Плещеницы.by


 

ЯКУБОЎСКІ Мікалай Ануфрыевіч. Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных на­вук, палкоўнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

 Мікалай Ануфрыевіч Якубоўскі

 

Нарадзіўся 24.11.1919 г. у в. Ганцавічы Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў сем класаў Ганцавіцкай сярэдняй школы, прадоўжыў вучобу на Мінскім рабфаку пры Наркамаце асветы БССР. У 1939 г. паступіў у БДУ. У лістападзе 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Вялікую Айчынную вайну Якубоўскі сустрэў курсантам Горкаўскага ваеннага зенітна-артылерыйскага вучылішча. А 22 ліпеня 1941 г. лейтэнант Якубоўскі ў ролі простага гарматнага нумара адбіваў першы паветраны налёт авіяцыі праціўніка на Маскву. Пасля былі баі на Валакаламскай шашы каля в. Кур’янава недалёка ад ст. Дубасекава, дзе ён быў камандзірам супрацьтанкавай батарэі ў дывізіі ге­нерала Панфілава. У гэтых баях пад Масквой быў цяжка паранены і кантужаны. Потым былі доўгія франтавыя кіламетры... Мікалай Якубоўскі вызваляў родную Бела­русь і Прыбалтыку, ваяваў у Прусіі, удзельнічаў у прарыве на Невельскім напрамку. У баях пад Рыгай быў зноў паранены і канту­жаны. Ваяваў не проста мужна, але і з ініцыятывай. Ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, некалькі медалёў, у тым ліку «За баявыя заслугі» і «За абарону Масквы» гэта толькі адзін з паказчыкаў франтавых заслуг ветэрана. Не менш яскрава выглядае рост афіцэра па службовай лесвіцы: у 23 гады старшы лейтэнант М. Якубоўскі начальнік разведкі, намеснік начальніка штаба 36-й зенітнай артылерыйскай дывізіі 3-й Ударнай арміі Рэзерву Галоўнага камандавання – арміі, якая ў 1945 г. штурмавала Берлін і рэйхстаг і ўзняла сцяг Перамогі над апошнім. У асабістай справе Мікалая Ануфрыевіча ёсць шэраг эпізодаў, якія дапаўняюць сказанае вышэй. Восенню 1943 г. пад на­порам немцаў не вытрымаў і пабег асабісты састаў батарэі аднаго з палкоў злучэння, які складаўся з навічкоў. Была пакінута ворагу ўся матэрыяльная частка. За гэта камандзіры ішлі пад трыбунал і ў штрафныя роты. Вырашыць праблему вызваўся М.А. Якубоўскі. Ноччу з групай уцекачоў ён прабраўся на тэрыторыю праціўніка і літаральна з-пад носа ворага выкаціў усе 6 пакінутых гармат. А ў ліпені 1944 г. у ходзе разведкі агнявых пазіцый узяў у палон 5 салдат праціўніка, за што атрымаў падзяку камдыва. Пазней М.А. Якубоўскі стаў камандзірам палка. Вайна не прайшла для ветэрана бясследна. Раненні і кантузіі, атрыманыя на фронце, падарвалі здароўе.

У 1953 г. М. Якубоўскі пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў БДУ. Скончыў гістарычны факультэт і быў накіраваны на працу ў Інстытут гісторыі АН БССР. У 1957-90 гг. працаваў у аддзеле гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Мікалай Якубоўскі аўтар 3 навуковых манаграфій: «Дапамога савецкага тылу партызанам» (1973), «У тыл ворага» (1979) і «Крылатыя памочнікі партызан», якія вылучаліся на Дзяржаўную прэмію Беларусі, а таксама больш як 70 наву­ковых прац, у тым ліку раздзела ў 4-м томе «Гісторыі БССР». Ён адзін са складальнікаў зборніка ўспамінаў «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941-44 гг.)». Яго справу працягвае сын, кандыдат гістарычных навук У.М. Якубоўскі.                          

 

Аўтар:  М. Куц

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 339-340


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ