Плещеницы.by


ЖУКОЎСКІ Сымон Веліх

 

Вучоны, педагог. Нарадзіўся 25.5.1782 г. у в. Горна (паблізу Задор’я) у беднай сялянскай сям’і. Як і ўсе сялянскія дзеці, рана спазнаў нягоды тагачаснага жыцця. Але яшчэ з маленства С. Жукоўскі зацікавіўся гісторыяй свайго краю, абрадамі, звычаямі, фальклорам, народным мастацтвам. Хутчэй за ўсё, першапачатковую адукацыю ён атрымаў, наведваючы царкву або касцёл, дзе людзі вучыліся чытаць і пісаць па малітоўніках. У 1817 г. скончыў Віленскі універсітэт, дзе застаўся працаваць. Выкладаў курс археалогіі, грэчаскую і яўрэйскую мовы. Добра валодаў мовамі нямецкай, польскай і латынню. Першая наву­ковая праца Жукоўскага выйшла ў 1808 г., калі маладому вучонаму было 26 гадоў. Называлася яна «Пачаткі мовы грэчаскай». Акрамя таго, ён вёў навуковыя даследаванні ў галіне грэчаскай і яўрэйскай моў. С.В. Жукоўскі быў адным з заснавальнікаў часопіса «Дзённік Віленскі». Паспяхова займаўся ён і літаратурнай справай, пісаў вершы, байкі, оды (адну з іх прысвяціў вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага Антонію Тызенгаўзу). С.В. Жукоўскі быў сапраўдным членам Віленскага медыцынскага таварыства, выказваў ідэі аб стварэнні вакцыны і яе прымяненні ў навуковай практыцы. Памёр 9.2.1834 г. ў Вільні, дзе і пахаваны.

 

Аўтар: М.М. Сідарэвіч

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2003. 560 с. –  С. 152-153

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ