Плещеницы.by


 

ЯНКА СВЕТЛЯЧОК

 

На асобнай пошукавай картцы побач з загадкавым псеўданімам «Янка Светлячок» стаялі назвы вёсак: Чмялевічы, Жалуды, Лавоша, Млехава, Замужаны, Зембін – усе яны колішніх Лошніцкай і Зембінскай воласцей Барысаўскага павета. Адгэтуль найчасцей пісаў у «Нашу ніву» Янка Светлячок. Па допісах можна меркаваць, што гэта быў інтэлігентны чалавек. I калі браўся пісаць, то пра самае важнае.

Хто ж ён такі, гэты Янка Светлячок? Як трапіць на яго след? Тут я павінен выказаць падзяку дасведчанаму літаратуразнаўцу Янку Саламевічу, які дапамог устанавіць сапраўднае імя паэта. Ім аказаўся настаўнік Іван Яфімавіч Гаеўскі.

Неяк вясной ехаў я па сваіх справах у Плешчаніцы. Спадарожны шафёр аказаўся гаваркім. Дай, думаю, спытаюся:

Колькі да Зембіна?

– Сямнаццаць. Што, падкінуць?

Не, сёння позна, – пашкадаваў я.

А што там трэба?

Дзядзькам адным цікаўлюся. Быў такі настаўнік Гаеўскі.   

– Гаеўскі?

Так.

– Дык, можа, той, якога я ведаў? Ці не Іван Яфімавіч?

Так, ён.

– Гадоў дзесятак таму назад вучыў у Плешчаніцах. А жыў у Камуне. Матэматык. Такі поўны быў... сардэчнік... памёр.

Сёе-тое пачуў пра Я. Светлячка ў Плешчаніцкай дзесяцігодцы. Некаторыя яго вучні тут працуюць настаўнікамі. У гэты ж дзень нечакана для сябе аказаўся ў сям’і Алены Станіславаўны Жардэцкай – жонкі Янкі Светлячка. Яна якраз і жыве ў былым пасёлку Камуна, які даўно зросся з Плешчаніцамі. Звесткі збіраліся і згушчаліся. Усё супала. Той самы Янка Светлячок. У блакноцік занатаваў расказанае. Перагледзеў фотакарткі і самы апошні дакумент чалавека – пасведчанне аб смерці, 28 лістапада 1957 года.

Больш падрабязна пра Янку Светлячка напісаў яго родны брат Гаеўскі Пётр Яфімавіч.

Нарадзіўся Я. Светлячок у 1888 годзе ў вёсцы Замужаны Барысаўскага раёна. У бацькі-сталяра было дванаццаць дзяцей. Сям’я сядзела на трох дзесяцінах зямлі. Старэйшы быў Янка. Вось бацька і памеркаваў, што найлепшым выйсцем са становішча будзе – большаму даць адукацыю. Ён адпадзе пры падзеле зямлі, дый малодшым – дапамога.

Янка вучыўся выдатна, спачатку ў Лошніцы, потым у Барысаве. Гора адступіла, і стаўся цуд: хло­пец з Замужан у 1908 годзе быў залічаны студэнтам Віленскага настаўніцкага інстытута. Сустрэчы з цікавымі людзьмі з асяродку віленскай беларускай інтэлігенцыі і наведванні рэдакцыі «Нашай нівы» пераконвалі ў неабходнасці брацца за пяро. Матэрыяльныя цяжкасці вяртаюць Янку Светлячка дамоў. Пачаў настаўнічаць у Чмялевічах Зембінскай воласці, пазней быў прызваны на імперыялістычную вайну. З перамогай рэвалюцыі стаў добраахвотнікам Чырвонай Арміі. Працаваў крыху ў Барысаўскім ваенкамаце, але нядоўга, зноў вярнуўся да педагагічнай працы. У савецкі час скончыў педінстытут. Доўга працаваў дырэктарам Каменскай школы ў Лагойскім раёне, пасля вайны – матэматыкам у Плешчаніцах і ў мясцовым райана.

Гэты паслужны спіс, аднак, не ўтрымлівае звестак пра Янку Светлячка як паэта і публіцыста.

Пра тое расказвае «Наша Ніва», карэспандэнтам якой быў настаўнік. Ёсць здагадка, што ён мог асабіста быць знаёмым з Янкам Купалам, а найбольш з вядомым бібліяфілам Рамуальдам Зямкевічам. Магчыма, апошні падахвоціў да збору народных песень на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. Ва ўсякім выпадку Я. Светлячок гэта рабіў сумленна.

Усё, што адбываецца ў жыцці роднага кутка, праходзіць праз чулую душу сельскага настаўніка, а най­больш важкае трапляе ў «Нашу Ніву». Учытваешся ў яго радкі і нібы сам «уціскаешся» ў далёкі, за­быты час, забытыя абставіны, жывеш сярод тагачасных сялян. Пачынаеш разумець іх псіхалогію, кроўна падзяляеш іхнія клопаты аб кавалку хлеба. А колькі каштавала ім змаганне за кавалачак зямелькі, за родную школу? Дарэчы, школе Янка Свет­лячок аддаваў вельмі шмат увагі. Яго як настаўніка турбавала тое, што дзеці сядзяць укутаўшыся (калі ёсць у што), што вялікая колькасць дзяцей не наведвае школу.

Падахвоціўся Янка Светлячок пісаць вершы. Колькі іх напісаў – невядома. Яго героі жылі сярод простага люду, працавалі на полі, у кузнях, ганялі плыты, тралявалі лес. Творы напісаны самай жывой народнай мовай. Бывае, аж лішне насычанай дыялектамі – па мове пазнаеш, адкуль аўтар. У гэтых адносінах иайбольш характерным з’яўляецца даволі вялікі вершаваны твор «З зарабаткаў».

Малазямельны селянін Змітрок хадзіў на адыходныя промыслы, ганяў плыты па Бярэзіне. Як і ра­ней, бывала, развітваўся са сваёй сямёй, каб прынесці ёй «пражытачны» рубель.

 

Снег сагнала вельмі скора,     

Па рацэ плывуць плыты,

Змітрок, надзеўшы торбу,

Пацягнуўся браць шасты.

 

Ад плачу і ляманту заныла сэрца ў плытагона, але бацькоўскі абавязак вымушае ісці ў небяспечную дарогу. А там чакала барацьба жменькі смельчакоў са стыхіяй рачнога паўнаводдзя. Сям’я Змітрака ў пастаяннай трывозе, прыслухоўваецца да кожнага шораху ў чаканні гаспадара.

              

I Адэля за дзяцямі,

Як маланка, ў сені скок.

Аж па гапку па парозе

«Добры вечар» – сусед торк.

 

Доўга думае сусед, як сказаць жонцы Змітрака сумную навіну.

 

Змітрок твой, ужо не твой ён,

Душу богу ён аддаў,

У ваду ён уваліўся

I цэлы тыдзень праляжаў.

 

Засталася ўдава Адэля з дзецьмі, з вялікай колькасцю жыццёвых «трэба». Тэма твора нібы і не но­вая, але аўтар унёс у яе свой боль за яшчэ адну пакутную сямю.

Пражыў Янка Светлячок у вялікай людской пашане, у любові да роднай Беларусі. Што ён паэт, ведалі толькі ў рэдакцыі «Нашай нівы». Чаму Свет­лячок не пісаў пазней? Здольнасцей не хапіла?.. Цяжка даць адказ на гэта. Галоўнае для нас тое, што ён – сельскі настаўнік і карэспандэнт «Нашай Нівы» – павярнуўся тварам да забітага горам мужыка ў той далёкі сумны час, падаў яму руку дапамогі. Для сваіх землякоў ён заставаўся невядомым Янкам Светлячком.

 

Крыніца: Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: гіст-літ. нарысы. Мінск: Мастацкая літаратура. 1984. 199 с. – С. 177-180

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ