Плещеницы.by


ТРУХАН Мікалай Мікалаевіч. Беларускі акцёр, рэжысёр.

 

 Мікола Трухан

 

Нарадзіўся 18.8.1947 г. ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага раёна. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969, курс Дз. Арлова), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў тэатры на Малой Броннай у Маскве (1980, майстэрня А. Эфроса). У 1969-71 гг. акцёр Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. Пасля службы ў войску працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі (1973), Краснаярскім ТЮГу (1973-74), Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача (1975-78). Сярод лепшых работ: Пётр Бардзін («Салаўіная ноч» В. Яжова, 1971) у тэатры імя Я. Ко­ласа; Трыгорын («Чайка» А. Чэхава, 1977) у тэатры юнага гледача. У 1980-84 гг. рэжысёр-пастаноўшчык у Гомельскім абласным (паставіў «Ладдзя Роспачы» паводле У. Караткевіча, 1982; «Прымакі» Я. Купалы, 1983; «Узлёт» А. Дударава, 1984), у 1985 г. ў Магілёўскім абласным і Рэспубліканскім маладзёжным, у 1986-87 гг. у Брэсцкім аблас­ным тэатрах [паставіў «Вечар» А. Дударава і «Патоп» («Дыхайце эканомна!..») А. Макаёнка, 1987]. У 1987 г. разам з В. Баркоўскім стварыў Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», у 1992-99 гг. яго мастацкі кіраўнік. Станаўленне тэатра «Дзе-Я?» у асноўным звязана са зваротам да беларускай драматургічнай спадчыны. Рэпертуар складалі творы беларускіх пісьменнікаў, арыгінальныя п’есы, створаныя ў тэатры, а таксама лепшыя творы сусветнай літаратуры. Пытанні «Хто Я?», «Дзе Я?», звязаныя з нацыянальнай свядомасцю і філасофіяй беларускага народа, – галоўныя для мастацкага стылю тэатра М.М. Трухана. Лепшымі спектаклямі сталі «Роспач» паводле У. Караткевіча (1989), «Рагнеда» Н. Рапа (1990), «Чорт і Баба» Ф. Аляхновіча (1992), «Гмжа» I. Кофты (1993), «Здань» паводле «Страхі жыцця» і «Цені» Аляхновіча (1995), «Круці...» паводле Аляхновіча (1996), «Рас­пад» паводле розных п’ес У. Шэкспіра (1997), «Барановы кароль» М.М. Трухана, «Мёртвыя душы» паводле М. Гогаля (абодва (1998). У 1995 г. філасофская «Здань» у рэжысуры М.М. Трухана атрымала высокую ацэнку на прадстаўнічым міжнародным фестывалі ў г. Эдынбург (Шатландыя). Прынцыповая рыса не толькі творчасці, але і жыцця М.М. Трухана – адкрытая грамадзянская пазіцыя, якая заўсёды выяўлялася ў спектак­лях. Для яго рэжысёрскага таленту былі ўласцівы смеласць і неардынарнасць мастацкага мыслення, філасофскае асэнсаванне быцця чалавека. Разам з тым для яго спектакляў характэрны лірызм і асаблівая сардэчнасць. М.М. Трухан раптоўна памёр 20.3.1999 г. ў час правядзення тэатральнага фестывалю «Маладзечанская сакавіца». Пасмяротна ў 2001 г. выйшаў яго зборнік інсцэніровак па мастацкіх творах «Чаканні».

Аўтар: Л.А. Лявонава

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 338


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ