Плещеницы.by


Аўтар: Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

 

ДАРУНКІ ДОБРЫХ ДУХАЎ

 

Сцэнічны абразок па матывах «Казак жыцця»

Якуба Коласа

 

Д З Е Й Н І Ч А Ю Ц Ь:

 

Л Я С У Н, старшыня сходу

Д А М А В І К

В А Д З Я Н І К

1-я Р У С А Л К А

2-я Р У С А Л К А

В А Ў К А Л А К

Ч А Р А Ў Н І Ц А

З Д А Н Ь, дзяўчына

З О Р К А (голасам)

 

Маляўнічы бераг возера. Летняя ноч. Блішчыць месячык на небе і адбіваецца ў вадзе. Зіхцяць у вышыні зоркі, адна з іх самая прыкметная.

 

З лесу выходзіць Л я с у н, азірае наваколле.

 

Л Я С У Н. Усё як заўжды: я на месцы, а астатнія – хто дзе. (Збірае ламачча на вогнішча.)

 

Прыбягае дужы рослы Ваўкалак,зіркае з-закуста.


В А Ў К А Л А К. Ранавата. Неразлічыў час. (Пабег.)


З боку возера прыйшлі дзве русалкі, памахалі рукой Лесуну і селі на
траву. Расчэсваюць валасы.

 

1-я Р У С А Л К А. Адкуль у цябе гэты перламутравы грэбень?

2-я Р У С А Л К А. Знайшла.

1-я Р У С А Л К А. А ў моду зноў уваходзяць ажурныя шалікі і панчошкі.

2-я  Р У С А Л К А. Мілая сястрыца, чым забіта твая галоўка?

Сёння такі важны сход...

1-я Р УС А Л К А. Бачу, які ён важны... Прыйшлі два з паловай

чалавекі.

2-я Р У С А Л К А. Збяруцца. Ты ж ведаеш нашу публіку.

1-я Р У С А Л К А. I наш гаспадар спазняецца...

2-я  Р У С А Л К А. Начальства не спазняецца. Яно затрымліваецца.

Л Я С У Н (русалкам). Эй, красуні! Вы б лепей ламачча дапамаглі збіраць.

2-я Р У С А Л К А. Мы агню баімся. Не паліце вогнішча!

1-я Р У С А Л К А. А што за юнак, дзеля якога мы сёння тут збіраемся?

2-я Р У С А Л К А. Адны кажуць вялікі паэт, другія – вялікі мысляр. Адным словам, хтось няпросты.

 

З’яўляецца задыханы Д а м а в і к  у  валенках.

 

Д А М А В I К. Пакуль з вёскі даклыпаў... Стары стаў.

Л Я С У Н (абдымае яго). Братка, ты за мяне не нашмат старэйшы. Што так аслаб? Дзе сілу страціў?

Д А М А В I К. А-а, жыццё цяжкое. Холадна і голадна.

1-я Р У С А Л К А (смеючыся). Дзядуля, ты і ўлетку валёнкі не знімаеш?

Д А М А В І К. А няўжо ж, як вы, распрануты прыйду... (Лесуну.) У вёсках і гарадах няпрошаных гасцей шмат стала. Усё камандуюць, кіруюць, робяць па-свойму...

Л Я С У Н. Але ж яны кажуць, што хочуць дабра тутэйшаму люду...

Д А М А В I К. Казаць можна адно, а рабіць зусім іншае.

 

Прыбягае Ваўкалак. Русалкі запішчалі і схаваліся за куст.

 

В А Ў К А Л А К. Я што, такі страшны?

Л Я С У Н. Не звяртай увагі. Паненкі ёсць паненкі... (Паўза.) Спазняецца наш народ.

В А Ў К А Л А К. Я абагнаў чараўніцу. Яна хутка будзе тут.

Л Я С У Н. Чараўнікоў хіба запрашалі?

Д А М А В I К. Тыя самі ведаюць, дзе і калі ў нас сходкі. Іх запрашаць няма патрэбы.

 

Нясмела паказваюцца русалкі.

 

1-я Р У С А Л К А (Лесуну). А няхай гэты (паказвае на Ваўкалака) на нас не глядзіць.

2-я Р У С А Л К А. Мы яго баімся.

В А Ў К А Л А К. Такія харошанькія – і такія палахлівыя...

Л Я С У Н. Без флірту, калі ласка. У нас тут сход, а не вечарынка.

 

Паказваецца Чараўніца — сярэдніх гадоў жанчына, апранутая па модзе пачатку XX стагоддзя. Ваўкалак адварочваецца, хавае твар.

 

Ч А Р А Ў Н І Ц А. Добрай ночы, Панове. Я не спазнілася?

Л Я С У Н. Вітаю. Будзем пачынаць?

Д А М А В І К.А дзе наш брат Вадзянік?

Л Я С У Н (русалкам). Дзе ваш гаспадар, паненкі?

2-я Р У С А Л К А. Не ведаем. Ён нам справаздачу не дае.

Ч А Р А Ў Н І Ц А (падышла да Ваўкалака, ціха.) Прывітанне, сусед. Чаго не прызнаеш?

В А Ў К А Л А К. А ты мяне як пазнала?

Ч А Р А Ў Н І Ц А. Па мордзе. Жартую. (Спачувальна) I даўно гэта з табой?

В А Ў К А Л А К. А як падрос, так і пачаў перакідвацца. Дзед у мяне, кажуць, такім быў. I мне перадалося.

 Ч А РА ЎН І Ц А. Закляцце такое, ці што?

В А Ў К А Л А К. А ліха яго ведае. Адно добра, што толькі раз у год, на Купалле...

 

Чуваць плёскат вады, з боку возера клыпае В а д з я н і к.

 

  Л Я С У Н. Вітаю, братка!

 

Вадзянік абдымае Лесуна, потым Дамавіка.

 

Рэдка бачыць цябе сталі...

В А Д 3 Я Н І К. Мне паветрыкі перадалі позна, ды і здароўе падводзіць... Як жывём, як маемся? Падчас іх гаворкі ціха прыйшла З д а н ь  у белым, прымасцілася бліжэй да русалак. Усе размяшчаюцца кругам хто на пні, хто на вываратні, хто проста на траве.

1-я Р У С А Л К А (2-й, паказваючы на Здань). А тэта хто?

2-я Р УС А Л К А (1-й, шэптам). Пасля раскажу.

Л Я С У Н. Пачынаем сход лясных, вадзяных, паветраных духаў і ўсіх, хто да нас набліжаны. Да ведама панства: маім рашэннем злыя духі не дапушчаны. Маю на ўвазе халеру, ліхаманку, нежыць і астатніх.      

В А Д З Я Н І К А чаму?

Л Я С У Н. Небяспечна. Могуць парушыць баланс дабра і зла.

2-я   Р У С А Л К А. Паважаны старшыня, наколькі нам вядома, дабра ў свеце і так болей. Пра які баланс вы гаворыце?

Л Я С У Н. Дыспут адкладзём да лепшых часоў. Не дапуш­чаны значыць не дапушчаны. Хто «за»?

 

Галасуюпь усе, акрамя 2-й русалкі. 1-я то падніме руку, то апусціць.

 

2-я   Р У С А Л К А (1-й). Ды не мучся ты. Усё роўна іх большасць.

Л Я С У Н. А сабраліся мы вось з якой нагоды. На нашай зямлі ўзрастае вялікі, рэдкі талент. Незвычайны, можна сказацъ. Ім будзе ганарыцца не адно пакаленне тутэйшага народа, яго імя будзе ведаць цэлы свет.

 Ч А РА Ў Н І Ц А. А хто яго бацькі?

Л Я С У Н. Звычайныя людзі. Вось толькі нарадзіўся ён у час летняга сонцастаяння, калі зацвітае папараць. Сама прырода, здаецца, дала яму веліч і моц духу. Можа таму гэты юнак і ўзяў сабе імя гэтага свята?

В А Ў К А Л А К. Выходзіць, у яго сёння дзень нараджэння?

Л Я С У Н. Так. (Урачыста.) Мы павінны ў гэты дзень зрабіць юнаку падарункі. Якія будуць прапановы?

Д А М А В I К. Падумацъ трэба... ( Чухае патыліцу.)

1-я Р У С А Л К А. Гэтым мужчынам так цяжка выбіраць падарункі... Ніколі не ўгодзіш.

В А Д 3 Я Н I К. Можна падумаць, што вам угодзіш!

Ч А Р А Ў Н І Ц А. Дазвольце... (Паднімаецца.) Мяне лічаць чараўніцай, хоць я болей лекарка. Ну, сёе-тое магу... На картах магу кінуць, адваражыць, прываражыць...

Л Я С У Н. Карацей, калі ласка. Рэгламент.

Ч А РА Ў Н I Ц А. Па роду дзейнасці мне даводзілася сустракацца з паэтамі. Дакладаей, яны да мяне звярталіся. I я добра ведаю, што паэтам даспадобы ўсё таемнае, рамантычнае, незвычайнае... Таму я прапаную дарыць у асноўным духоўнае. Яно больш трывалае і не паддаецца тленню.

2-я Р У С А Л К А. Духоўнасць – паняцце эфемернае. I кожны яго разумее па-свойму.

1-я Р У С А Л К А. Я і зусім не разумею.

2-я (з’едліва). Затое ты разбіраешся ў грабянях.

 

Здань пачынае разгойдвацца і ціха плакаць.

 

В А Ў К А Л А К. Што з ёй?

Ч А РА Ў Н I Ц А. Хлопец пакрыўдзіў. (Здані.) Хадзі сюды, дзіця маё, я цябе пашкадую. (Абдымае яе.)

Л Я С У Н. Панове, хацелася б больш канкрэтна...

2-я Р УС А Л К А. Я хачу сказаць! (Паднімаецца.) Мы доўга ду­малі і вырашылі: навучым юнака спяваць прыгожыя песні, бо без песень у чалавека чарсцвее душа.

1-я Р У С А Л К А. Ён і пра нас, русалак, песню складзе, і назаве яе «Адвечная песня».

Л Я С У Н. Малайчынкі, хораша прыдумалі!

В АД 3 Я Н I К. Мая школа...

Д А М А В І К. А я падару яму «Жалейку». Струмант хоць і про­сты, але ўмее людзям вочы адкрываць чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.

Л Я С У Н. Хто наступны?

В А Д З Я Н І К. Мая чарга. (З цяжкасцю устае.) Ой, раматус ад вільгаці... Дык вось, я дам яму «Гуслі». Няхай ён апявае былую славу свайго народа. Няхай закідвае яму ў сэрца жаданне заняць пачэснае месца між славянамі.

 

У небе заміргала Зорка.

 

Ч А РА Ў Н I Ц А. Зірніце, і зорка хоча сказаць!

В А Ў К А Л А К. Якая яшчэ зорка?

 

Усе ўзіраюцца ў неба.

 Л Я С У Н. А зорак мы не запрашалі.

2-я  Р У С А Л К А. Спадары, давайце не будзем фармалістамі – дадзім праявіцца касмічнай мудрасці.

Л Я С У Н. Ну няхай, толькі коратка.

З О Р К А. Сама я з сузоря Плеядаў. Многа душ адсюль прыйшло на планету Зямля. Я даўно сачу за юнаком. І вырашыла, што пайду з ім шляхам жыцця і буду асвятляць дарогу, каб яму лягчэй было прабівацца. Ён убачыць «Раскіданае гняздо» сваёй Айчыны і раскажа аб ім людзям. Калі ён прыстане, я пакладу яго спаць на кургане і навею яму чароўны «Сон на кургане». У дарозе ж ён спаткаецца з мілаю Паўлінкаю і расказам аб ёй людзей падвесяліць.

 

Русалкі і Здань дружна запляскалі.

 

Л Я С У Н. За такі шчодры падарунак юнак будзе ўдзячны. (Азірае сход.) Хто яшчэ?

З Д А Н Ь (нясмела паднімае руку). Можна мне?

Л Я С У Н (не зважаючы). Падарункаў многа не бывае... Ну, хто не гаварыў? (Ваўкалаку.) Ты, шэры?

1-я Р У С А Л К А. Дайце слова Здані!

2-я Р У С А Л К А. Мы пратэстуем! Жанчыне не даюць слова!

В А Д З Я Н І К. Няма паратунку ад гэтых феміністак...

В А Ў К А Л А К (устае.) Для тых, хто не ведае: я Ваўкалак, па-іншаму пярэварацень. Большую частку года жыву як усе: зямлю ару, жыта сею... У мяне крэпкія, гонкія ногі. Я пішу імі па зямлі сотні, тысячы вёрст. Я занясу на край свету яго песні і думкі. Я дам яму словы гневу і абурэння, каб трымцелі сэрцы тых, хто прадае сваю Айчьшу. Усё. (Сеў.)

 

Дамавік і Вадзянік пераглянуліся і запляскалі ў ладкі.

 

2-я Р У С А Л К А. Дзядулі, тут вам не канцэрт.

Д А М А В I К. Вам дык можна! (Вадзяніку.) Раздурыў ты іх, братка...

З Д А Н Ь (цягне руку, як у школе). Прашу слова!

Ч А Р А Ў Н І Ц А. Абавязкова дадуць, мілае дзіця! (Устае, урачыста.) Я дам яму голас вечавога звона, каб гучаў па ўсім краі і далёка за яго межамі. Я саўю вянкі яго вершам і паэмам з ранішніх рос і сяміколерных вясёлак.

Л Я С У Н. Во якія цудоўныя падарункі! (Здані.) Мы слухаем цябе, дзяўчынка.

1-а Р У С А Л К А. Яна новенькая, няхай пра сябе раскажа.

Л Я С У Н. Толькі коратка.

З Д А Н Ь. Мая гісторыя вельмі сумная, я не хачу ёю псаваць ваша свята.

В А Ў К А Л А К. Скажы хто. Я адпомшчу.

З Д А Н Ь. Сярод людзей бываюць нелюдзі, з гэтым нічога не паробіш. Але я памерла, дараваўшы, аддала нябёсам сваю крыўду і сваю бяду. Таму, шэры, помсціць за мяне не трэба.

В А Ў К А Л А К. Не люблю я гэтай бесхрыбетнасці! Даравала яна! Калі ўсе будзем злу паддавацца...

З Д А Н Ь.А я не паддавалася.

Ч А РА Ў Н I Ц А. Яна проста праблему адпусціла.

Л Я С У Н. Зноў дыспут! Калі ласка, бліжэй да тэмы.

З Д А Н Ь. Я... Мне... (Паўза.) Не асмельваюся. Маё слова можа вам не спадабацца.

2-я Р УС А Л К А. А не павінны мы нікому падабацца! Кажы

З Д А Н Ь. Слаўнае, але нядоўгае жыццё будзе ў гэтага паэта. Таму я дам яму клапатлівую жонку і шчаслівае сямейнае жыццё.

Р У С А Л К I (разам). Як? Ён мала пражыве? Мы не верым!

Ч А РА Ў Н Н І Ц А. Праўда, праўда... I я тое ж бачу.

В А Ў К А Л А К. І што, нічога нельга зрабіць?

Л Я С У Н. Лес на храмым кані не абедзеш, як кажуць людзі...

Д А М А В I К (Лесуну). А сам ты, братка, што дасі імянінніку?

Л Я С У Н. Я загадаю сваім пушчам-лясам адкрыць яму свае таямніцы, а дубам-асілкам – падзяліцца сваёй векавечнай мудрасцю. I юнак пакіне народу сваю вялікую «Спадчыну».

1-я Р УС А Л К А. А я не ўцяміла, як жа яго завуць таго таленавітага хлопца?

2-я Р У С А Л К А (убок, уздыхаючы). Цяжківы падак...

Л Я С У Н. Завуць яго вельмі проста. Можа, скажа зала? Як заву­ць гэтага паэта?

З А Л А. Купала!

Л Я С У Н. Во якія разумныя, якія начытаныя... А цяпер бласлаўляем вас усіх... і хочам з вамі развітацца.

Ч А РА Ў Н I Ц А. Развітацца?

Р У С А Л К I (пераглянуўшыся). Назусім?

Л Я С У Н. Мы, духі, не вечныя на Зямлі. Блізка час, калі мы пач­нём па адным адыходзіць. Памятайце, што мы былі.

 

Яны ўстаюць, бяруцца за рукі і нізка кланяюцца

 

Перад намі разгортваюцца старонкі, дзе вялікімі літарамі напісаны назвы

паэтавых кніг.

 

ЗАСЛОНА

 

 

Крыніца: Дарункі добрых духаў. Мінск: Чатыры чвэрці. Укладальнікі: Г.А. Каржанеўская, І.П. Скрыпка. 2007. – 120 с.

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ