Плещеницы.by


КЛІМКОВІЧ Міхась (Міхаіл Мікалаевіч), беларускі пісьменнік, крытык. Нарадзіўся 20.11.1899 г. у в. Сялітранка Барысаўскага павета (цяпер Барысаўскі раён) Мінскай вобласці. У 1915 г. М. Клімковіч скончыў Барысаўскае вышэйшае чатырохкласнае гарадское вучылішча. Экстэрнам здаў экза­мен на званне народнага настаўніка. Тады ж і пачаў настаўнічаць у школах Барысаўскага павета, да якога адносілася і Лагойшчына.

Шмат дало Міхасю Мікалаевічу знаёмства з І. Філіповічам, жыхаром вёскі Пархава. Гэ­та бьгў па-сапраўднаму народны самародак, ведаў шмат беларускіх казак, легенд, паданняў. Любіў выконваць народныя песні, захапляўся іншымі жанрамі вусна-паэтычнай творчасці. А яшчэ І. Філіповіч ведаў на памяць нямала твораў беларускай літаратуры. Сустрэча з ім стала для маладога настаўніка тым штуршком, які прымусіў і яго самога звярнуцца да напісанага Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Францішкам Багушэвічам, Янкам Купалам.

У 1916 г. М. Клімковіч упершыню сутыкнуўся з сацыял-дэмакратамі. Адбылося гэта ў Лагойску, дзе некалькі чалавек знаходзіліся пад наглядам паліцыі, высланыя царскімі ўладамі з буйных гарадоў. Ад сваіх поглядаў сацыял-дэмакраты адмаўляцца не збіраліся. Ды і прыехалі ў Лагойск не з пустымі рукамі. Хоць за імі пільна сачылі ды і везлі пад канвоем, усё ж змаглі правезці падпольную літаратуру. А пасля яе дастаўлялі людзі, якім давяралі. З гэтай літаратурай пазнаёміўся і М. Клімковіч, што паўплывала на фарміраванне яго светапогляду.

Пасля службы ў Чырвонай Арміі (1921-23) зноў вярнуўся на Лагойшчыну. Аднак настаўнічаў нядоўга. У тым жа 1923 г. быў абраны сакратаром валаснога камітэта партыі ў Халопенічах, потым у Чарэі і Плешчаніцах, а пасля гэтага з Лагойшчынай развітаўся. З 1929 г. загадваў культаддзелам Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР. У 1932-34 гг. быў старшынёй аргкамітэта па стварэнні Саюза пісьменнікаў, праўленне якога ўзначальваў у 1934-39 гг. У 1943 г. наладзіў сувязь з пар­тызанамі перайшоў у атрад «За Радзіму». З 1943 г. галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. На гэтай пасадзе працягваў працаваць і па вяртанні ў Мінск, а ў 1947-54 гг. быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР.

Друкавацца пачаў з 1926. Вершы змяшчаў у рукапісным літаратурным часопісе «Про­бліскі». А паэма «Чатырнаццаць слуцкіх» і некалькі вершаў былі надрукаваны ў 1929 г. у альманаху «Ранне». Напісаў кнігу апавяданняў «Лясное возера» (1946), апрацаваў зборнік «Беларускія народныя казкі» (1946). Шмат працаваў у галіне драматургіі: драматычныя паэмы «Кацярына Жарнасек», «Адплата», «Уся ўлада Саветам!», драматычная трылогія «Георгій Скарына», лібрэта опер «Апошні вечар на хутары», «Кастусь Каліноўскі», балета «Князь-возера» і іншыя.

Міхась Клімковіч з’яўляецца аўтарам тэксту Дзяржаўнага гімна БССР, напісанага ў 1944 г. На музыку яго паклаў вядомы кампазітар Нестар Сакалоўскі. Памёр Міхась Клімковіч 5.11.1954 г.   

Аўтар: А. Марціновіч

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 345-346

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ