А мо ў цябе матылі запладзіліся, мо табе кабыла брыкнула ў галаву ды мазгі на затаўку зрабіла?..

Магрэта. Не варушыся, дурань, бо крычаць буду. Стой, кажу, стой!

Саўка (як стаў у нявыгаднай, смешнай паставе, так i застаўся). Во арудуе, во закілзала...

Магрэта. Калі ты не зваряцеў, дык скажы пацеры.

Саўка. Ой, не скажу! Забыўся; не было выпадку памаліцца.

Магрэта. А колькі табе гадоў?

Саўка. Ой, не скажу! Не было часу палічыць.

Магрэта. Стой! Стой!.. А як ты завешся?

Саўка. Бедненькі, збянтэжаны Саўка.

Магрэта. А па-мойму дурны Саўка.

Саўка. Але, але, дурны Саўка. Цьфу, напасць!

Магрэта. А як твой бацька завецца?

Саўка. Ой, Баўтрук, Магрэтка, Баўтрук!..

Магрэта. А жонка як?

Саўка.   Магрэта.   Каб  яе  маланка  й  рэся-разанка!

Магрэта. Ой, ой! Чакай, стой!

Саўка (пяе)

Ой, Магрэта, жонка,

Не paбi ты крыку,

Бо i так твой Саўка

Збіўся з панталыку.

Магрэта (пяе)

Зачашы ж на носе,

Што розум прыходзіць

Гэткім, як ты, дурням

Па часе, па шкодзе.

Саўка (пяе)

Ой, Магрэтка, жонка,

Пакінь вычварацца,

Дай чмокнемся лепш мы,

Каб з бядой не знацца.

 

Магрэта. А біцца не будзеш?

Саўка. Хай мяне лепш пярун забе!

Магрэта. Ані ведаеш ты, што я кабылу згубіла?

Саўка. А ты ці ведаеш, што у мяне сала прапала?

Магрэта. Ведаю, стручок. Я шукала кабылу па кустах, а знайшла сала, калі жабрак закладаў яго за абедзве шчакі. Як цыкнула я на яго, дык ён з перапуду i торбы адрокся, i сала.

Саўка. I я ведаю, мая перапечка, што ты кабылу згубіла у аўсе яе злавіў i ў хлеў запер.

 

Абое смяюцца, пасля, прытупваючы, пяюць.

 

Гоцы, цацы, гоп, цуг!

Тра-та-та-та, тройля.

Тылюсеныа, тылі!

Tpa-та-та-та, тройля.

 

Заслона

 

Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. – Мінск: Маст. Літ., 2008. 343 с. – С. 115-124


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ