Плещеницы.by


РОДЗЕВІЧ Леапольд Іванавіч.

 

 Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, драматург, публіцыст, паэт. Нарадзіўся 12.6.1895 г. у фальварку Кур’янаўшчына Вілейскага павета, [з 1924 па 1962 гг. – Плешчаніцкага раёна], цяпер Лагойскі раён. Бацькі Ян і Гелена (у дзявоцтве Яноўская) належалі да збяднелай шляхты. У сям’і гадавалася пяцёра дзяцей. Лёля, як пяшчотна звала любімага сына маці, быў самым малодшым. З малых гадоў ён захапляўся літаратурай, выявіў здольнасці ў маляванні, з цікавасцю слухаў розныя фальклорныя творы, якія расказвала ўнуку бабуля. Пасля заканчэння пачатковай школы ў мястэчку Крайск Леапольд Родзевіч црацягваў вучобу ў Вілейскім гарадскім вучылішчы, дзе ўжо авалодваў ведамі яго старэйшы брат Часлаў, з якім Леапольд вельмі сябраваў.

 Неўзабаве Часлаў падаўся ў Вільню, дзе знаходзілася старэйшая ў сям’і Родзевічаў сястра Яніна (былі яшчэ дзве сястры – Ядвіга і Марыя, якая нарадзілася перад Леапольдам). У 1910 г. да іх прыехаў і Леапольд. Працаваў рабочым на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка. Паспяхова здаў іспыты на атэстат сталасці. У гэты час, як вядома, у Вільні віравала культурна-асветнае жыццё. Леапольд з Чаславам актыўна далучыліся да яго. Не адставала ад братоў і Яніна. Яны ўвайшлі ў тэатральны калектыў Ігната Буйніцкага, а Леапольд, які ўжо з 1911 г. выступаў рэгулярна з допісамі ў «Нашай ніве», у 1912 г. напісаў сваю першую п’есу «Блуднікі». Твор атрымаўся сацыяльна востры. Гэтага не магла не заўважыць цэнзура. Яе занепакоіла «тэндэнцыя драмы, якая зводзіцца да таго, што ўсе няшчасці, гора, мучэнні, няўдачы сялян ідуць ад дваран. Прыгажуню Анэту спакусіў пан, пазабаўляўся з ёю і кінуў, тады як без яго яна магла б выйсці замуж і зажыць сумленным сялянскім жыццём. Юзюка ўгаварыў ісці на фабрыку пан, і калі яго там машына памяла, і ён стаў непрыгодным для працы, ніхто яму не працягнуў руку дапамогі... З прычыны выкладзенага я прапанаваў бы не даводзіць п’есу да пастаноўкі, як нацкоўваючую адно саслоўе на другое, тым больш што яна, як напісаная беларускай мовай, разлічана на гледачоў-сялян».

Але забарона твора хоць і засмуціла аўтара, ды не магла спыніць яго творчай працы. У 1914 г. ён змясціў у «Нашай ніве» абразок-замалёўку «Марцовы снег». Аднак асабліва майстэрства яго як драматурга ярка раскрылася ў драме «Пакрыўджаныя» (1916). Герой твора прыгонны мастак-разьбяр, які хоча шчасця сабе і дачцэ, але марна спадзяецца, што дасягнуць гэтага можна разьбярскай працай. Сваёй праблематыкай «Пакрыўджаныя» набліжаюцца да шырока вядомага «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы.

На час напісання «Пакрыўджаных» (п’еса была апублікавана толькі ў 1921 г., а «Блуднікі» прыйшлі да чытача куды пазней у 1960 г.) Леапольд Родзевіч перанёс цяжкую аперацыю на страваводзе, таму ў армію яго не ўзялі. Некаторы час жыў у Георгіеўску на паўночным Каўказе ў Яніны, працаваў у кандытарскім кааператыве. Быў мабілізаваны ў рускую армію, аднак з войска ўцёк і накіраваўся ў Мінск. У час польскай акупацыі 1919-20 гг. працаваў пісарам ў Беларускай вайсковай камісіі, у гарадской бібліятэцы ў Мінску. Актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці не прымаў, у першую чаргу таму, што ў яго было сваё стаўленне да тагачасных падзей. Усе спадзяванні Л. Родзевіч ускладаў на тое, што родная старонка стане свабоднай, а значыць абыйдзецца без «дабрадзеяў» збоку. Верш «Да Беларусі», што з’явіўся з-пад яго пяра ў 1917 г., гэта свайго роду паэтычны (палітычны) маніфест Л. Родзевіча. Аднак не толькі для перыяду першых паслякастрычніцкіх дзён і гадоў. Ён маніфест усяго жыцця адданага сына Бацькаўшчыны:

 

Працуй, Беларусь,

На хвалу для людзей;

Кажы, Беларусь,

Сваю праўду смялей;

Удар, Беларусь,

Ў вечавы гулкі звон.

Узары, Беларусь,

Свой забыты загон.

Гэй, скінь, Беларусь,

Ярмо цьмы прошлых лет!

Жыві, Беларусь,

Каб жылі воля, свет!

 

Леапольд Родзевіч працуе вельмі плённа. На працягу 1919-1920 гг. у газеце «Бела­русь» і іншых тагачасных перыядычных выданнях было апублікавана шмат яго драматычных твораў. Сярод іх і вадэвіль «Збянтэжаны Саўка», які і цяпер не сыходзіць з тэатральных падмосткаў. Асабліва часта звяртаюцца да гэтай п’есы Л. Родзевіча народныя тэатры і самадзейныя калектывы. Тады ж былі напісаны і п’есы «Конскі партрэт», «Пасланец», драматургічныя абразкі «У кавалёвай хаце», «На шляху да сонца», «Стараста», «Сказ аб гуслях».

З усталяваннем савецкай улады Л. Родзевіч некаторы час настаўнічаў у родных мясцінах, а пасля заключэння Рыжскага міру пераехаў у Вільню. Рэдагаваў і выдаваў газеты «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Воль­ны сцяг». Быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). А калі пачаліся выбары ў польскі сейм у 1922 г., звязаўся з віленскім камуністычным падполлем, каб разам весці агітацыю за тых кандыдатаў, якія з’яўляюцца абаронцамі інтарэсаў беларускага народа. Рэгулярна друкаваўся ў віленскіх газетах і часопісах – выступаў з вершамі, апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і, вядома ж, з драматычнымі творамі. У 1922 г. у Вільні выйшла пер­шая паэтычная кніжка Л. Родзевіча «Бела­русь». Годам раней пабачыў свет зборнік «Сцэнічныя творы» (увайшлі ў яго п’есы «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец»). Зборнік перавыдаваўся ў 1925 і 1930 гг.

У сваю чаргу Л. Родзевіч турбаваўся аб падтрымцы маладых талентаў. Яго намаганнямі ў 1923 г. у Вільні быў выдадзены зборнік паэзіі «Строма» Уладзіміра Дубоўкі. На жаль, з-за пастаянных паліцэйскіх праследаванняў у 1923 г. Л. Родзевіч вымушаны быў развітацца з Вільняй. Прыехаў у Мінск, дзе атрымаў накіраванне на вучобу ў Камуністычны універсітэт нацыянальных меншасцей Захаду, які знаходзіўся ў Маскве. Як і многія, радуецца першым поспехам савецкай ула­ды. Як і многія, арыентуецца на камуністычныя ідэалы. У адным з лістоў, адрасаваных У. Жылку, прызнаецца: «Смакую і паважаю марксізм». I раіць: «Паглядай, браце, і ты ў гэты бок».

 

Вучоба была нядоўгай: улетку Л. Родзевіча адклікалі ў Мінск і адразу накіравалі на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Ён быў выбраны першым сакратаром Гродзенскага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ і ўведзены ў склад ЦК КПЗБ. Але ў Гродне ён не затрымаўся: перавялі ў Вільню, дзе прапанавалі працу ў Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ. Пісаў розныя дакументы – адозвы, лістоўкі, афармляў партыйныя рашэнні. Усё меней часу заставалася на непасрэдна творчую працу. А тут яшчэ пастаянныя пераезды не па ўласнай волі. З 1926 г. зноў у Мінску. Акрамя асноўнай працы ў замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ, на грамадскіх пачатках узначальваў  Камісію  па  вывучэнні  Заходняй Беларусі, якая была створана пры Акадэміі навук БССР. Рэдагаваў і выданні, што з’яўляліся цэнтральнымі друкаванымі органамі КПЗБ – газету «Чырвоны сцяг», часопіс «Бальшавік» і іншыя. У 1928 г. падпольна выдаў паэтычны зборнік «На паняволеных гонях». Заходнебеларускай рэчаіснасці прысвяціў кнігі апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930).

На жаль, Леапольда Іванавіча не мінулі рэпрэсіі. Спачатку давялося стаць на шлях пакаяння. I хоць каяцца не было ў чым, палічыў за лепшае прызнацца ў грахах: «У цягнік, які імчыць па сацыялістычнаму шля­ху, нельга ўлезці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баласт пад колы цягніка». А ў пачатку 1933 г. арыштавалі брата Часлава і выслалі з сям’ёй у Саратаў. Пасля гэтага Л. Родзевіча адхілілі ад кіраўніцтва Камісіяй па вывучэнні Заходняй Беларусі, а ў сярэдзіне 1933 г. і арыштавалі. Паводле іншых звестак, гэта адбылося ў 1934 г., калі Леапольд Іванавіч паспрабаваў заступіцца за брата і звярнуўся ў органы НКУС, адкуль і не вярнуўся.

Саслалі таксама ў Саратаў. Жыў у сям’і Часлава, працаваў у лясніцтве. Чарговы раз арыштавалі ў 1938 г. Далейшы лёс невядомы. Магчыма, быў расстраляны. Рэабілітавалі Леапольда Іванавіча ў 1956 г.   

 

Аўтар: А. Марціновіч

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 331-333

 

Улица братьев Родзевичей в Плещеницах. Обоснование.

 

Выбраныя творы Леапольда Родзевіча

 

 

Іван Пташнікаў пра Леапольда Родзевіча

 

 

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ