Плещеницы.by


Населенные пункты

Востраў 1-ы (Задор’еўскі с/с)

Учащиеся Завишинской средней общеобразовательной школы, Логойского района, мечтают в новом учебном году жить по-новому. Ходить на уроки с удовольствием, что бы на уроках использовались новые технологии, мультимедийные презентации на компьютерах… это же так просто и так интересно! Но проблема в том, что учителя Завишинской школы – пенсионеры, их прогресс самообразования в сфере современных технологий остановился ещё 20 лет назад, некоторые просто не знают, как работать на компьютере, и вообще, что это за «чудо-юдо»...

 

Губа

 

У пошуках вёскі Губа, якая згубілася паміж лясоў і балот, мы праблукалі не адзін час. Паездзіўшы крыху па лесе, спыніліся на ўскрайку Далькавіч, каб спытаць у каго-небудзь дарогу.

З крайняй хаты да нас выйшаў малады мужчына, нечым падобны на сучаснага “ляснога чалавека”. Высокі і статны, доўгія валасы сабраны ў пучок, акуратна стрыжаная барада і вусы, з-пад бейсболкі пранізліва пазіраюць ясныя вочы.

Губу шукаеце? – пытаннем на пытанне адказаў мужчына. Самі вы яе не знойдзеце, але, калі жадаеце, магу паказаць вам гэту вёску.
Ужо ў машыне мы пачулі аповед Алега Сцяпанавіча. Дарэчы, вельмі цікавы:

Вы не ведаеце, чаму вёску называюць менавіта вёскай? Ад старажытнаславянскага «весь». Яна ў многім адрозніваецца, напрыклад, ад сяла ці хутара. Хаця апошнім часам гэтыя паняцці атаясамліваюць. Вось Губа – тыповая вёска. Чаму? Складаецца з дзесятка – нават больш сядзіб, якія ў сваю чаргу таксама ўяўляюць сабой цэлы комплекс пабудоў. Ну вось мы і прыехалі. Хадзёмце, спачатку я пакажу вам вясковую вуліцу.

 …Магчыма, калісьці гэта была сапраўдная вуліца. Напэўна, па ёй ездзілі падводы, хадзілі людзі. Зараз гэта – амаль нябачная дарога, парослая ў чалавечы рост травой. Наш гід ступае шырокімі крокамі, так, што мы ледзь паспяваем за ім.

Па ходу тлумачыць: Амаль на кожнай сядзібе тут быў калодзеж, але, на жаль, захаваўся толькі адзін. Акуратна! Не саступіце ў яго!

Глыбокую-глыбокую (так, што дна не відаць) “дзірку” ў зямлі цяжка заўважыць сярод высокай густой травы. Па словах Алега, у ім яшчэ ёсць вадзіца, і нават вельмі чыстая і смачная.

– Звярніце ўвагу на крыж, – працягваў тым часам мужчына. – Па сведчанні старажылаў, каля яго хрысцілі немаўлятак.

Напэўна, мы знаходзіліся ў той момант у цэнтры вёскі: ад крыжа ў трох напрамках ідуць вуліцы. Сам культавы знак размешчаны на невялікім узвышшы, ад чаго здаецца яшчэ больш велічным. Падымаемся да яго – на дубовым дрэўцы прымацавана невялічкае алавянае распяцце…

А ці можна зайсці ў хату?

Зараз паспрабуем. Сюды лепш прыязджаць вясной, калі ўсё яшчэ не такое зарослае.

І ўсё ж мы змаглі прабрацца праз “дрымучы лес” да сядзібы. На ёй угадваецца цэлы комплекс пабудоў, пра які наш спадарожнік распавядаў у самым пачатку шляху. Гэта ўласна дом, клець, свіран, варыўня, склеп, павець, адрына для сена, гумно, хлеў, студня.

Заходзім у хату. Яна мае не зусім прывабны выгляд, усе больш-менш каштоўныя рэчы расцягнуты, але, маючы такія-сякія веды, няцяжка ўявіць сабе, як тут жылі.

 

 

 

Высокі парог і нізкія дзверы спрыялі ў зімовы час захаванню цяпла. Дзверы зроблены з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнёздах – на бегунах. Невялікія валакавыя акенцы зачыняліся (“завалакваліся”) на ноч драўлянай засаўкай. Печ размешчана справа ад уваходу.
Каля дзвярэй — “бабін кут”, дзе, напэўна, стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – вёдры, даёнка, апалушкі, сальніца, бельчык.

 

 

 

Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, — каневы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста. Пад столлю ўздоўж сцен замацаваны дзве паралельныя жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва. Цікава, што ў хаце дагэтуль захаваліся два матавілы, на якія наматаны яшчэ даволі моцны лён.

Ніжэй вокнаў уздоўж сцен – шырокія лавы.

 

 

 

– Яны служылі гаспадарам больш за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй, — распавядаў наш новы знаёмы. – І нават у час наваселля ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую.

А вось і «красны кут» – найбольш шаноўнае месца ў хаце. Тут развешвалі убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі) абразы (зразумела, што ў пакінутым доме іх ужо не засталося), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў.
У «красным куце» стаяў стол. І калі заплюшчыць вочы, можна «ўбачыць», як за абедам у будні дзень з яго здымалі абрус, і ўся сям’я садзілася, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям’і.

У сённяшні час мяне вярнуў голас калегі:

Цікава, а на паддашку што-небудзь захавалася?

– Зараз паглядзім, – адказаў Алег.

У імгненне вока з’явілася лесвіца, і праз некаторы час мы ўжо перабіралі гаспадарчы скарб. Перш за ўсё ўвагу прыцягнуў агромісты куфар з кованымі вугламі і вялікім замком. Крыху намаганняў і мужчына адкрыў яго. Фантазія адразу намалявала выразныя карціны: тут некалі захоўваліся ўборы гаспадыні, а, магчыма, і вясельны пасаг… Але, прыгледзеўшыся, мы зразумелі, што гэта скрыня з-пад зерня. Яшчэ ў кутку засталіся крупінкі…

 

 

 

Крыху абследаваўшы вышкі, знаходзім іншыя гаспадарчыя прылады. Драўляны падпятак (для вырабу ці рамонту абутку), маслабойка, дэкаратыўныя керасінавыя лямпы. Такія былі толькі ў заможных сялян. Цікавасць выклікаюць элементы калаўроту з мастацкай разьбой, амаль цэлая качарка, старажытны рубанак, выраблены без адзінага цвіка, выдзеўбленая з камля сасны бочка.
“Падарожжа” па хаце і паддашку склала пэўнае ўяўленне аб гаспадарах сядзібы, але, каб партрэт атрымаўся больш поўным, Алег прапанаваў зазірнуць яшчэ ў хлеў.

 

 

 

Бацюхна! Такога я ніколі не бачыла! Па-першае, столь, складзеная са шматлікіх галінак і сукоў. А потым сам хлеў. Ён падзелены на тры часткі. У адной з іх, пэўна, стаяла карова. У сцяне яшчэ засталіся кольцы для прывязвання скаціны. У другой частцы ўтрымліваліся свінні – яна падзелена на катухі, у якіх там-сям засталіся выдзеўбленыя карыты. Далей куросадні, гнёзды, карытцы для зерня нам расказалі пра сваіх насельнікаў.

Тут жа мы знайшлі мялку для лёну і драўляную саху.

– Вось, пабачце, – распавядаў наш гід, – на гэтыя “вушы” мацаваліся металічныя нарогі і так аралася зямля. Па зношанасці прылады можна меркаваць, што ў гаспадароў быў даволі вялікі зямельны надзел.

Цяпер можна больш-менш дакладна сказаць, што за сям’я жыла ў гэтай хаце. Хутчэй за ўсё заможныя, працавітыя людзі, якія ўтрымлівалі вялікую гаспадарку, займаліся рамяством і ткацтвам, гадавалі дзетак.

Цікава, а ці засталіся ў іх якія нашчадкі?..

І на гэтае, здавалася б, рытарычнае пытанне ў Алега знайшоўся адказ:
– Наколькі мне вядома, у сталіцы жыве жанчына, якая мае непасрэднае дачыненне да гэтай сядзібы…

Падчас дарогі на “вялікую зямлю” мясцовы краязнаўца яшчэ шмат расказваў пра скарбы зямлі беларускай.

— Вы толькі, калі ласка, адны сюды не прыязджайце. Гэта небяспечна… – папярэдзіў ён.

І толькі калі мы паабяцалі, што не будзем рызыкаваць, супакоіўся. А на развітанне, на памяць аб цікавым падарожжы, падарыў нам бочачку пад медавуху…

Аўтар: Ірына Станкевіч

 

Крыніца: лагойская раённая газета “Родны край” за жнівень 2009 г. Фотаздымкі ўзяты з рэніянальнага інтэрнет-партала Logoysk.by

 

 

ПЛЕШЧАНІЦЫ

 

Гарадскі пасёлак, цэнтр саўгаса “Плешчаніцкі”. За 27 км на поўнач ад Лагойска, 67 км ад Мінска, на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барыcaў – Вілейка і Мінск – Віцебск.

Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім павеце Вялікага княства Літоўскага. У руска-польскуго вайну 1654-67 гг. у ваколіцах Плешчаніц у 1656-57 гг. руйнаваў шляхецкія маёнткі атрад беларускіх сялян Дзяніса Мурашкі. З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка (50 дамоў), цэнтр воласці ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У Айчынную вайну 1812 г. пры адступленні французскай арміі рускі атрад генерала Чапліца каля Плешчаніц 19 лістапада разбіў авангард 9-га французскага корпуса Віктора. Захапіў 6 гармат і больш за 1400 пaлонных.

Мястэчка належала графам Тышкевічам, што пабудавалі (1817 г.) тут царкву, стварылі прыгонны тэатр, які дзейнічаў у 1825-35 гг. і быў шырока вядомы. Жыхары мястэчка займаліся дробным гандлем, вырабам драўлянага посуду, цвікоў, лыжак і інш. Тут былі школа, сінагога, вінакурны за­вод, 5 крам, 2 піцейныя двары, кожны аўторак працаваў рынак, 2 разы на год адбываліся кірмашы. У 1882 г. заснавана фабрыка шавецкіх капылоў, у 1895 г. на ёй устаноўлена паравая машына (106 рабочых), пазней пача­ла працаваць фабрыка шавецкіх гваздоў (38 рабочых у 1904 г.). Паводле перапісу 1897 года, у Плешчаніцах 1086 жыхароў; дзейнічалі паштова-тэлефоннае аддзяленне, аднакласнае народнае вучылішча.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. У гады Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў ваколіцах Плешчаніц супраць германскіх (1918 г.) і польскіх (1919-20 гг.) акупантаў змагаліся партызанскія атрады. З 17.7.1924 г. пасёлак, цэнтр раёна ў Барысаўскай, у 1927-30 гг.– у Мінскай акругах. У 1930 г. у Плешчаніцах 1740 жыхароў. Працавалі з 1929 г. электрастанцыя, млын, лесапільня і сукнавальня, у 1930 г. арцель па вырабу гонты, з 1933 г. МТС, арцель па здабычы жывіцы (80 ра­бочых). Выдавалася раённая газета “Барацьбіт за калектывізацыю” (з 1938 г. “Ленінец”). З 27.9.1938 г. Плешчаніцы – гарадскі пасёлак у Мінскай вобласці. У 1939 г. – 3,7 тысяч жыхароў. Дзейнічалі крухмальны і тарфяны заводы.

У Вялікую Айчыную вайну з чэрвеня 1941 г. да 1.7.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Барацьбу насельніцтва з ворагам узначальвалі падпольныя райкомы КП(б)Б (кастрычнік 1942 г. – 1.7.1944 г.) і ЛКСМБ (21.11.1942 г. – 1.7.1944 г.), якія базіраваліся ў партызанскай брыгадзе “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага. Выходзіла падпольная раённая газета “Ленінец”. У Плешчаніцах з 18.8.1941 г. да 5.11.1942 г. дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя (23 чалавекі) на чале з  П.I.  Адамовічам, якая з вясны 1942 г. трымала сувязь з партызанскім атрадам “Барацьба. З жніўня 1942 г. работу арганізацыі накіроўваў Барысаўскі падпольны міжрайком ЛКСМБ. Падпольшчыкі вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, паперу, звесткі пра  варожы  гарнізон, накіравалі на службу ў паліцыю і ўправу некалькі членаў арганізацыі, праз якіх мелі звесткі аб планах ворага. У ліпені 1942 г. падпольшчыкі арганізавалі ўцёкі вязняў з канцлагера, у лістападзе 1942 г. замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі  ўправу, разам з партызанамі падарвалі лесапільню, што вырабляла чыгуначныя шпалы. Пасля гэтых дыверсій большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. Ле­там 1943 г. атрад “Мсцівец” партызанскай брыгады “Народныя мсціўцы” правёў аперацыю “Фінансіст”, у выніку якой з Плешчаніцкага бан­ка з дапамогай касіра У.П. Багуцкага былі ўзяты 221 тысяча марак. Пaсля гэтага акупанты 3 месяцы не вы­давалі зарплату паліцэйскім. 17.8.1943 г. партызанская брыгада “Народ­ныя мсціўцы” разграміла Плешчаніцкі гарнізон. Былі знішчаны дзоты, будынкі паліцэйскай і раённай упраў, жандармерыі, банка, гараж, склады з гаручым, боепрыпасамі, прадуктамі, амуніцыяй і інш. Плешчаніцы вызвалены воінамі 35-й гвардзейскай танкавай брыгады пад камандаваннем генерал-маёра А.А. Асланава ва ўзаемадзеянні з партызанамі брыгад “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага і імя М.I. Калініна.

У Вялікую Айчынную вайну пасёлак быў разбураны. У 1947 г. Маскоўскімі планіровачнымі майстэрнямі распрацаваны генеральны план адбудовы. Аднак пасляваенныя ўмовы не спрыялі поўнай рэалізацыі генплана. У 1969 г. інстытут “Белдзяржпраект” распрацаваў новы генеральны план забудовы пасёлка з перспектывай да 2000 года.

Цэнтр сучаснага пасёлка   фарміруецца на скрыжаванні вуліц Леніна  і Вароўскага. Тут размешчаны  адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Комплекс устаноў грамадскага харчавання, гандлю і  бытавога абслугоўвання  склаўся з улікам створаных раней па вуліцы Леніна будынкаў уні­вермага, сталовай, кафэ-рэстарана. У гэтым жа раёне знаходзяцца культурна-асветныя ўстановы. Асноўная жылая забудова квартальная. Зона індывідуальнай сядзібнай забудовы ўздоўж вуліц Чырвонаармейскай і Дзяржынскага, у паўднёвай частцы вуліцы Вароўскага. Па вуліцы Савецкай мікрараён з 2-3-павярховай жылой забудовай. Паміж вуліцай Леніна і р. Малкай размешчаны  комплекс інтэрнатаў і дамоў для маласямейных. Асноўныя прамысловыя зоны сканцэнтраваны ва ўсходняй і заходняй частках пасёлка. Дзейнічаюць: комплекс прадпрыемстваў па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны і драўніны (торфапрадпрыемства “Чысцік”, сталярны цэх Лагойскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання), цэх Смалявіцкага завода жалезабетонных вырабаў, участак Мінскага малочнага камбіната, хлебазавод, крухмальны завод, камбінат бытавога абслугоўвання, лесанарыхтоўчае вытворчае аб’яднанне. Непадалёку ад пасёлка размешчаны асфаль­та-бетонны завод.

Працуюць 3 сярэднія. у т.л. школа-інтэрнат, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы і вочна-завочная школа рабочай моладзі, Дом піянераў і школьнікаў, 2 дашкольныя ўстановы, 2 масавыя бібліятэкі, 2 Да­мы культуры, бальніца, паліклініка. Нa ўскраіне пасёлка размешчана геафізічная абсерваторыя Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. Помнікі: У.I. Леніну, на брацкіх могілках савецкіх воінаў і партызан, ахвяр фашызму.

Зона адпачынку – на берагах Плешчаніцкага вадасховішча, пойма р. Малка, якая знаходзіцца ў кампазіцыйным адзінстве з галоўнай вуліцай – Леніна. У зялёную зону ўключаны вялікі лесапарк вакол вадасховішча. Прадугледжана стварэнне спартыўнай зоны з стадыёнам, Домам спорту.

 

Літ.: Волости и важнейшие селения Ев­ропейской России. В. 5. СПб., 1886; Рос­сия: Полное географическое описание нашего отечества. Т. 9. СПб., 1905; Памят­ная книжка Минской губернии на 1906 год. Мн., 1905; БССР: Эканоміка-статыстычны даведнік. – Мн., 1931; Хре­стоматия по русской военной истории. М., 1947, с. 315; Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1940; Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечествен­ной войны (1941-1944). Мн., 1975; Под­польные комсомольские органы Белорус­сии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944). Мн., 1976; Освобождение Белоруссии. 1944. 2 изд. Мн., 1974; Болбас М.Ф. Промышленность Бело­руссии. 1860-1900.Мн., 1978; Польскі С.А. Нарысы геаграфіі гарадоў Беларускай ССР (1917-1941 гг.).Мн., 1973; Жучкевич В.А. Малышев А.Я., Рогозин Н.Е. Города и села Белорус­ской ССР: Историко-географические очер­ки. – Мн., 1959; Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): Документы и материалы. Т. 2. Кн. 2. –  Мн., 1978.

 

Аўтары: М.I. Камінскі, А.М. Кулагін

 

Крыніца: Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кн. 1. Мн. 1987. – С. 256-257

 

 

Ліпкі

 

Вёска з прыгожай назвай Ліпкі вядома з 1795 года. Тады яна належала графам Тышкевічам і пераходзіла ад аднаго да другога ўладара. Мясцовыя жыхары былі шчырымі земляробамі. Аднак багаццем лічыліся не толькі палеткі, але і навакольныя лясы.

Вось чаму шукаць шчасце ў чужых мясцінах не было сэнсу, і маладыя заставалася побач з бацькамі. Бралі шлюбы, будаваліся. Тым больш, жыццё наладжвалася. У 1933 г. быў арганізаваны калгас, што дало магчымасць падняцца на ногі і беднякам. Напярэдадні Вялікай Айчыннай у 23 дварах пражывалі 253 вяскоўцы. Хіба маглі яны ведаць, што іх Ліпкі раздзеляць лёс Хатыні? Усе дамы былі знішчаны немцамі. Праўда, большасць насельнікаў уратавалася ў тутэйшых лясах і балотах.

Ведаеце, я потым усё жыццё не магла спакойна хадзіць па лесе, дзялілася пры сустрэчы А. Ф. Маслоўская (на здымку).

 

 

 

– Здавалася, што за кожным дрэвам хтосьці хаваецца, як было гэта ў вайну. І ўсё ж падчас апошняй блакады мне не пашанцавала: разам з іншымі равеснікамі трапіла ў рукі карнікаў, якія адправілі нас, падлеткаў, у Германію. У горадзе Штаблаку мы працавалі на заводзе. Жылі ў драўляным бараку, елі здохлых коней. Пасля вызвалення я вярнулася дамоў, дзе чакала расчараванне: на месцы былой вёскі засталося папялішча. Удваіх з матуляй мы начавалі на ферме. А калі мне прапанавалі работу ў леспрамгасе, адразу ж згадзілася, бо вельмі цяжка было.

Тады Алене Францаўне пашанцавала яшчэ і з мужам. Яе выбраннік аказаўся чалавекам надзвычай майстравым, які не толькі для сваёй сям’і дом пабудаваў, але і ледзьве не ўсе астатнія ў вёсцы.

Працавалі тады рук не пакладаючы, узгадвала бабуля. – Акрамя асноўнай работы ў кожнага на падворку невялічкая ферма была: каровы, коні, цяляты, свінаматкі з парасятамі, авечкі. Чаго толькі не трымалі, каб дзяцей на ногі падняць. І дабіліся свайго. У мяне цяпер двое сыноў і дачка ў Мінску жывуць, а яшчэ адна дачушка у Маскве. Усе яны жыццём задаволены. Мне шасцёра ўнукаў і трох праўнукаў падарылі. Малыя вельмі любяць бываць у Ліпках. Ім жа тут такое раздолле: свежае паветра, лес з грыбамі ды ягадамі, рэчка празрыстая.

Сама бабуля бачыць дрэнна, перанесла некалькі аперацый, мае першую групу інваліднасці на зроку. У 2001 годзе яна зламала ногу ў бядры, але знайшла ў сабе сілы падняцца з ложка.

Здаецца, няма такога выпрабавання, якое не пераадолеў бы чалавек, разважала 82-гадовая вяскоўка, трымаючы на руках свайго любімца – ката Маркіза. – Нельга толькі падаць духам. Ды і людзі добрыя заўсёды знойдуцца, дапамогуць.

Для Алены Францаўны такімі ў першую чаргу з’яўляюцца сацыяльны работнік і бліжэйшы сусед. Нібы ў пацверджанне, В. У. Паўловіч завітаў, каб паведаміць бабулі пра прыезд аўталаўкі.

Дзякуй, Віктар, за клопат, але на сёння ўсё ў мяне ёсць, паведаміла наша суразмоўца і для нас дадала: Абавязкова наведайцеся да гэтага чалавека, не пашкадуеце.

Мы скарысталіся парадай Алены Францаўны. Ды і як было абыйсці ўвагай гаспадара самага дыхтоўнага ў Ліпках дома. Як высветлілася, Віктар Уладзіміравіч – чалавек мясцовы .

  Увесь час працаваў на суседняй ферме, дзе і цяпер тэхнікам-асемянатарам завіхаецца яго жонка Святлана Сяргееўна. Старэйшы сын Ілля служыць дэсантнікам у Брэсце, чым бацькі вельмі ганарацца. Трэццякласнік Віталік з сястрычкаю першакласніцай кожны дзень выпраўляюццца ў Каменскую СШ, дзе і да вучобы, і да школьнага жыцця праяўляюць інтарэс.

Не менш радуемся мы поспехам яшчэ аднаго свайго выхаванца – Сяргея, падзяліўся падчас размовы мужчына. – Гэта мой пляменнік. З 7 гадоў ён з’яўляецца членам нашай сям’і. Цяпер у 10 класе вучыцца. Па гаспадарцы мне дапамагаць любіць.

Гледзечы на розныя хлеўчукі і мноства тэхнікі, не цяжка было здагадацца, што клапатлівым рукам на падвор’і спраў хапае.

Імкнемся, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі, працягваў аповед Віктар Уладзіміравіч. – Усе прадукты ў доме свежыя. Мая матуля, якая жыве разам з намі, гатуе смачныя абеды. У нас цёпла і ўтульна. Таму на сямейным савеце вырашылі падзяліцца тым, што маем, з абдзеленымі бацькоўскім клопатам дзеткамі. Чакаем на днях папаўнення яшчэ адным хлопчыкам і дзяўчынкаю. Хочацца, каб Ліпкі сталі іх домам. Зноў-такі вяселей будзе ў вёсцы ад дзіцячых галасоў. Калісьці яны не змаўкалі цэлы дзень, не так як цяпер.

Паштальён Н. А. Дашкевіч лічыць, што людзі тут заўсёды жылі працавітыя і дружныя:

 – Менавіта ў Ліпкі прывозілі ўдзельнікаў розных раённых семінараў, каб паказаць, як па-гападарску ставіліся вяскоўцы да сваёй малой радзімы: дамы рамантавалі, кветкі вырошчвалі, за парадкам на падвор’ях сачылі. На жаль, усё гэта ў мінулым. Цяпер пастаянных жыхароў можна пералічыць па пальцах. Праўда, улетку Ліпкі ажываюць за кошт дачнікаў і дзяцей, якія прыязджаюць сюды адпачыць і пучуць подых родных сцен, з якіх выйшлі ў жыццё.

 

Аўтар: Валянціна Корзун

Фота Л. Загорскага

 

Крыніца: лагойская раённая газета “Родны край” за ліпень 2009 г. Фотаздымкі ўзяты з рэніянальнага інтэрнет-партала Logoysk.by

 


Сайты Минска и БеларусиКаталог белорусских сайтовКаталог на interby.netЯндекс цитирования

Rambler's Top100Информер PR и ТИЦ