Плещеницы.by


КАРЖАНЕЎСКАЯ Галіна Анатолеўна беларуская паэтэса, журналістка, драматург. Нарадзілася 27.8.1950 г. у в. Лясішча Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыла БДУ (1973).

У в. Янушкавічы Лагойскага раёна прыехала падлеткам (бацьку накіравалі ў аднайменны саўгас дырэктарам). Недзе з сёмага класа пачала пісаць вершы. Настаўніца беларускай мовы В.М. Жардэцкая разгледзела ў дзяўчынкі парасткі літаратурных здольнас­цей і сама паслала яе вершы ў раённую газету «Ленінскі сцяг». З лёгкай рукі галоўнага рэдактара Б. Сасноўскага неўзабаве яны з’явіліся ў друку. Першая публікацыя ў «Маладосці» прыпадае на 1967 г., гэта значыць – аўтару было семнаццаць. Тады яна становіцца ўдзельнікам рэспубліканскага семінара маладых паэтаў у Каралішчавічах, на яе вершы звярнулі ўвагу крытыкі.

Пасля заканчэння Янушкавіцкай сярэдняй школы паступіла на філфак БДУ і, перавёўшыся на завочнае аддзяленне ў сувязі з нараджэннем дачкі, настаўнічала ў роднай школе. Янушкавічам прысвечаны вершы, дзе ёсць такія радкі:

 

Жыцця непрадугледжаныя змены,

Зусім не палічыўшыся са мной,

Мяне забралі з вёскі, дзе марэнны

Узгорачак

здаўна завуць гарой.

 

Там мары нашы стрэліся – і разам

Пайшлі ў свет, у неабсяжны свет...

Стаіць гара – хай не раўня Каўказу,

Высокая, як матчын запавет.

 

Юнацкія ўражанні, звязаныя з гэтай вёскай, з першым каханнем ляглі ў аснову першай   паэтычнай   кнігі   «На   мове   шчасця» (1973), а пасля не раз адгукаліся ў іншых зборніках. Згадаем хаця б «Быль пра бабку Паўліну» – стрыманы і адначасна шчымлівы расповяд пра вясковую жанчыну, на плячах якой трымаецца не толькі гаспадарка, a i ўвесь мацярык традыцыйнай культуры і ма­ралі.

Успаміны пра дзяцінства самой паэткі і яе блізкіх сталі таксама матэрыялам для кнігі апавяданняў «Дзе ты, Боця?» (1993).

«Жыцця непрадугледжаныя змены» закінулі маладую настаўніцу не так далёка у мястэчка Плешчаніцы таго ж раёна. У Плешчаніцкай СШ №1 яна выкладала родную мову і літаратуру. Па матывах настаўніцкай працы напісана аднаактовая п’еса «Зуб мудрасці» і многа вершаў (зборнікі «Жыла-была», «Званы гадоў»). Менавіта там адбывалася грамадзянскае станаўленне паэткі: яна пачынае пісаць нарысы, у якіх узнімаюцца і асэнсоўваюцца няпростыя пытанні жыцця, займаецца грамадскай работай. Нізкі вершаў і нататкі з’яўляюцца ў газеце «Літаратура і мастацтва». Іх аўтар і думаць не магла, што праз дзесятак гадоў стане супрацоўніцай штотыднёвіка, узначаліць аддзел літаратурнай крытыкі, праявіць сябе як публіцыст і культуролаг, сама пачне весці семінары маладых.

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 345

 

 

Вершы

 

П’еса. Дарункі добрых духаў [2007]

 

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ