Плещеницы.by


 

Артыкул з кнігі пісьменніка У. Арлова пра Валерыя Слюнчанка

 


Валеры Сьлюнчанка

25.8.1945, Старадуб, Бранская вобл., Ресея – 19.6.1992, Менск. Пахаваны на могілках каля вёскі Слабада паблізу Плешчаніцаў,  Лагойскі раён

 

 

 

Валеры Слюнчанка

 

У маёй памяці ён неадлучны ад старажытных полацкіх храмаў, якім пашчасціла ацалець у культурнай рэвалюцыі i якія ў 1980-я гады былі адрэстаўраваныя паводле Валеравых таленавітых праектаў, набыўшы – пасьля дзесяцігодзьдзяў занядбаньня знаёмае нам сёньня велічнае аблічча.

 

 

 Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў у Плешчаніцах на сустрэчы-успаміне ў гонар В. Слюнчанка, 2008 г.

Фота - Л. Загорскага.  Прадстаўлена з хатняй калекцыі краязнаўцы Г. Полсычавай

 

Найперш – гэта Сафія, якую Уладзімер Караткевіч назваў «белым караблём над Дзьвіною», магчыма, не без уплыву знаёмства з Валерам. На рэспубліканскім сэмінары творчае моладзі ў 2-й палове 60-х пісьменьнік быў уражаны працамі студэнта архітэктурнага факультэту Мснскага палітэху Сьлюнчака, а потым падтрымаў яго цёплым i мудрым лістом, калі Валера, пакутуючы ад казённай факультэцкай атмасфэры, вырашыў кінуць інстытут.

Сафійскі сабор, лёс якога быў давераны Сьлюнчанку, стаўся адным зь першых аб’ектаў навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры БССР. (Адмыслоўцы, дарэчы, сьцьвярджаюць, што ў Беларусі дзяржаўная структура рэстаўрацыі параўнаўча зь іншымі рэспублікамі СССР, была створаная ці не ў апошнюю чаргу). Дапамагаючы спэцыялістам, полацкая інтэлегенцыя ладзіла ў мурах Сафійскія суботнікі, пасьля якіх Валера чытаў нам лекцыі пра беларускі рэнэсанс i беларускае барока, дэклямаваў вершы Буніна i дасьціпна рэагаваў на рэплікі будучага пісьменьніка Вінцэся Мудрова кшталту “Хорошие стишата, вот только автор – белоэмигрант”.

Валера i сам пiсaў цікавыя вершы: пра жанчын i пра восень – пa-расейску, а пра мaцi – па-беларуску.

Ён бясконца перачытваў японца Басё i гішпанца Унамуна.

Ён любіў параўноўваць грамадзтва з слаёным пірагом, дзе пячорныя людзі складаюць зусім ня самую тонкую праслойку.

Насуперак тагачасным прапагандысцкім заклікам ня жыць адным днём, ён вучыў мяне, што якраз адным днём i трэба жыць... – так, каб у ім заўсёды было месца каханьню, сяброўству, музыцы, паэзіі...

Відаць, таму, што менавіта так Валера жыў сам, ён пасьпяваў зрабіць неверагодна шмат. Ён стварыў праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Полацку, яго праектныя распрацоўкі сталі асноваю рэстаўрацыі ня толькі Богаяўленскага i Крыжаузьвіжанскага сабораў у Полацку, але i Усьпенскага й Станіславаўскага касьцёлаў у Мсьціславе i Магілеве, Калоскай царквы ў Горадне сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах... Перажыўшы другое нараджэньне, гэтыя помнікі зрабіліся ня проста месцам паломніцтва турыстаў і вернікаў, а найістотнейшай часткаю матэрыяльнага падмурку, на якім адраджаліся наша гістарычная памяць і нацыянальная сьвядомасьць.

Kaлi ў 1983-м у адноўленай полацкай Сафіі адчынялі канцэртную залю, Валера быў адзіным, хто прамаўляў па-беларуску. Гэта выклікала відавочнае незадавальненьне мясцовага i прыежджага начальства, якое, выступаючы па паперцы, блытала гады й стагодзьдзі, а сябе, няўважліва чытаючы шпаргалкі,  называла “благородными потомками”.

Валера меў хворае сэрца, якое не па чутках ведала, што такое хірургічны скальпэль. Kaлi мы купаліся ў полацкіх азёрах, ён зь вінаватаю ўсьмешкаю станавіўся на дно, не праплыўшы i дзясятка мэтраў.

Мы прыйшлі зь iм на сьвет у адзін дзень, але ўжо шмат гадоў Валерава нараджэньне адзначаецца 25 жніўня безь яго. У 1992-м ён раптоўна памёр, прылёгшы на летніку з кнігаю Караткевіча.

Сьлюнчанка бязьмежна любіў Полацак, які, па сутнасьці, стаў для яго родным горадам. Але нехта у нашым зь ім Полацку затоена не любіў Валеру, зайздросьцячы яму, як заўсёды шэрая нікчэмнасьць зайздросьціць сьветламу таленту. Іначай з Сафійскага сабору ня зьнік бы Валераў фотапартрэт, зь якога наведнікаў сустракалі ўважлівыя вочы чалавека, што зазіраў у недаступныя многім глыбіні.

 

Аўтар: Уладзімір Арлоў

 

Крыніца: Арлоў Уладзімер Імёны свабоды: Валеры Сьлюнчанка, Менск. - С. 478-479

 

Матэрыял для сайту прадставіла краязнаўца Галіна Полсычава

 

Заўвага. Да сустрэчы-успаміна ў гонар Валерыя Слюнчанка, якая адбылася ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы ў 2008 годзе, Уладзімір Арлоў трохі дапоўніў свой тэкст пра Валерыя Слюнчанка у параўнанні з тым, які быў надрукаваны ў яго кнізе “Імёны Свабоды”. Тут на сайце прыведзены апошні варыянт гэтага тэксту. Яго Уладзімір Арлоў перадаў мясцоваму краязнаўцу Галіне Полсычавай пасля свайго выступлення падчас узгаданай сустрэчы-успаміна, а яна перадала яго для размяшчэння на сайце Плешчаніцы.by. – У.А. Акуліч

 

 

Дадатак. У жніўні 2009 года Уладзімір Арлоў ладзіў экскурсію па Полацку падчас якой яшчэ раз паўтарыў, што Легендарная полацкая Сафія – прыклад таго, як ў Беларусі варта рабіць рэстаўрацыі гістарычных помнікаў. Улічваючы, што работамі па рэстаўрацыі Сафійскага Сабора ў Полацку кіраваў В. Слюнчанка, то можно лічыць, што гэта  высокая адзнака адрасавалася, найперш, яму. – У.А. Акуліч. Спасылка на крыніцу: http://news.tut.by/145818.html

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ