Плещеницы.by


Мініяцюры

 

ЛЁН

 

Нікне ночка, сон,

Зоркі пайшлі ўпрочкі...

Хісткі стройны лён

Раскрыў сіні вочкі.

 

НА КАСЬБУ

 

З касой вострай, з песняй зычнай

Іду сонца сустракаць.

Пяюць пеўні. Луг расісты

След далёка мой відаць.

 

МЕЛАНХОЛІЯ

 

Дзень пануры, дзень шэры.

Ўсё хтось стукае у дзверы:

Стук! Стук! — чую раз у раз,

Гэта лезе благі час.

 

ЗІМА

 

Там, дзе грэчка красавала,

Тоўстым пластам снег ляжыць;

Дзе зязюля кукавала —

Вые воўк, мароз трашчыць.

 

ПЭЎНА ШТО

 

Каля вольхі віўся хмель,

Абнімаючы камель;

Каб не зімка, не мароз,

Ён бы вольху перарос.

 

ЮНАЦТВА

 

Хоць мароз — маланкі ў вочах,

Моц каўшом вясна ліець, —

Сэрца радаснае хоча

Песняй розум разагрэць.

 

СІНЬ

 

I вабіць, і суліць надзею

Прасторная сіняя даль.

Іду — не ісці я не смею:

Сініць

           васілёк, даль

                                 і сталь..

 

Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. – Мінск: Маст. Літ., 2008. 343 с. – С. 298-299

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ