Плещеницы.by


 

ЯНІЦКАЯ Мая Міхайлаўна. Беларускі мастацтвазнавец, кандыдат мастацтвазнаўства (1974). Сябра Беларускага саюза мастакоў (1975). Нарадзілася 22.5.1931 г. на хутары Валентынава Плешчаніцкага, цяпер Лагойскага раёна. Скончыла Усесаюзны завочны інстытут савецкага гандлю ў Маскве (1955), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі па спецыяльнасці выяўленчае мастацтва (1970). У 1971-74 гг. малодшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, у 1974-77 гг. у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» (у 1975-76 гг. загадчык рэдакцыі «Збор помнікаў гісторыі і культуры Белару­сь). З 1978 г. старшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, з 1991 г. – Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны, з 1997 г. – рэдакцыі мультымедыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Даследуе гісторыю беларускай культуры, у тым лику дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Aўтар кніг «Беларускае мастацкае шкло (XVI-XVIII стст.)» (1977), «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Фёдар Зільберт» (1980, творчы партрэт мастака-кераміста), «Беларускае мастацкае шкло XIX – пачатку XX стст.» (1984), «Людміла Мягкова» (1984, творчы партрэт мастака), «Гісторыя шкляной вясёлкі» (1986), «Художественное стекло Со­ветской Белоруссии» (1989). Першы аўтар фундаментальных артыкулаў па гісторыі роз­ных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастац­тва ў шэрагу энцыклапедычных выданняў. Адзін з аўтараў, навуковых рэдактараў і член рэдкалегіі «Збору помнікаў гісторыі і культу­ры Беларусі» (1984-88) і серыйнага навуковага выдання «Вяртанне-1», «Вяртанне-2», «Вяртанне-3», «Вяртанне-4» (1992-97), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастац­тва» (т. 1-6, 1987-94), а таксама першага мультымедыйнага выдання Беларускага інстытута праблем культуры «Беларуская куль­тура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі» (2000). Аўтар шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях Беларусі і Расіі, прысвечаных агляду выстаў розных відаў сучаснага беларускага мастацтва, аналізу твораў персанальных выстаў сучасных мастакоў Беларусі, а таксама складальнік каталогаў гэтых выстаў. Складальнік раздзела «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» да альбома-каталога “Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя” (2003).

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 340


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ